Уцёкі з «бальшавіцкага раю»

У міжваеннае дваццацігоддзе на тэрыторыю Другой Рэчы Паспалітай з БССР нелегальна беглі і савецкія вайскоўцы, і бальшавіцкія дыпламаты.

Чырвонаармеец-дэзерцір з БССР у Стоўбцах, 1930-я гады

Чырвонаармеец-дэзерцір з БССР у Стоўбцах, 1930-я гады


У міжваеннае дваццацігоддзе на тэрыторыю Другой Рэчы Паспалітай з БССР нелегальна збеглі сотні грамадзянскіх асоб. Выпадкова знойдзены здымак чырвонаармейца, якога сфатаграфавалі польскія паліцыянты ў Стоўбцах (як мяркуецца, у 1930-я гады), наштурхнуў мяне на думку, што на Захад беглі таксама і савецкія вайскоўцы, а таксама бальшавіцкія дыпламаты.

«Незадаволенасць выклікаецца недастатковым харчаваннем…»

У 1926 годзе польскія вайсковыя і паліцэйскія структуры на тэрыторыі паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай працавалі ва ўзмоцненым рэжыме. Звязана гэта было не толькі з «травеньскім пераваротам», падчас якога Юзаф Пілсудскі вярнуўся на палітычную арэну, але і з тым, што ў ліпені 1926 года мяжу з Польшчай перайшла група чырвонаармейцаў-дэзерціраў. Усё б нічога, але, як пазначалася ў справаздачы польскіх выведнікаў, савецкія жаўнеры былі добра падрыхтаваным дыверсійным атрадам. Выдаючы сябе за палякаў, якія беглі ад бальшавікоў, гэтыя людзі павінны былі легалізавацца ў Польшчы, паступіць на службу ў Войска Польскае і збіраць выведвальныя даныя. Дэзерцірам забаранялася ўступаць у кантакт з польскімі камуністычнымі арганізацыямі. Савецкі бок імкнуўся выкарыстаць гэтых людзей у выпадку вайны з Польшчай, якая, па меркаванні Крамля, магла пачацца з вяртаннем да ўлады Юзафа Пілсудскага.

Аднак часцей за ўсё ў Польшчу беглі звычайныя жаўнеры Чырвонай Арміі, якіх па тых ці іншых прычынах не задавальняла жыццё пры Саветах. У сярэдзіне 1920-х гадоў СССР знаходзіўся ў цяжкім эканамічным становішчы, што ўплывала, канешне, і на жыццё чырвонаармейцаў ды жаўнераў бальшавіцкіх памежных войскаў. У адной са справаздач пра становішча Чырвонай Арміі ў 1924 годзе адзначалася: «Незадаволенасць выклікаецца галоўным чынам недастатковым харчаваннем, кепскімі ўмовамі казарменнага жыцця і нязвыклай строгасцю дысцыпліны. Адсюль шматлікія выпадкі дэзерцірства, самавольных адлучак».

У лістападзе 1929 года жаўнеры польскага Корпуса аховы памежжа (КАП) са стражніцы «Мінская» затрымалі радавога савецкай памежнай аховы Рыгора Арыкава. Чырвонаармеец служыў у савецкай памежнай камендатуры ў Новым Полі. У чэрвені 1933 года польскія памежнікі затрымалі чырвонаармейцаў-памежнікаў Рыгора Фуражкіна і Міхаіла Немукова. Яны па-рознаму матывавалі свой пераход мяжы. У пратаколе допыту аднаго з іх адзначалася, што чырвонаармеец атрымаў з дому ліст пра тое, што ўлады канфіскавалі ўсю маёмасць яго сям’і. Баец спалохаўся, што яго арыштуюць, і вырашыў ратавацца за кардонам. Іншы бальшавіцкі памежнік скардзіўся на дзедаўшчыну. Бывалі і такія дэзерціры, хто расчараваўся ў перспектывах «кар’ернага росту» ў шыхтах РСЧА і імкнуліся пакаштаваць «капіталістычнага хлеба», пра які ім расказвалі затрыманыя на мяжы кантрабандысты.

У сярэдзіне 1930-х гадоў савецкія жаўнеры «пабеглі» ў Польшчу, хаваючыся ад калектывізацыі. Маладыя, часцей за ўсё рускія ці ўкраінцы па нацыянальнасці чырвонаармейцы атрымлівалі лісты з РСФСР ці УССР, дзе бацькі апісвалі цяжкія ўмовы працы ў калгасах, і гэта ўплывала на рашэнне бегчы на Захад.

