Трагічны лёс першага ўраджэнца Беларусі, які перамог на Алімпійскіх гульнях

Беларусь пачала здабываць алімпійскае золата з 1960 года, калі грабцы-канаісты Сяргей Макаранка і Леанід Гейштар і фехтавальшчыца Таццяна Самусенка перамаглі ў Рыме. Незалежнай краіны на той момант не было, але перамогі прадстаўнікоў БССР у савецкай камандзе лічацца першымі ў айчыннай спартыўнай гістарыяграфіі. Аднак адкрыў лік Юзаф Клюкоўскі з-пад Гродна. Лёс яго склаўся куды трагічней, чым у праслаўленых пасляваенных алімпіёнікаў. І нават спартсменам ён не быў.

kljukovski.jpg


Імперыя і Рэч Паспалітая

Юзаф нарадзіўся ў шалёны для Еўропы час, калі пражыць усё жыцце на адным месцы было складана. Тым больш, калі месца гэтае было на ссечанай розгамі шматлікіх войн Гродзеншчыне. У метрыцы яго месцам нараджэння значыцца вёска Рапелка каля Гродна, днём нараджэння — 2 студзеня 1894-га.
У тым жа годзе на расійскі трон узышоў Мікалай ІІ, Расія і Францыя ратыфікавалі ваенную канвенцыю аб заключэнні франка-прускага міру, а з кайзераўскай Германіяй было падпісана гандлёвые пагадненне, якое дазваляла расійскаму збожжу выйсці на нямецкі рынак. Здаецца, пасля грандыёзнага шухеру папярэдніх войн Еўропа нарэшце пачала абрастаць тлусцікам спакою. Дарэчы, менавіта ў 1894-м на кангрэсе ў Парыжы барон Пьер дэ Кубертэн абвясціў аб стварэнні Міжнароднага алімпійскага камітэта і правядзенні раз на чатыры гады Алімпійскіх гульняў па антычным узоры.
Малы Клюкоўскі адразу дэманстраваў схільнасць да мастацтваў і марыў пайсці вучыцца на мастака. Аднак якая вучоба, калі вайна? У 1917-м ён адпраўвіўся ў Польскі корпус арміі Расійскай імперыі, служыў добра і нават атрымаў Крыж Храбрых — узнагароду для жаўнераў, якія праявілі мужнасць і адвагу непасрэдна на полі бою. Гэта адбылося ўжо пасля рэвалюцыі, калі кіраўніцтва корпуса адмовілася падпарадкоўвацца ўладам РСФСР і з баямі адвяло войскі ў Бабруйскую крэпасць. Палякі занялі яе ў студзені 1918 года — на 24-годдзе Юзафа. Пэўны час немцы не прадпрымалі супраць корпуса ніякіх дзеянняў, але ўвесну 1919-га адабралі ў жаўнераў зброю і накіравалі іх у Варшаву.
Юзаф быў толькі рады — там ён паступіў у Акадэмію мастацтваў. Аднак хутка зноў прыйшоў загад «на вайну» — на гэты раз савецка-польскую. Клюкоўскі стаў камандзірам 5 дывізіёна коннай артылерыі. Толькі пасля Рыжскага міру ён нарэшце здолеў давучыцца — у Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Самы крэатыўны яго перыяд у жыцці здарыўся акурат пасля гэтага.

Золата і срэбра

Новы мір — новыя падзеі. Гэта мы ўжо ведаем, што 20-я гады мінулага стагоддзя — перыяд міжваенны. Яго жыхары спадзяваліся на мір, даўжэйшы за 21 год. Яны зноў сталі цікавіцца мастацтвам, літаратурай, спортам, ездзіць «на воды» і класці грошы ў банкі.
Юзаф Клюкоўскі актыўна працаваў і як мастак, і як графік, і як скульптар, і як дэкаратар. Ён стаў адным з выбітных прадстаўнікоў польскага мадэрнізму і імпрэсіянізму, шмат выстаўляўся. Ён быў «у трэндзе», як сказалі б зараз. І трэнд гэты настолькі моцны, што на піку ён нават пераехаў у сталіцу тагачаснага сусветнага мастацтва — Парыж, — дзе жыў з 1928-га па 1931-ы, вучыўся ў школе Латэ і працаваў. Там ён стварыў не толькі канцэпты, але і даволі простыя рэчы: маскі, медалі, аксэсуары, рэчы, якія можна выкарыстоўваць у паўсядзённым побыце.

