Не толькі яўрэі: як Халакост закрануў усё грамадства

Прабабуля хавала яўрэйскую сям’ю? Продкі жылі на тэрыторыі, якая зачышчалася вермахтам? А можа, нехта з блізкіх меў інваліднасць? Гэтыя, а таксама дзясяткі іншых прычын маглі стаць нагодай для пераследу нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны. У Мінску ўзгадалі ахвяр Халакосту і паказалі выставу, прысвечаную парушэнням правоў чалавека ў ваенныя гады.

Рыгор Абрамовіч

Рыгор Абрамовіч

Напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, які адзначаецца 27 студзеня, ля мемарыяла ахвярам Мінскага гета сабраліся прадстаўнікі яўрэйскіх арганізацый і дыпламаты розных краін.
Галоўны равін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іудаізма ў Беларусі Рыгор Абрамовіч нагадаў пра прывезеных сюды яўрэяў з краін Еўропы — не для таго, каб яны тут пасяліліся і жылі, а для таго, каб загінулі. Але праз гады на гэтым месцы, дзе ўсё яшчэ ляжаць мацэвы з колішніх яўрэйскіх могілак, паўстаў помнік аўтарства славутага скульптара і ў мінулым старшыні Саюза беларускіх яўрэйскіх абшчын і арганізацый Леаніда Левіна.
— Яўрэйская абшчына аднавілася, нягледзячы на загінулых і на перыяд ужо пасля вайны, калі закрываліся сінагогі, могілкі. І цырымонія, на якой мы з вамі прысутнічаем, нягледзячы на мокры снег і дождж, праходзіць тут ужо не першы і не апошні раз. Яна прымеркаваная да 27 студзеня — дня вызвалення лагера Асвенцым, і сведчыць пра непарушнасць памяці і пра доўг, які мы аддаем і шасці мільёнам загінулых яўрэяў, і дзясяткам мільёнаў загінулых у гады Другой сусветнай вайны, — зазначыў Рыгор Абрамовіч.
Надзвычайны і паўнамоцны пасол Ізраіля Алекс Гольдман-Шайман нагадаў, што ўпершыню Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста адзначаўся 15 гадоў таму, 27 студзеня 2006 года. Але ў многіх дзяржавах і раней існавалі свае памятныя даты, прысвечаныя гэтым трагічным падзеям.
— Спатрэбілася 60 гадоў пасля тых страшных падзей, каб на сусветным узроўні прыйшло ўсведамленне не толькі фашызму, але і вялізнай працы па захаванні памяці пра ахвяр Халакосту.
Ён нагадаў, што ў Беларусі было шмат Праведнікаў народаў свету, якія дапамагалі яўрэям, і памяць пра іх не павінна знікнуць. Таксама на нас ляжыць яшчэ адна адказнасць: вызваліць свет ад антысемітызму, нянавісці і ксенафобіі для будучых пакаленняў.

Прамаўляе Алекс Гольдман-Шайман

Прамаўляе Алекс Гольдман-Шайман


— Цяжка паверыць, але існуюць людзі і цэлыя дзяржавы, якія змяншаюць ці нават адмаўляюць існаванне Халакосту. Яны прапануюць бачанне сусветнай гісторыі, у якой катастрофы не было. Мы не можам моўчкі глядзець на гэта, бо маўчанне сёння вядзе да забыцця, а забыццё — да паўтарэння трагедыі заўтра, — сказаў пасол.
У сваю чаргу Апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч заклікаў усіх маліцца за тых, хто пацярпеў ва ўсім свеце і ў Беларусі, каб трагедыя Халакосту ніколі не паўтарылася, а таксама за мір, свабоду, салідарнасць і яднанне.

Ля мікрафона Антэ Ёзіч

Ля мікрафона Антэ Ёзіч

У памяць пра шэсць мільёнаў загінулых у гады Халакосту прадстаўнікі дыпламатычных місій і яўрэйскіх арганізацый запалілі шэсць свечак на меноры. Затым прагучала яўрэйскуая памінальная малітва — кадзіш. Напрыканцы цырымоніі дыпламаты ўсклалі кветкі да мемарыяла.


Пасля цырымоніі ахвотныя маглі наведаць Гістарычную майстэрнэ імя Леаніда Левіна, дзе ў гэтыя дні працуе мабільная выстава «(Не)забытыя ахвяры вайны». Выстава створаная Гістарычнай майстэрняй сумесна з Мінскім адукацыйным цэнтрам імя Ёханэса Раў і Беларускім архівам вуснай гісторыі. У ёй на прыкладзе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека паказаныя формы пераследу падчас вайны, а таксама асноўныя групы ахвяр нацызму.
— Выстава была створана яшчэ ўвосені і прымеркавана да выхаду нашага дыдактычнага дапаможніка «(Не)забытыя ахвяры вайны», — распавяла «Новаму Часу» кіраўніца Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян. — Яшчэ два гады таму мы пачалі працу над гэтым дапаможнікам. Мы зрабілі апытанне сярод настаўнікаў у пошуках таго, што б магло аб’яднаць усіх. І прыйшлі да таго, што ніхто яшчэ ў такой прызме не выкарыстоўваў Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Яна была створаная пасля вайны, па выніках аналізу нацысцкіх злачынстваў было выведзена, якія правы чалавека былі парушаныя. І мы вырашылі падысйці да праблемы ахвяр праз прызму формаў пераследу, якія былі падчас вайны.

Ірына Кашталян распавядае пра дапаможнік

Ірына Кашталян распавядае пра дапаможнік


Дапаможнік распрацаваны групай дыдактыкаў, гісторыкаў і дызайнераў, у ім выкарыстана шырокая колеравая гама, дзе кожны колер азначае пэўныя правы чалавека. У выданні падаюцца ў розных камбінацыях чалавечыя гісторыі і заданні.
— Напрыклад, тэма пазбаўлення маёмасці — мы бачым, што сюды падпадалі не толькі яўрэі, маёмасць забіралі і ў сялян на вёсках. Тэма вязняў сумлення — гэта і Праведнікі народаў свету, і тыя, каго пераследавалі па рэлігійных перакананнях, і тыя ж камуністы. Вось такія абсалютна розныя людзі могуць быць аб’яднаныя ў групы. І калі мы працуем па гэтым дапаможніку з моладдзю, мы прыходзім да таго, што праблема самаідэнтычнасці вельмі складаная. Падчас вайны кожны мог пацярпець абсалютна з розных прычын — ці ў тваёй сям’і былі яўрэі, ці ты быў уцекачом, — спектр вельмі шырокі. Халакост закрануў усё грамадства.

Дыдактычны дапаможнік

Дыдактычны дапаможнік

У дапаможніку выкарыстаныя прыклады з усёй Беларусі, улічаны і агульнаеўрапейскі кантэкст. Таксама ў ім прадстаўлены карткі з 50 біяграфіямі людзей, і на кожнай з іх колерам пазначана, пад якія віды пераследу яны трапілі.
— Вось такім чынам можна вяртаць імёны нашых ахвяр Халакоста. Бо праблема ў адукацыі ёсць: у падручніках гэты тэрмін з’явіўся толькі ў 2019 годзе, і тое ён не абавязковы для вывучэння, — зазначыла Ірына Кашталян.

Мабільная выстава ў Гістарычнай майстэрні
Выстава, якая размяшчаецца ў Гістарычнай майстэрні, — гэта своеасаблівы зрэз, абагульненне матэрыялу, прадстаўленага ў дапаможніку. Дарэчы, яе можна наведаць і анлайн. Таксама ў сеціве можна знайсці дыдактычны дапаможнік.