Савецкія і польскія памежнікі пад Мінскам, канец 1920-х гадоў

Савецкія і польскія памежнікі пад Мінскам, канец 1920-х гадоў


Багаты ўлоў польскіх памежнікаў

Частымі былі і выпадкі пераходу на польскі бок жаўнераў савецкай памежнай аховы. Зімовым ранкам 1928 года «рыжскі кардон» паміж знакамі №1275 і 1276 перайшоў лейтэнант, намеснік камандзіра 14 заставы, 4 камендатуры, 18 памежнага атрада НКУС БССР у Жыткавічах Аляксандр Цімафеевіч Дзямідаў. На момант «здрады» афіцэру было ўсяго 23 гады.

У штабе ўзвода жандармерыі КАП у Лахве (сёння Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці) савецкага афіцэра дапыталі. Аказалася, што лейтэнант прыйшоў на польскі бок «не пусты». У Львоў і Варшаву тут жа паляцелі тэлеграмы-маланкі. У адной з іх, у прыватнасці, адзначалася: «Раніцай 24 лютага гэтага года на ўчастку 18-га батальёна КАП перайшоў мяжу савецкі афіцэр. Пасля допыту на мяжы ён будзе адасланы ў распараджэнне Экспазітуры V Другога аддзела Галоўнага штаба». У іншай дэпешы чытаем: «Савецкі афіцэр прынёс наступныя матэрыялы: 1. Часовы расклад службы савецкай памежнай аховы войскаў АДПУ на 1927 год. Нумар 3481; 2. Расклад унутранай службы войскаў АДПУ за 1924 год; 3. Апісанне ручнога кулямёта “Максім-Токараў” № 2916; 4. Кнігу “Вывучэнне вопыту дзяржаўнай мяжы і ўчастка 14 заставы 4 камендатуры за 1927 год”; 4. Розныя сакрэтныя дакументы 14 заставы, 4 камендатуры, 18 памежнага атрада за 1928 год. Усяго 106 старонак. Гэтыя дакументы, а таксама асабістыя рэчы разам з Дзямідавым, а таксама яго дэкларацыяй пра добраахвотны пераход мяжы ў Польшчу і жаданне застацца на сталае жыхарства ў Польшчы, адпраўляю камандаванню 17 батальёна КАП у Давыд-Гарадку з мэтай перадачы дэкларацыі савецкім прадстаўнікам на сумеснай Камісіі па вырашэнні памежных пытанняў».

Аляксандр Дзямідаў

Аляксандр Дзямідаў


Увесь гэты час маладога савецкага афіцэра падрабязна дапытвалі, відавочна, баючыся, што савецкі бок запатрабуе вярнуць перабежчыка. На допытах Дзямідаў трымаўся ўпэўнена і адказваў на ўсе пытанні польскіх следчых. Так, падчас адной з «размоў», лейтэнант заявіў, што неаднаразова ездзіў у Мінск на «стажыроўкі» і, паводле яго інфармацыі, у сталіцы БССР існуе адмысловы аддзел АДПУ, які падрабязна вывучае магчымасць дыверсійнай дзейнасці на тэрыторыі Польшчы. Пры гэтым да супрацоўніцтва з гэтым аддзелам прыцягваліся і дэзерціры з Войска Польскага, якія збеглі на тэрыторыю БССР. Аснову дыверсійных атрадаў складалі чырвонаармейцы і супрацоўнікі савецкай выведкі, якія валодалі польскай мовай і выдатна арыентаваліся на мясцовасці.

