Паўсюль шпіёны, тэрарысты, шкоднікі

Шкодніцкай і дыверсійнай дзейнасцю ў народнай гаспадарцы кіравалі, на думку следчых, былы старшыня СНК БССР Галадзед і яго намеснік Саакян. Акрамя агульнага кіраўніцтва шкодніцтвам, былі яшчэ кіраўнікі па розных галінах... Нічога не нагадвае?

Рэчы, знойдзеныя ў Курапатах

Рэчы, знойдзеныя ў Курапатах


Для Беларусі Вялікі тэрор быў асабліва страшны. У цяперашні час беларускія гісторыкі з рознай ступенню паўнаты і дакладнасці апісалі страты, панесеныя ў развіцці беларускай культуры, у рэлігійным развіцці, страты ваенных кадраў, у палітычнай сферы. Я паспрабую коратка расказаць, як праходзіў Вялікі тэрор у эканоміцы — што было яго галоўнымі прычынамі і асноўным рухавіком.
Гэта зусім не вызначаная тэма, у якой яшчэ не існуе ўстойлівых ацэнак. Уважлівы чытач, спадзяюся, пераканаецца: прычыны эканамічнага недаразвіцця, якія выклікалі рэпрэсіі, — тыя ж, што і зараз, і сам правядзе адпаведныя паралелі з сённяшнімі гучнымі судовымі працэсамі. Бо метады ліквідацыі недаразвіцця і хібаў развіцця аднолькавыя — і зараз, і ў 1937 годзе. Толькі рэпрэсіўныя захады сёння мякчэйшыя.


Добры цар і дрэнныя выканаўцы


У другой палове 1930-х гадоў барацьба за выкананне запісаных у рашэннях партыйных з’ездаў эканамічных паказчыкаў набыла новыя формы. Паводле звестак спецслужбаў, да верагодных ваенных дзеянняў абароназдольнасць і эканоміка СССР былі падрыхтаваныя горш за верагодных праціўнікаў, планы развіцця народнай гаспадаркі не выконваліся. І хаця ў тагачасных газетах пісалі адваротнае — аднак вышэйшае кіраўніцтва як СССР, так і БССР пра гэта было добра інфармаванае.
Пошук прычын невыканання планаў і эканамічнага недаразвіцця ажыццяўляўся, зыходзячы з выказанага Сталіным на з’ездзе ВКП(б) і да цяперашняга часу папулярнага ў вышэйшага кіраўніцтва Беларусі тэзіса: «Кадры вырашаюць усё». У дзеяннях кадраў кіравання і выканання сталі шукаць і знаходзіць тлумачэнні таму, што рэальны сацыялізм у СССР значна адрозніваўся ад тэарэтычнай мадэлі. Паколькі асновай афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі лічылася абсалютная падтрымка народам рашэнняў вышэйшых партыйных і дзяржаўных органаў, тыя, хто недастаткова актыўна дзейнічаў для ўвасаблення ў жыццё гэтых рашэнняў, аўтаматычна траплялі ў разрад «сацыяльна шкодных элементаў». Іх сталі называць па-новаму — ворагі народа.
Любыя дзеянні або бяздзейнасць не толькі службовых асобаў, але і шараговых работнікаў, калі яны прыводзілі да зрыву ці невыканання планаў, разглядаліся як палітычнае процідзеянне існуючаму ў БССР рэжыму на карысць буржуазных дзяржаў: пераважна Германіі, Польшчы і Японіі.
На ўзроўні разумення падзей простымі людзьмі такая схема ўспрымалася добра: усе, хто не выконвае рашэнні партыі, працуе нядобрасумленна, крадзе, — дзейнічаюць супраць савецкай улады, наносяць ёй шкоду, з’яўляюцца антысаветчыкамі і шкоднікамі.
Сталін выступаў абаронцам развіцця дабрабыту людзей, абаронцам савецкай дзяржавы, лічыўся — амаль афіцыйна — бацькам народа. І сёння, дарэчы, беларускія людзі кажуць: «Што можа зрабіць кіраўнік дзяржавы, калі вакол карупцыянеры і злодзеі?» І таксама паўафіцыйна называюць Лукашэнку «бацькам».

