Польшча адзначае 230-ую гадавіну Канстытуцыі 3 траўня. Гэты дакумент важны і для Беларусі

Наватарская польская Канстытуцыя 1791 года адзначаецца гісторыкамі як адно з самых выбітных дасягненняў у гісторыі краіны.

259.jpg

Гэты гістарычны дакумент стаў першай сучаснай канстытуцыяй у Еўропе і другой у свеце пасля амерыканскай канстытуцыі, якая была створана ў 1787 годзе.
— Гэта суперважная падзея ў гісторыі Беларусі і Польшчы. Прычым, досыць раўназначна важная. І наша розніца ўспрыняцця толькі ў тым, што для палякаў яна сталася такой пуцяводнай зоркай, якая іх усё 19-е стагоддзе штурхала на змаганне за незалежнасць, а для беларускага руху, які пазней нарадзіўся, займела крыху меншае значэнне, — мяркуе гісторык Цімафей Акудовіч. — Бо, па-сутнасці, у нас так атрымалася, што «абнулілася» дзяржаўнасць, мы з нуля пачалі. І ў нас крыху меншае разуменне гэтай Канстытуцыі. Але калі браць пра 18-е стагоддзе, то для ВКЛ гэта, канешне, была суперважная падзея. Наконт значэння — гэтая Канстытуцыя ўтрымлівала досыць банальныя, але важныя рэчы для Еўропы — гэта ўвядзенне спадчыннай манархіі, то-бок цэнтралізацыя ўлады. Гэта было тое, што было ва ўсёй Еўропе і ў гэтым сэнсе Канстытуцыя 3 траўня проста даганяла еўрапейскія трэнды. З іншага боку, там было некалькі момантаў, якіх у Еўропе яшчэ не было. Напрыклад, Канстытуцыя прыраўноўвала ў пэўным сэнсе мяшчанаў да шляхты. Канстытуцыя давала магчымасць чалавеку самому выбіраць, кім ён хоча быць — шляхцічам ці мяшчанінам. І гэта, канешне, была бомба. Гэта як французская рэвалюцыя, гэта ўраўніванне амаль усіх жыхароў краіны паміж сабою ў правах, апроч сялян, якім у Канстытуцыі паабяцалі пэўныя паслабленні, але не прапісалі іх. Трэба разумець, што Канстытуцыя была вельмі «сырым» дакументам. Шмат якія рэчы былі вельмі пункцірна пазначаныя, з разлікам, што яны будуць распрацаваныя ў працэсе. Але, на жаль, не склалася.
Канстытуцыя 3 траўня — гэта наш дакумент. Таксама, як польскі і літоўскі. Гэта частка традыцыі развіцця ВКЛ ад першых трох Статутаў да Канстытуцыі, гэта як бы прамая дарожка. Гэта дакумент свайго часу. Канстытуцыя мусіла ўзнікнуць, і яна ўзнікла ў свой час. І гэта наш вельмі важны дакумент. Канстытуцыя не адмяняла Статут, таму што Статут — гэта быў збольшага Крымінальны кодэкс, а Канстытуцыя пра іншае была. Яна была пра тое, каму ўлада належыць. І ў гэтым сэнсе Канстытуцыя крыху пасунула Статут у бок грамадзянскага заканадаўства. А за сабой пакінула канстытуцыйныя пытанні — тое, што мы зараз разумеем пад словам «канстытуцыя».
У Варшаве ўрачыстасці пачаліся з сумеснага польска-літоўскага пасяджэння дэпутатаў і сенатараў, падчас якога выступілі лідары Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа.
— Канстытуцыя 3 траўня — гэта адмысловы сімвал, якім выражаецца дух рэгіянальнай супольнасці Цэнтральнай Еўропы. Бо Рэч Паспалітая, польска-літоўскі саюз, была таксама домам для шмат якіх іншых народаў і культур. Удалося нам на гэтым абшары стварыць правобраз Еўрапейскага саюза. Нягледзячы на некаторыя недасканаласці, гэта была шматнародная дзяржава-феномен. Дзяржава з грамадзянскімі свабодамі, дзяржава з першынствам права, дзяржава талерантнасці, што вельмі станоўча выдзяляецца на тле сучаснай Еўропы, — сказаў прэзідэнт Польшчы.
Сваю прамову літоўскі прэзідэнт завяршыў па-польску:
— Канстытуцыя 3 траўня заклікае нас не толькі да разваг пра патрыятызм, вольнасць і дэмакратычныя каштоўнасці. Але таксама да іх актыўнай абароны перад небяспекай новых выклікаў. Ідзём далей разам, плячо ў плячо. Няхай нашы айчыны заўсёды будуць прыкладам для іншых народаў. За нашу і вашу вольнасць!
З нагоды 230-й гадавіны Канстытуцыі 3 траўня ў Варшаве сустрэнуцца прэзідэнты Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі ды Украіны. Па выніках сустрэчы яны прымуць супольную дэкларацыю.
Паводле «Радыё Рацыя»