Падчас іншага допыту перабежчык паведаміў асаблівасці функцыянавання 18-га памежнага атрада. Характарызуючы, напрыклад, начальніка атрада Івана Стабіна, савецкі лейтэнант даў падрабязнае апісанне знешнасці свайго былога камандзіра, а таксама асаблівасці яго працы. «Стабін патрабавальны, але справядлівы. Калі ён праводзіць інспекцыі, прыязджае на кожную заставу раз на чатыры месяцы. У камендатурах начальнік атрада бывае раз на 2–3 месяцы. Яго жонка — латышка, 25 гадоў. Упаўнаважаным сакрэтна-аператыўнай часткі з’яўляецца Крэс, у пятліцах два “квадраты”. Папярэдне ён працаваў на кантрольна-прапускным пункце. Штаб 17-га памежнага атраду знаходзіцца ў Цімкавічах у новапабудаваных казармах. Будынкі драўляныя, пакрытыя дранкай. Вайсковы гарадок складаецца з некалькіх будынкаў. Ёсць дом для афіцэраў і іх сем’яў, другі будынак — чырвонаармейскія казармы, трэці — штаб памежнага атрада, чацвёрты — турма, пяты — стайня. Штаб 3-й камендатуры 17-га памежнага атрада знаходзіцца ў фальварку Вызна. У будынку знаходзіцца камутатар. Шыфры для тэлефонных апаратаў змяняюцца кожныя два тыдні. 14-я застава 18-га памежнага атрада знаходзіцца ў вёсцы Глушкевічы ў былым доме папа. Пры заставе ёсць стайня, склад, лазня і сталовая. Побач з заставай акопы, якія накіраваныя ў бок мяжы. Савецкія памежнікі ўзброены “трохлінейкамі”, звычайна чырвонаармеец мае пры сабе 30 патронаў. На некаторых заставах камандаванне выдае радавым па 60 патронаў. Кожны жаўнер мае па два падсумкі, ці адзін падсумак і патранташ. Чырвонаармейцы, якія ідуць на патруляванне мяжы, атрымліваюць па адной абарончай гранаце ўзору 1914 года. Камандзіры ўзброеныя рэвальверамі “Наган”. Для патрулявання мяжы звычайна выкарыстоўваюцца пешыя і конныя патрулі. Кожная застава мае свой план аховы мяжы. Камандзіры застаў з канца 1926 года павінны весці кнігу “Вывучэнне вопыту аховы мяжы”, у якой афіцэры запісваюць усе асаблівасці аховы мяжы на сваім участку. Падрыхтоўка жаўнераў адбываецца ў “вучбатах”. На заставах у асноўным кулямёты “Максім”, аднак ёсць і французскія “Шашо”, а таксама амерыканскія “Томпсаны”», — адзначалася ў пратаколе допыту лейтэнанта Дзямідава, праведзеным польскімі памежнікамі ў Давыд-Гарадку.

Савецкія памежнікі на мяжы з Польшчай ля Заслаўя, 1928 год

Савецкія памежнікі на мяжы з Польшчай ля Заслаўя, 1928 год


Што далей?

Малады савецкі афіцэр-перабежчык стаў сапраўднай знаходкай для польскай выведкі, і гэта вельмі непакоіла савецкае памежнае камандаванне. Вось што адзначалася ў лісце польскіх выведнікаў, накіраваным у сакавіку 1928 года з Лахвы ў Варшаву: «Уцёкі Дзямідава выклікалі сапраўдны перапалох у 18-м памежатрадзе. Яго начальнік цісне на польскі бок, каб Дзямідаў асабіста ўдзельнічаў у працы змешанай памежнай камісіі і ў акрэсленым імі пункце (на рацэ Случ) паміж памежным пераходам Мікашэвічы-Жыткавічы. Гэтая справа ўжо абмяркоўвалася на пасяджэнні змяшанай камісіі 2 сакавіка. Дзеля таго, каб пазбегнуць эксцэсаў, лічу немэтазгодным асабісты ўдзел Дзямідава ў працы камісіі. Ці магчыма было б зрабіць так, каб Дзямідаў быў прадстаўлены на камісіі, але на ўчастку зусім іншай памежнай брыгады?». У лісце з 12 сакавіка 1928 года адзначалася: «Камісія, на якой будзе прадстаўлены Дзямідаў, павінна адбыцца на тэрыторыі Польшчы, а не на мяжы. У якасці месца прапаную Ракітна. Не трэба ісці на саступкі бальшавікам і на іншыя камбінацыі. Дзеля правядзення камісіі павінна хапіць ліста ад Дзямідава. Усе грашовыя выдаткі бярэ на сябе Экспазітура (аддзел польскай выведкі ў Львове)».

Адна з польскіх тэлеграм, якая датычылася Дзямідава

Адна з польскіх тэлеграм, якая датычылася Дзямідава

З дакументаў, якія сёння захоўваюцца ў Цэнтральным вайсковым архіве Польшчы, можна зрабіць выснову, што польскі бок высока цаніў перабежчыка. «Інтэлектуальны ўзровень гэтага чалавека дастаткова высокі. Трэба выкарыстаць гэты момант», — адзначалася ў адным з паведамленняў польскай выведкі. 27 сакавіка 1928 года на імя начальніка Экспазітуры V Галоўнага штаба Войска Польскага прыйшла тэрміновая дэпеша, у якой падкрэслівалася: «Патрабуем як мага хутчэй накіраваць у распараджэнне Другога аддзела Галоўнага штаба (выведкі) усе дакументы, якія прынёс афіцэр савецкай памежнай аховы Аляксандр Дзямідаў. Адначасова рэкамендуем накіраваць гэтага чалавека ў Варшаву з мэтай выкарыстання яго цэнтральнымі ўстановамі».