vystava_strachanyja_ablichchy_liava_1_logo_1_2.jpg


Тагачаснае тлумачэнне масавых арыштаў было наступным: дзеяннямі супраць савецкай улады шкоднікі дапамагаюць буржуазным дзяржавам аслабіць моц СССР-БССР і, у канчатковым выніку, знішчыць іх, стварыць на месцы БССР буржуазную рэспубліку. Шкоднікі і шпіёны маюць аднолькавыя задачы, аднолькавыя мэты і дзейнічаюць аднолькавымі сродкамі. Па вызначэнні, замацаванаму ў свядомасці савецкіх людзей з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і кіно, усе шпіёны з’яўляліся шкоднікамі. І наадварот: усе шкоднікі дзейнічалі ў інтарэсах замежных разведак — то бок, з’яўляліся шпіёнамі. Шпіёнаў, безумоўна, можна і трэба было расстрэльваць.
Важна адзначыць, што спецслужбы, як правіла, не знахо­дзілі існавання рэальнай разведвальнай агентуры і сувязяў з ёй беларускіх людзей. Дастатковым доказам антысавецкай шпіёнска-шкодніцкай дзейнасці з’яўлялася наяўнасць надзвычайных сітуацый, няшчасных выпадкаў, вытворчых траўмаў, невыкананне вытворчых планаў і заданняў, наяўнасць іншых падстаў, здольных выклікаць масавую незадаволенасць насельніцтва (зрыў забеспячэння таварамі першай неабходнасці, дэфіцыт і гэтак далей).
Як і сёння — толькі з меншым размахам — дзяржава прыцягнула да барацьбы з палітычнай апазіцыяй (у якой з’яўляліся досыць важкія аргументы, звязаныя ў цэлым з нізкім узроўнем жыцця насельніцтва) характэрнае для беларускага менталітэту асуджэнне гультаёў, злодзеяў, дармаедаў. Гэта дазваляла тады — і дазваляе зараз — стрымаць пратэстныя настроі ў грамадстве, накіраваць іх супраць палітычных апанентаў савецкай улады і мабілізаваць людзей на «ўдарную» працу. Цікава, што тагачасныя спецслужбы разглядалі палітычную апазіцыю як аб’яднаную, маючую агульныя мэты.


