Небяспечныя сувязі: Алена Васілевіч і Астроўскія

Добра, што Юлія Астроўская выйшла замуж, добра, што памяняла прозвішча, і нават добра тое, што яе саслалі ў Расію. Хто ведае, як склаўся б яе лёс у БССР, дзе ейны брат, учарашні камуніст, у 1929 годзе быў залічаны ў нацыянал-фашысты?

Слуцкая гімназія. Пачатак XX ст.

Слуцкая гімназія. Пачатак XX ст.

Казіміра Астроўскага паўстынцы (жыхары вёскі Паўстынь Слуцкага раёна) называлі панам. І складвалася такое ўражанне, што ён быў тамтэйшым землеўладальнікам.

Пан Казімір і памёр у Паўстыні, і пахаваны на вясковых могілках. Тую магілу мне рупіла і рупіць наведаць зноў. Сярод іншых магіл яна вылучалася нізкай металёвай (пэўна, жалезнай ці сталёвай) агародкай...

Пан Казімір знакаміты хоць бы тым, што ягоным сынам быў Радаслаў Астроўскі, педагог, заснавальнік першай беларускай гімназіі (у 1917 годзе ў Слуцку), дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, аўтар, здаецца, першага беларускага навучальнага дапаможніка па астраноміі, палітычны дзеяч, намеснік Браніслава Тарашкевіча ў Беларускай Работніцка-Сялянскай Грамадзе, а ў вайну — прэзідэнт Беларускай цэнтральнай рады.

Нейк падумаўшы, што трэба ўсё ж з’ездзіць у Паўстынь, я згадаў адну размову з нашай пісьменніцай Аленай Сямёнаўнай Васілевіч. Яна між іншым сказала, што нехта з сям’і Астроўскіх быў яе хросным бацькам. Так мне запомнілася. Гэта, згадзіцеся, цікава... Ведама, у тым, што нехта з Астроўскіх хрысціў малую Алену Васілевіч, нічога дзіўнага няма, бо Алена Сямёнаўна па маці шляхцянка і жыла ў засценку Даманшчына (другая назва — Ліпнікі), што за тры вярсты ад Паўстыні. Калі адрозненне паміж шляхтай і мужыкамі адчувалася яшчэ і ў 1980-х, дык што казаць пра пачатак 1920-х? Мне хацелася высветліць, хто з Астроўскіх прамаўляў у царкве за маленькую дзяўчынку словы Сімвалу веры.

Была ў гэтым — факце хросту Алены Васілевіч чалавекам з роду Астроўскіх — і інтрыга. Я нават падумаў быў: Алене Васілевіч пашанцавала, што яна нарадзілася ў 1922-м, што чарговая хваля бальшавіцкага тэрору ў БССР пракацілася, калі ёй было 15–16 гадоў. Вядома, узрост быў ужо расстрэльны, і за небяспечныя сувязі, сувязі з «класавымі ворагамі», дзяўчына таксама магла трапіць пад каток, але непаўналетнніх тады арыштоўвалі, як правіла, услед за бацькамі. І ўсё ж сувязі, паўтаруся, былі небяспечныя, і апавядаць у сталінскім, нават у хрушчоўскім СССР пра тое, што ты маеш нейкае дачыненне да радні «таго самага» Астроўскага, было б вельмі і вельмі неабачліва.

З думкаю пра паездку ў Паўстынь я пайшоў да Алены Сямёнаўны. Вельмі рупіла мне даведацца, хто ж быў хросным у яе, дзе і як ён жыў.

Бог смяецца, або Сёе-тое з радаводаў

Не буду казаць пра атмасферу гутаркі з Аленай Сямёнаўнай і яе блізкімі. Сустрэліся людзі, якія ведаюць тую старану і лю­дзей тае стараны. Не цяперашніх людзей, а тых, што былі і што дажываюць веку.

Занатаваў я падчас тае сустрэчы, што насельніцтва Даманшчыны-Ліпнікоў складалі, па-тамтэйшаму кажучы, Няронскія, Бараны́, Балваны́ і Гурыны́. Гэтак «рыфмаваліся» прозвішчы Бараноўскіх, Балвановічаў і Гурыновічаў. Былі і людзі з падвойнымі прозвішчамі: Ждановіч-Гурыновіч ды Лебедзеў-Няронскі.

З тае гутаркі даведаўся я, што ў 1920-х у Паўстыні жылі дзве дачкі пана Казіміра Іванавіча і пані Эміліі Ільінiчны Астроўскіх: Юлія Казіміраўна і Марыя Казіміраўна.

Юлія Казіміраўна выйшла замуж за Пятра Фоціевіча Бараноўскага, якога акалічны люд зваў Петрусём Фотавым, а Марыя Казіміраўна стала жонкаю былога чырвонага партызана (гэта значыць, партызана, які ў 1919–1920 гадах змагаўся з польскімі акупантамі). Было ў таго партызана арыстакратычнае прозвішча — Сапега.

Калі пра Пятра Бараноўскага можна сказаць, што ён быў тамтэйшы шляхціч, дык пра Сапегу такой яснасці няма: невядома, адкуль ён з’явіўся ў Паўстыні.