«Польскі гастарбайтар»

Савецкім уладам так і не атрымалася вярнуць Аляксандра Дзямідава на тэрыторыю БССР. Ужо ў красавіку 1928 года былому памежніку зрабілі польскі пашпарт №423145, з якім той накіраваўся ў Консульства Аргенціны ў Варшаве. У графе «прафесійная дзейнасць» анкеты на атрыманне аргенцінскай візы былы савецкі памежнік напісаў «селянін». Мэта выезду за акіян гучала банальна: «Працоўная эміграцыя». 18 красавіка 1928 года з Варшавы ў Львоў прыйшла тэлеграма з наступным тэкстам: «Інфармую, што пан Аляксандр Дзямідаў выехаў з Гдыні ў Аргенціну 14 красавіка на борце карабля “Алманзора”».

Далейшы лёс савецкага памежніка, які збег з «бальшавіцкага раю», невядомы. Магчыма, ён ператварыўся ў звычайнага «эмігранта» з Другой Рэчы Паспалітай, а яго нашчадкі і па сёння не ведаюць, як іх продак аказаўся ў Лацінскай Амерыцы.

Уцёкі лейтэнанта Дзямідава сталі вялікай праблемай для савецкіх уладаў. Ім давялося ўносіць значныя змены ў функцыянаванне памежнай аховы на ўчастку савецка-польскай мяжы, якую ахоўваў 18-ты памежны атрад. Дарэчы, тады ж начальнік атрада Іван Стабін быў зняты са сваёй пасады і заменены іншым афіцэрам.

Савецкія памежнікі на мяжы з Польшчай, 1930-я гады

Савецкія памежнікі на мяжы з Польшчай, 1930-я гады


Трагедыя марака

У міжваенны час у Польшчу сыходзілі не толькі пяхотнікі РСЧА ды «зялёныя фуражкі». У верасні 1934 года ў польскі порт у Гдыні ўвайшла эскадра савецкага Балтыйскага флоту, якая складалася з лінкора «Марат» і эсмінцаў «Калінін» і «Валадарскі». Сустракаў савецкіх маракоў камандуючы флотам Другой Рэчы Паспалітай контр-адмірал Юзаф Унруг. Палякі арганізавалі для савецкіх маракоў шыкоўны прыём з абедам. У газетах «першай краіны працоўных і сялян» напісалі, што візіт з’яўляецца «новым сведчаннем добрасуседскіх адносін паміж Польшчай і СССР». Цікава было тое, што камандаваў савецкай эскадрай афіцэр з вядомым у Польшчы прозвішчам Галер. Але гэты візіт запомніўся яшчэ і тым, што адзін з савецкіх вайсковых маракоў вырашыў «развітацца» з Саўдэпіяй і застацца ў Польшчы.

Лінкор Марат у Гдыні, 1934 год

Лінкор Марат у Гдыні, 1934 год

Падчас прагулкі па Гдыні качагар лінкора «Марат» Сяргей Варанкоў адстаў ад сваіх калег і знік. Пасля вяртання савецкага карабля ў Кранштат на яго борт падняліся супрацоўнікі НКУС, якія арыштавалі ўсіх матросаў, што былі разам з Варанковым на вахце. Пазней «чорны воран» забраў машынную каманду, афіцэраў і старшын электрамеханічнай частцы. Урэшце амаль кожны матрос і афіцэр «Марата» трапіў на допыты да людзей у «валошкавых» фуражках. А хутка ў Ленінград прыйшоў ліст з Крамля за подпісам Сталіна. У ім казалася: «Таварышам Жданаву, Ягодзе, Акулаву. Нядаўна стала вядома, што адзін з матросаў “Марата” застаўся ў Польшчы. Выходзіць, гэты матрос здзейсніў злачынства, прадугледжанае апошнім законам аб здрадзе Радзіме. Неабходна паведаміць мне неадкладна: 1. Ці арыштаваныя члены сям’і гэтага матроса і ўвогуле ці прыцягнутыя яны да адказнасці; 2. Калі не, хто адказвае за праяву бяздзейнасці ўлады». У лістападзе 1934 года Калегія Вярхоўнага суда ў Маскве завочна прысудзіла матроса Варанкова да расстрэлу. Уся яго сям’я была арыштаваная, а маёмасць канфіскавана.