Афіцыйная версія рэпрэсій


Для юрыдычнага абгрунтавання масавых рэпрэсій была абрана мадэль існавання ў БССР добра арганізаванай і разгалінаванай нелегальнай антысавецкай арганізацыі. З-за таго, што ў першай палове 1930-х гадоў было «выкрыта» шмат розных саюзаў, цэнтраў, якім следчыя давалі тыя ці іншыя назвы, новую арганізацыю назвалі «аб’яднаным антысавецкім падполлем» (ААП).
Сваю працу па ліквідацыі гэтага падполля ў Беларусі НКУС БССР разгарнуў на аснове да­дзеных, атрыманых з Масквы ў сакрэтным лісце «Аб фашысцка-паўстанцкай, шпіёнскай, дыверсійнай, паражэнчай і тэрарыстычнай дзейнасці польскай выведкі ў СССР», накіраваным наркаму НКУС БССР 11 жніўня 1937 года.
Антысавецкае падполле, па версіі следчых НКУС, уяўляла сабой аб’яднанне своечасова не выяўленых чальцоў выкрытых раней контррэвалюцыйных арганізацый і завербаваных імі новых, якія аб’ядналі свае намаганні ў барацьбе супраць савецкай улады. Распрацоўваў і выкрываў падполле 4-ы аддзел УДБ НКУС БССР, кіраваў гэтай працай капітан дзяржбяспекі Васіль Ермалаеў, які раней працаваў начальнікам раённага аддзела НКУС у Лепелі.
Стварэнне антысавецкага падполля ў БССР, па канчатковай версіі следчых, выглядала наступным чынам:
Маўляў, у 1918–1920 гадах, у перыяд акупацыі Беларусі Германіяй і Польшчай, былі сабраны ў адну арганізацыю «нацыяналістычныя буржуазныя элементы», якія ў выпадку адступлення войскаў Пілсудскага павінны былі застацца на тэрыторыі БССР, захапіць кіруючыя пасады ў партыйных і савецкіх арганізацыях для вядзення контррэвалюцыйнай працы і звяржэння савецкай улады. Падчас белапольскай акупацыі была створаная польская паўстанцкая арганізацыя «Польская арганізацыя вайсковая» (ПАВ) пераважна сярод польскага насельніцтва. Цэнтрам антысавецкай дзейнасці падчас акупацыі з’яўляліся Беларуская Народная Рада і яе выканаўчы орган — Беларускі Нацыянальны Камітэт, які ўзначальвалі Прушынскі, Алесь Гарун, Ігнатоўскі і Алексеюк. З дапамогай агента польскай разведкі Шаранговіча былі разгромленыя беларускія партызанскія атрады, якія аказвалі супраціў белапалякам.
Пачатак арганізацыі антысавецкага падполля быў пакла­дзены стварэннем Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), якой кіраваў вядомы дзяржаўны дзеяч БССР Вацлаў Ігнатоўскі. У ліпені 1920 года польскія агенты Чарвякоў, Славінскі, Адамовіч і агент латвійскай выведкі Кнорын ўступілі ў КП(б)Б і «прыцягнулі» туды БКА. Сувязь з польскім Генштабам ажыццяўлялася праз гандлёвага прадстаўніка СССР у Празе Ульянава. Кадры для арганізатараў антысавецкай працы ў БССР рыхтавала Віленская гімназія, з якой у Ігнатоўскага была цесная сувязь. У 1925–1926 гадах была пастаўлена задача кансалідацыі беларускіх антысавецкіх сіл як унутры БССР, так і за мяжой. З гэтай мэтай у Інбелкульце ў Мінску ў 1926 годзе быў скліканы Сусветны Кангрэс беларусаў. У гэты час фармуецца нацдэмаўска-эсэраўская арганізацыя, у якую ўваходзяць пісьменнікі Жылуновіч, Чарот, Зарэцкі, накіраваныя ў камандзіроўку ў Берлін, Рыгу, Прагу і Парыж для сустрэчаў з лідарамі антысавецкай эміграцыі: Езавітавым і Пігулеўскім у Рызе, Грыбам у Празе, Цвікевічам, Зайцам і Паркулевічам у Берліне. Апошнія вярнуліся ў БССР у 1928–1929 гадах.

il._ncz_stranica_4_logo_1.jpg


У сваёй антысавецкай працы нацдэмы і эсэры блакаваліся са шматлікай бундаўскай арганізацыяй (кіраўнік Ашэровіч), якая таксама працавала па заданні польскіх разведвальных органаў. Габрэйскія і польскія секцыі ў КП(б)Б таксама з’яўляліся цэнтрамі шпіёнскай антысавецкай дзейнасці. У перыяд сацыялістычнай рэканструкцыі народнай гаспадаркі БССР (1927–1931) пачалася актыўная дыверсійна-шкодніцкая дзейнасць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у галіне культуры, у партыйным і савецкім апаратах. Задачай шкоднікаў было прыстасаванне эканомікі БССР да ўмоў Польшчы. Трацкісцкі блок сфармаваўся ў 1927 годзе пад кіраўніцтвам Гесена. Паміж ПАВ, нацдэмамі, эсэрамі, трацкістамі, правымі і бундаўцамі была ўсталяваная сувязь.
Беларускія нацдэмы і эсэры выступалі за стварэнне буйных хутарскіх гаспадарак і незалежную беларускую дзяржаву пад пратэктаратам Польшчы. Да іх шкодніцкай дзейнасці былі аднесеныя і хібы ў папярэдняй дзейнасці савецкіх уладаў — перасяленне часткі беззямельных сялян у маланаселеныя аддаленыя зямлі СССР, з-за чаго «беднаты сярод сялянства стала менш, а кулакоў больш». У галіне прамысловасці шкодніцтва выяўлялася ў нізкіх тэмпах будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў. У 1930–1931 гадах быў створаны адзіны антысавецкі цэнтр, арганізаваным пад кіраўніцтвам польскай, нямецкай і латвійскай выведкак. Аб’яднанне было «настолькі цесным, што часам цяжка адрозніць, дзе канчаецца трацкісцкае падполле і дзе пачынаецца нацыянал-фашысцкая ці правая арганізацыя», пісалі следчыя.
У верасні 1932 года, пасля выкрыцця нацдэмаў, фармуецца «трацкісцка-зіноўеўскі блок», які працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам Зіноўева і быў звязаны з Убарэвічам. Нацдэмаў і трацкістаў, на думку следчых, аб’ядноўвала тое, што ўсе яны былі «супраць партыйнага кіраўніцтва і супраць правадыра партыі Сталіна». Кіравалі трацкістамі Гікала, Рубінштэйн і Готфрыд. Прыблізна ў гэты ж час (1932–1933) адбываецца аб’яднанне нацдэмаў («нацфашистов») і «правых». Гуртом «правых» кіравалі старшыня СНК БССР Галадзед, які працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам Рыкава (старшыні СНК СССР), а таксама Васковіч і Хацкевіч, звязаныя з Бухарыным. Агульнай мэтай аб’яднаных «правых», «нацдэмаў» і «трацкістаў», на думку следчых, было стварэнне незалежнай («буфернай») беларускай дзяржавы, натуральна, пад пратэктаратам Польшчы і Германіі.