Меркаваў я пасля гутаркі з Аленай Сямёнаўнай і яе блізкімі падацца ў Паўстынь, паглядзець на магілку пана Казіміра і нават сфатаграфаць яе (ведама, калі яна засталася). Але, як той казаў, чалавек плануе, а Бог смяецца, бо «мысли и дела он знает наперед». Перш адна, а потым другая хвароба, неабходнасць захоўваць дыету і рэжым, глытаць 12 таблетак на суткі не далі здзейсніцца майму плану. А ехаць позняй восенню ці зімой не выпадае: чамусьці мала хто вітае здымкі, зробленыя аб такой пары.

Не маючы мажлівасці вырвацца з Менску ў пару зеляніны ці залатой восені, я здолеў высветліць, што пан Казімір Астроўскі ў сціслым значэнні гэтага слова панам не быў. Мяркуючы па тым, што ён жыў то ў Слуцкім, то ў Пружанскім, то зноў у Слуцкім паветах (пры гэтым не ў адной і той самай мясцовасці Случчыны), я зрабіў выснову, што пан Астроўскі быў арандатарам.

Гэтую маю выснову пацвярджаюць дзве ёмістыя кнігі Дзмітрыя Дразда пра землеўладальнікаў Менскай губерні. Не значыцца пан Казімір Астроўскі сярод іх, і паўстынскія землі яму не належалі. А ўзяўшы пад увагу, што пан Астроўскі лічыўся мешчанінам горада Нясвіжа, я зрабіў выснову, што быў ён з «разабранай» шляхты: з тае шляхты, якая не змагла дакументальна пацвердзіць сваё шляхецтва і была пераведзена або ў заходнія аднадворцы, або ў казённыя мужыкі, або ў мяшчане. Падобны лёс напаткаў і продкаў Яна Луцэвіча — Янкі Купалы. Пераведзеныя ў мяшчане, Луцэвічы таксама жылі на арэндах, маючы субарандатараў і парабкаў. Ці меў субарандатараў пан Казімір Астроўскі, пакуль што пэўнасці няма.

Як яны жылі

Панна Юлія Астроўская, стаўшы пані Бараноўскай, ра­зам са сваім Петрусём Фоціевічам жыла на хутары Мілешава, што быў непадалёк ад засценка Кублішча (Кублішча — гэта па дарозе з Паўстыні ў Рабак; гля­дзіце на сучасных мапах, калі ад засценка нешта яшчэ засталося.)

Былі 1920-я гады. Новая эканамічная палітыка. Заклік Мікалая Бухарына «Абагачайцеся!». І заклік Аляксандра Чарвякова «Багацей, селянін, бо чым багацейшы ты, тым багацейшая наша краіна». Гэты час застаўся ў памяці слуцкіх сялян і шляхцічаў-земляробаў як час, калі яны былі гаспадарамі.

У Мілешаве Бараноўскія пабудавалі дом з высокім ганкам. У доме былі, што не магло не кінуцца ў вочы малой Алене Васілевіч, вялікі пакой і фарбаваная падлога, а абедзенны стол быў пакрыты блакітнай цыратай. Мелі Бараноўскія дзве каровы, авечак і кабылу з жарабём. Само сабой, у свінушніку рохкалі свінні. Зноў жа, Алене Васілевіч запомнілася, што елі Бараноўскія ды іх госці кожны са сваёй талеркі, а не з агульнай міскі, як тое было ў звычаі ў мужыкоў і ў шарачковай шляхты. А прасяную кашу пасыпа́лі цукрам, што таксама не магло не ўразіць.

А наведвала малая Алена дом Бараноўскіх таму, што Пётр Фоціевіч Бараноўскі, швагер Радаслава Астроўскага, быў ейным хросным бацькам.

9_radaslau_astrouski.jpg

Радаслаў Астроўскі

Што ж тычыцца Марыі Казіміраўны Астроўскай, цяпер ужо Сапегі, дык жыла яна ў Паўстыні, у самым канцы вёскі, у бок Барэцкага лесу. (Барэцкі лес таму, бо рос ён каля засценка Боркі.)

У доме Сапегаў Алене Васілевіч запомнілася зала з авальным сталом, вакол якога стаялі крэслы. А яшчэ ў зале было піяніна. І быў у доме дзіцячы пакой з дзіцячымі ложкамі і са сталом для лялек і цацак. Па тым часе ды для вёскі — раскоша.

А яшчэ што не магло не ўразіць, дык тое, што сёстры Астроўскія, калі выбіраліся ў Слуцак, мелі на галовах не хусткі, а капелюшы…

Іх лёсы

У пані Юліі і Пятра Бараноўскіх быў сын Жэня 1924 года нараджэння. І яшчэ дзве дзяўчынкі — дачушкі раскулачанай сястры Пятра Фоціевіча.