kljukovski2.jpg


А ў 1932-м ураджэнец Гродзеншчыны выправіўся ў Лас-Анджэлес на Алімпійскія гульні у якасці… удзельніка! Паколькі барон де Кубертэн хацеў стварыць падзею, як мага блізкую да антычнасці, не мог ён прайсці і міма культурнай праграмы. З 1912-га па 1948-ы на Гульнях спаборнічалі не толькі спартсмены, але і архітэктары, пісьменнікі і паэты, музыкі, скульптары, кампазітары.
Клюкоўскі выставіў на конкурс скульптуру з арыгінальнай назвай «Wienczenie zawodnika» («Узнагарода спартсмена»). Але ў праграме яна была прадстаўлена як «Спартыўная скульптура II». Журы прысудзіла прадстаўніку Рэчы Паспалітай залаты медаль. Юзаф у барацьбе за яго апярэдзіў амерыканца Фрыдырыка Ульяма Макмоніза і канадца Роберта Тэйта Макензі. Скульптура Клюкоўскага спадабалася камiсіі настолькі, што камісія выбрала яго перад дэлегатамі гаспадароў і іх бліжэйшых суседзяў. У Варшаву Юзаф прыехаў пераможцам.

kljukovski_1.jpg


Але на гэтым яго «спартыўная» кар'ера не скончылася. Праз чатыры гады Клюкоўскі зноў паехаў на Гульні — на гэты раз у Берлін. Галоўны спартыўны старт чатырохгоддзя аддалі нямецкай сталіцы яшчэ да прыходу нацыстаў да ўлады.
Юзаф зноў спрабаваў узяць медаль — на гэты раз з работай «Футбалісты». У спаборніцтве рэльефаў ён саступіў прадстаўніку гаспадароў Эмілю Зутару і яго твору «Бар'ерысты». Наўрад ці немца магчыма было перайграць на самых палітызаваных Гульнях ХХ стагоддзя. Таму другое месца Клюкоўскага не цяжка назваць вялікім поспехам. Так у хлопца з Гродзенскай губерніі стала ўжо два алімпійскія медалі.

klukowski_d1297b4d_9239_43e3_81ee_443af0864e3f.webp


У Рэчы Паспалітай ён быў жывым класікам, меў прызнанне калег і спецыялістаў. Здаецца, жыццё ўдалося па ўсіх параметрах. Але ні 42-гадовы скульптар, ні хтосьці яшчэ не ведалі, якім кароткім будзе гэта ўдалае жыццё.