Няма мяжы фантазіі


У першапачатковай версіі (лета 1937) антысавецкае шпіёнска-шкодніцкае падполле мела з 1933 года адзіны кіруючы цэнтр, які быў звязаны са шкоднікамі ў Маскве, а таксама з польскімі і нямецкімі органамі выведкі. Сувязь з апошнімі ажыццяўлялася праз групу габрэйскіх пісьменнікаў, якія эмігравалі ў БССР. Пазней (лета 1938) склад антысавецкага шпіёнска-шкодніцкага падполля быў пашыраны. У канчатковай версіі падполле складалася з 6 самастойных груп («цэнтраў»), кіраўніцтва якімі дзейнічала сумесна і скаардынавана «з мэтай арганізацыі шкодніцкай дыверсійнай працы ў народнай гаспадарцы на ўсіх без выключэння ўчастках». Да выведак, на якія працавала падполле, дадаліся англійская Інтэліжэн-Сэрвіс (агент Гікала), літоўская Жвалгійс, проста амерыканская і японская выведкі.
Да 6 антысавецкіх шкодніцкіх шпіёнска-дыверсійных цэнтраў адносіліся арганізацыі: «правых», «бундаўска-сіянісцкая», «нацыянал-фашысцкая», «трацкісцка-тэрарыстычная», «эсэраўская» і «царкоўнікаў». У эканамічным шкодніцтве абвінавачваліся сябры ўсіх «арганізацый», акрамя «царкоўнікаў». «Трацкісцкая арганізацыя» (кіраўнікі Гікала, Рубінштэйн, Готфрыд) мела для шкодніцтва самыя вялікія магчымасці — яе «кадры» працавалі ў ЦК КП(б)Б, райвыканкамах, прамысловых наркаматах, у Наркамаце фінансаў, Саюзе пісьменнікаў, ЦК ЛКСМБ. «Трацкісты» працавалі па заданні англійскай выведкі, былі звязаныя з адпаведным маскоўскім цэнтрам. Дыверсійна-шкодніцкую работу «трацкістаў» ажыццяўлялі ў прамысловасці, у сельскай гаспадарцы, на транспарце і ў Чырвонай Арміі.
«Арганізацыя правых» (кіраўнікі — Галадзед, Валковіч, Хацкевіч) таксама мела сваіх прадстаўнікоў у савецкім, партыйным і гаспадарчым апаратах БССР. Але больш за ўсё іх было ў ЦВК, СНК, ЦК КП(б)Б, Дзяржплане, наркаматах земляробства, мясцовай прамысловасці, камунальнай гаспадаркі, лёгкай прамысловасці, лясной прамысловасці, гандлёвым апараце рэспублікі і ў кіраўніцтве прафсаюзнымі арганізацыямі.