Не маглі бальшавікі не раскулачыць і Бараноўскіх. У рэшце рэшт яны трапілі ў Саратаў — горад, куды саслалі нямала беларусаў (дастаткова згадаць хоць бы Язэпа Дылу і Вацлава Ластоўскага). Юлія Казіміраўна выкладала ў Саратаве нямецкую мову (з гэтага мы робім выснову, што яна скончыла жаночую гімназію), а Пётр Фоціевіч працаваў рахункаводам. Сын, Жэня, паступіў у Саратаўскі ўніверсітэт, але вучобу перапыніла вайна. Аднаго дня бацькі́ атрымалі «пахаронку» на свайго сына, адпелі яго ў царкве, памянулі. І якая ж была іх радасць, калі стала вядома, што ён жывы.

Калі сын вярнуўся дадому, у яго, хто пабываў у нямецкім палоне, былі праблемы з аднаўленнем ва ўніверсітэце. І ўсё ж дыплом ён атрымаў і прадоўжыў вучобу ў аспірантуры пры Іванаўскім педагагічным інстытуце, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі. Як спецыяліст у галіне геаметрыі, загадваў адпаведнай кафедрай і быў прафесарам Іванаўскага ўніверсітэта. Каля яго, перабраўшыся з Саратава ў Іванава, дажывалі свайго веку Юлія і Пётр Бараноўскія. Па сабе прафесар Бараноўскі пакінуў сына і дачку.

Цяпер я думаю: добра, што Юлія Астроўская выйшла замуж, добра, што памяняла прозвішча, і нават добра тое, што яе саслалі ў Расію. Хто ведае, як склаўся б яе лёс у БССР, дзе ейны брат, учарашні камуніст, у 1929 годзе быў залічаны ў нацыянал-фашысты?

У панi Марыі Астроўскай, якая стала Марыяй Сапега, была дачка Віця, Вікторыя. Як і Бараноўскія, Сапегі таксама трапілі пад раскулачванне. Вядома, што па вайне яны жылi ў Алушце (Крым).

Нельга тут не згадаць Мікалая і Фядору Ждановічаў-Гурыновічаў. Мікалай Гурыновіч — гэта родны дзядзька Алены Васілевіч, брат ейнай маці, а Фядора — сястра Пятра Фоцiевіча Бараноўскага. Іх фотаздымак з 1911 года можна ўбачыць у кнігазбораўскім выданні выбраных твораў пісьменніцы. Былі Гурыновічы гаспадарамі сярэдняй заможнасці, кажучы бальшавіцкай мовай — моцнымі сераднякамі. Мелі сваю ваўначоску і дагледжаны сад. Гэта яны прытулілі Алену Васілевіч, калі памерла яе маці. Гэта пра Мікалая Гурыновіча напісана ў аповесці «Расці, Ганька»: «Цяпер Ганька жыве ў дзядзькі»…

Калі навісла пагроза раскулачвання, Мікалай Гурыновіч паспеў з’ехаць у Днепрапятроўск (цяпер горад Дняпро) на будаўніцтва мастоў. Ягоную жонку, Марфу, бальшавікі выгналі з хаты і неўзабавае кінулі ў слуцкую турму, а потым этапавалі ў Менск і, паводле афіцыйных дакументаў КДБ, расстралялі ў Курапатах.

І пытанні

Той, хто чытаў кнігу “Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакументах і ўспамінах”, мог не адзін раз сустрэць на яе старонках прозвішча Бараноўскі. Складальнікі і каментатары высветлілі, што Бараноўскі Алесь і Бараноўскі Андрэй паходзілі з Машчыцаў Слуцкага павета. Першага яны запісалі ў мужыкі, а другога – у шляхту. Можна меркаваць, што машчыцкія Бараноўскія былі сваякамі Бараноўскіх з Даманшчыны. На гэта паказвае хоць бы той факт, што на пачатку 1920-х выпускнік Віленскага настаўніцкага інстытута Алесь Бараноўскі працаваў у Ліпніках, вёў там культурна-асветніцкі гурток “Вясковая зорка”. Як “ворага народа”, бальшавікі расстралялі яго ў 1938-м.  

Ёсць і пытанні: хто такія, адкуль паходзілі Адам Бараноўскі, К. Бараноўскі і Фёдар Бараноўскі? А яшчэ адно пытанне такое. Мікалай Улашчык ва ўспамінах даволі часта згадваў свайго сябра, лекара Юзіка Бараноўскага, але не даў пра яго больш-менш вычарпальных біяграфічных звестак. Адкуль, з якой мясцовасці паходзіў гэты пакутнік за беларушчыну?

На гэтыя пытанні, хочацца думаць, адкажуць гісторыкі наступнай генерацыі.

***

У гэтым тэксце “па-за кадрам” застаўся сюжэт аб прыездзе ў Даманшчыну (Ліпнікі) на пачатку 1920-х гадоў Якуба Коласа. Але пра гэта я раскажу ў больш падрабязнай публікацыі пра пэўныя моманты ў жыцці народнага паэта.

Спадзяюся, гэты нарыс дае нейкае ўяўленне пра асяроддзе, у якім рабіла першыя крокі і ўваходзіла ў свядомае жыццё Алена Васілевіч.