Заксенхаўзен і Берген-Бельзен

Другая сусветная вайна — бадай, першая ў жыцці Юзафа Клюкоўскага, у якой ён непасрэдна не ўдзельнічаў у якасці жаўнера. Падчас нямецкай інтэрвенцыі ў Польшчу ў верасні 1939-га яму было 45 гадоў — і ў армію яго не прызывалі.
У гады вайны ён жыў у Судуле і Нагловіцы з польскімі Радзівіламі. Але ад лёсу не ўцячэш у вёску. Клюкоўскі вярнуўся ў Варшаву, дзе на той час жыццё было кепскім. Немцы ўсё больш закручвалі гайкі.
Жыхары вырашылі арганізаваць паўстанне. Рашэнне далося цяжка, было многа хістанняў, аднак ў «Гадзіну-W» (ад слова «выбух») — 17.00 31 ліпеня 1944 года — паўстанне пачалося. Магчыма, гэта было памылкай: напасці было варта на золку. Але шчыльнымі радамі варшаўцы выйшлі ўвечары.
Немцы не выключалі магчымасці польскага паўстання, аднак прадказаць яго моц не здолелі. Атакуючыя адразу атрымалі некалькі міні-перамог, захапілі нямецкі арсенал і электрастанцыю. Але дварцовая плошча, паліцэйская штаб-кватэра і аэрапорт заставаліся ў нямецкіх руках. У цэнтры горада і ў старым горадзе паўстанцы паспяхова біліся. У іншых раёнах атрымалі балючыя паразы з вялікімі стратамі. Горш за ўсё тое, што паўстанцы з розных паўстанчых груп не здолелі аб'яднацца.
Насельніцтва пачало будаваць барыкады, пачаліся зацяжныя баі на вуліцах. 4 жніўня вялікая частка горада была ў польскіх руках.
Адной з надзей паўстанцаў быў хуткі надыход савецкіх войск. Але тыя рухаліся дужа павольна, і варшавянам давялося біцца выключна сваімі сіламі. Немцам спатрэбіўся час, каб перагрупавацца і пачаць сапраўдную бойню. Па загадзе Гімлера пачалі забіваць усіх грамадзянскіх. Паводле розных падлікаў, толькі ў раёнах Воля і Ахота было страчана да 10 тысяч жыхароў! Гэтая тактыка павінна была прымусіць паўстанцаў скласці зброю. Воля была адбіта немцамі, але палякі працягвалі барацьбу. Немцы выкарыстоўвалі грамадзянскае насельніцтва як жывыя шчыты.
Паўстанцы змагаліся за горад больш за два месяцы. Толькі сілы і ўзбраенне былі непараўнальнымі, і 3 кастрычніка 1944-га генерал Тадэуш Бур-Камароўскі падпісаў капітуляцыю…
Юзаф Клюкоўскі трапіў у самы кацёл паўстання. Значная частка грамадзянскага насельніцтва аказалася ў нямецкім палоне і адправілася ў канцэнтрацыйныя лагеры. У гэты вір трапіў і 50-гадовы на той момант скульптар.
Найперш яго этапавалі ў Заксенхаўзен, што ў 35 кіламетрах на поўнач ад Берліна. Там сляды двухразовага алімпійскага прызёра напалову губляюцца. Вядома толькі, што пакут ён не вынес. І тыя трыста кіламетраў да іншага канцлагера — Берген-Бельзена ў Ніжняй Саксоніі — сталі апошнім этапаваннем у жыцці Юзафа Клюкоўскага. Недзе паміж двума лагерамі ён і загінуў. Дзе— невядома. Невядома і калі дакладна гэта здарылася. Паводле адных звестак — у 1944-м, паводле іншых — ужо ў 1945-м.
Падчас вайны загінула і шмат работ Клюкоўскага. Да нас дайшлі толькі некаторыя. Партрэты Келбаса і Міхала Радзівіла, нацюрморты з цыбуляй і чырвоным перцам, пейзаж — шэдэўры захаваліся ў Народным музеі ў Кельцы.
Доўгі час не маглі знайсці і твор, які прынёс Юзафу золата лас-анджэлескай Алімпіяды. Пасля вайны яго ніхто не бачыў, і «Спартыўная скульптура II» афіцыйна лічылася страчанай. Але ж у 2000 годзе яна была знойдзена ў калекцыі узнагарод знакамітага польскага лыжніка, дваяборца і прыгуна з трампліна Станіслава Марусажа.
Атлет памёр у 1993-м, а калі праз сем год пасля таго сталі разбіраць яго шматлікія трафеі (толькі чэмпіёнам Польшчы ён быў 15 разоў), алімпійскі твор Клюкоўскага раптоўна апынуўся сярод калекцыі.

klukowski_ok.jpg


Гіпотэза навукоўцаў: прыз Марусажу ўручылі напрыканцы 1939-га, калі ён быў прызнаны найлепшым спартсменам краіны. Магчыма, гэта і выратавала скульптуру.
Самога Клюкоўскага выратаваць не было каму. Але былых алімпійскіх чэмпіёнаў не бывае.