il._ncz_stranica_3_logo_1.jpg


«Правыя» падрыўную дзейнасць ажыццяўлялі ў партыйным і савецкім апаратах, у сельскай гаспадарцы, у фінансавай сістэме. «Нацыянал-фашысцкая арганізацыя» (кіраўнікі Чарвякоў, Шаранговіч, Ляўкоў, Жылуновіч, Дзякаў) дзейнічала ў апараце Наркамата Асветы, у БАН, у ВНУ, у Саюзе пісьменнікаў, сярод настаўнікаў, а таксама ў апаратах ЦК КП (б) б, ЦВК і СНК БССР. Асабліва значным, на думку следчых, шкодніцтва гэтай арганізацыі было ў сістэме народнай адукацыі і культуры, аднак, актыўныя «нацыянал-фашысты» былі зной­дзеныя таксама ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы.
«Эсэраўскім цэнтрам» кіраваў нелегальны Цэнтральны камітэт у складзе Чарнушэвіча, Бадуновай, Панкевіча і Бабчанкі. Эсэраўскіх групы існавалі «ў шэрагу гарадоў і раёнаў Беларусі — у Магілёве, Бабруйску, Слуцку, Мазыры, Горках, Капылі, Сянно, Круглым і Навабеліцы». Менавіта эсэры лічыліся адказнымі за «ажыццяўленне шкодніцтва на месцах». «Правыя», «трацкісты», «эсэры» і «нацыянал-фашысты» працавалі па заданнях Другога аддзела Польскага галоўнага штаба.
«Бундаўска-сіянісцкая арганізацыя» мела суполкі на прадпрыемствах, у савецкіх і гандлёвых установах Мінска, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Мазыра. Бундаўскія ячэйкі былі выкрытыя на швейнай фабрыцы «Кастрычнік», на дрэваапрацоўчым заводзе імя Молатава, у друкарні імя Сталіна, у наркамаце гандлю, у Белкаапсаюзе, у БАН, у Банку, у інваліднай кааперацыі, у сістэме Наркамата Асветы. Акрамя польскай, «бундаўцы» працавалі на літоўскую і амерыканскую выведкі. Шкодніцтва здзяйснялася на прамысловых прадпрыемствах гарбарнай, швейнай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, у саматужных арцелях, гандлёвым апараце, фінансавай сістэме і яўрэйскіх навучальных установах.
Заўважу, што гэта версія з невялікімі зменамі, унесенымі ў часы так званай «хрушчоўскай адлігі», была да 1990-х гадоў асновай беларускай савецкай гісторыі.
Шкодніцкай і дыверсійнай дзейнасцю ў народнай гаспадарцы БССР кіравалі, на думку следчых, былы старшыня СНК БССР Галадзед і яго намеснік Саакян. Акрамя агульнага кіраўніцтва шкодніцтвам, былі яшчэ кіраўнікі па розных галінах.
Так, шкодніцтвам у паліўна-энергетычнай гаспадарцы кіраваў Пятровіч, у тарфяной прамысловасці — начальнік Белторфа Кузняцоў, у швейнай — дырэктар Белшвейтреста Карасік, шкодніцтвам у Наркамаце ўнутранага гандлю кіраваў наркам Гурэвіч, у Наркамаце аховы здароўя — Сурта і Бурачэўскі, у мясцовай прамысловасці — старшыня Дзяржплана БССР Лябовіч і працаўнік Дзяржплана Айзэнсон, у галіне сельскай гаспадаркі — сакратар ЦВК БССР Ляўкоў, у галіне свінагадоўлі — Стрэлле, па лініі НК земляробства — Бенэк, ажыццяўляў кіраўніцтва па распаўсюджванні інфекцыйных захворванняў жывёлы Іваноў, у галіне фінансаў — наркам фінансаў Ку­дзелька, практычнай падрыўной дзейнасцю ў падатковай сістэме кіраваў Лехерзаг, у камунальнай гаспадарцы — кіраўнікі наркамата Амбражунас і Васерман. Дыверсійна-шкодніцкай працай у прамысловасці кіравалі Гікала, Шаранговіч, Галадзед, Валковіч, Любавіч, Балтын, Геаргадзе, Амбражунас, Васерман.
Усе кіраўнікі ААП былі расстраляныя. Верагодна, што частка з іх — у Курапатах.