Магіла цешчы Купалы «ўпарадкаваная», помнік — знесены…

Аўтэнтычная гранітная пліта на магіле Эміліі Манэ, пастаўленая ейнай дачкой, жонкай Янкі Купалы, у 1922 годзе, знікла з Вайсковых могілак у Мінску. Зараз на яе месцы — цалкам новы помнік. Як так сталася?

Так магіла Эміліі Манэ выглядае зараз, фота П.Дзюсекава

Так магіла Эміліі Манэ выглядае зараз, фота П.Дзюсекава

Магіла Эміліі Манэ-Станкевіч — сапраўды важная памятка ў комплексе купалаўскіх мясцінаў. Эмілія была францужанкай, пародненай з сям’ёй мастака Клода Манэ, якая пераехала ў Беларусь ды выйшла замуж за Франца Станкевіча. Жывучы тут, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці і кажуць, што нават спраўна размаўляла па-беларуску.
Пасля смерці помнік на яе магіле паставіла жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна — яна ж і апекавалася пахаваннем наступныя некалькі дзясяткаў гадоў. Дарэчы, гэта быў адзіны франкамоўны помнік на мінскіх Вайсковых могілках.

Будзе новы, бо стары «аднаўляць бессэнсоўна»

Знікненне першым заўважыў мінскі экскурсавод і краязнавец Павел Дзюсекаў падчас адной з вандровак па Вайсковых могілак у траўні гэтага году. Павел вырашыў правесці сваё расследванне, звязацца са спецкамбінатам і адміністрацыяй могілак (структурамі, адказнымі за пахаванні), музеем Янкі Купалы і, у выніку, выйшаў на …Жанну Дапкюнас, унучатую пляменніцу класіка.

Так выглядаў аўтэнтычны помнік, пастаўлены жонкай Янкі Купалы, фота П.Дзюсекава

Так выглядаў аўтэнтычны помнік, пастаўлены жонкай Янкі Купалы, фота П.Дзюсекава

Апынулася, што Жанна Казіміраўна была ў курсе сітуацыі з заменай помніка. Стары помнік ад часу пачаў трушчыцца: з яго ў 1950-х нехта выдраў металічны крыж, а ў адтуліне з-пад яго пачала скоплівацца вада і разбураць камень. Пайшла трэшчына, помнік быў змацаваны абручамі…

Эмілія Манэ

Эмілія Манэ

Ніводная структура з тых, у якія звярталася па дапамогу Жанна Казіміраўна, з аднаўленнем не дапамагла, таму яна пайшла ў звычайную агенцыю, якія займаюцца афармленнем магілаў — там вырашылі паставіць цалкам новы помнік, маўляў, стары аднаўляць бессэнсоўна… Сказана — зроблена.

Арыгінальны камень ужо знішчаны…

Цяжка ў нечым вінаваціць Жанну Казіміраўну, якая сама некалі працавала дырэктарам музею Янкі Купалы, — тлумачыць Павел Дзюсекаў. — Гэта ж не малады чалавек, чаму яна мае займацца ўсім сама? Крыўдна, што за падобнымі помнікамі ў нас наогул ніхто не сочыць, таму яны паціху разбураюцца альбо замяняюцца на новыя аналагі. Але гэта ўжо не аўтэнтыка, а ўсяго толькі наваробы.


Што ж сталася са старым помнікам пасля замены на новы? Паколькі на Вайсковых могілках няма нейкіх адмысловых памяшканняў для захавання надмагілляў, найхутчэй — яго наўпрост адклалі ў агульную кучу для будаўнічага смецця, а пасля — вывезлі за межы горада. Паколькі сітуацыя мела месца яшчэ ў верасні 2017 году, прасачыць лёс аўтэнтычнага гранітнага каменю будзе складана. Найверагодней, ён ужо разбіты.

img_0360_1_logo.jpg

Сметніца для разбітых помнікаў на Вайсковых могілках, фота А.Сергеевіч Раней мы ўжо пісалі аб праблемах захавання старых помнікаў на Вайсковых могілках. Сімвалічна, што акурат сёння з’явілася навіна аб тым, што Генпракуратура ўзялася за мемарыяльныя пахаванні ў сталіцы. Пасля пракурорскай праверкі, структура ініцыявала прысваенне статуса гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання Усходнім, Татарскім і Вайсковым могілкам.