Савецкі афіцэр вітае польскіх маракоў у Гдыні, 1934 г.

Савецкі афіцэр вітае польскіх маракоў у Гдыні, 1934 г.


Уцёкі з Афін

Канец 1930-х гадоў адзначыўся ўсплёскам рэпрэсій на тэрыторыі Савецкага Саюза. Асабліва моцна «вялікая чыстка» закранула супрацоўнікаў Народнага камісарыята замежных спраў. Паводле падлікаў расійскіх гісторыкаў, у 1937–1938 гадах НКЗС страціў каля 34% сваіх супрацоўнікаў. Пра арышты і гучныя працэсы ў СССР пісалі ў канцы 1930-х шматлікія еўрапейскія выданні. У адной з польскіх газет адзначалася: «Некалькі дзён таму ў Маскву выклікалі амбасадараў з Рыгі і Каўнаса. Абодва дыпламаты належаць да маладога пакалення і працуюць на пасадах паслоў толькі год. Іх адазвалі і арыштавалі. Такі лёс савецкіх дыпламатаў. Год, два ў свеце — потым вяртанне ў Маскву і “да сценкі”».

Аднак некаторыя супрацоўнікі савецкіх амбасадаў у Еўропе, ведаючы палажэнне спраў на Радзіме, вырашалі ратавацца «на капіталістычным Захадзе». Адным з такіх быў ураджэнец Кіеўскай губерні Аляксандр Бармін, які ў 1937 годзе быў павераным у справах СССР у Грэцыі. Даведаўшыся пра тое, як лёгка НКУС фабрыкуе справы супраць «ворагаў народа», дыпламат выказаў у размове з супрацоўнікамі амбасады сумнеў у абгрунтаванасці абвінавачванняў на маскоўскіх працэсах.

Хутка пра гэта даведаліся ў Маскве і вырашылі адклікаць Барміна. Апошні напісаў заяву на адпачынак — і збег у Францыю. «Маскоўскія працэсы ўразілі мяне і прымусілі задумацца. Застацца на службе ў Сталіна азначала для мяне страту ўсіх маральных якасцяў і прыняцце на сябе часткі адказнасці за злачынствы, якія кожны дзень адбываюцца ў маёй краіне супраць народа. Я парываю з гэтым урадам і падпарадкоўваюся голасу сумлення», — адзначалася ў лісце савецкага дыпламата, які быў надрукаваны ў польскай газеце «Na Straży».

Бармін атрымаў палітычны прытулак у Францыі і стаў прыхільнікам Льва Троцкага. Падчас знаходжання на французскай тэрыторыі былы савецкі амбасадар шматкроць выступаў за тое, каб заходнія краіны «ратавалі» савецкіх дыпламатаў, якія жадалі збегчы ад Сталіна. У 1940 годзе Аляксандр Бармін пераехаў у ЗША, дзе супрацоўнічаў з амерыканскімі спецслужбамі. Пасля Другой сусветнай вайны ён кіраваў Рускай службай радыёстанцыі «Голас Амерыкі». Памёр Аляксандр Бармін у 1987 годзе.

Польская карыкатура на перабежчыкаў

Польская карыкатура на перабежчыкаў


На баку італьянскіх фашыстаў

Іншым «дэзерцірам» стаў супрацоўнік Амбасады СССР у Бухарэсце Фёдар Бутэнка. «Савецкі дыпламат, які працуе ў Бухарэсце (Румынія), знік без вестак. Паводле чутак, гэты чыноўнік, Бутэнка, атрымаў загад вярнуцца ў Маскву. Ён ведаў, што гэта не прадказвае нічога добрага. Былі ўжо выпадкі, калі адазваныя са сваіх пасадаў савецкія дыпламаты вярталіся ў Расію толькі для таго, каб стаць перад судом. Таму Бутэнка вырашыў у Маскву не вяртацца. Пачаў ён рыхтавацца да ўцёкаў на Захад. У гэты час яго ліквідавалі. Румынская грамадская думка сцвярджае, што яго “прыбрала” ДПУ», — адзначалася ў польскім выданні «Na Straży» ў 1938 годзе.

Насамрэч, сітуацыя была іншай. 33-гадовы часовы павераны ў справах Амбасады СССР у Румыніі сапраўды спалохаўся, што Масква абвінаваціць яго ў шпіянажы, і вырашыў збегчы. «Я быў настолькі непадрыхтаваны, што сам не ведаў, куды я еду і да каго звярнуся. У амбасаду Англіі, Францыі, Чэхаславакіі? Але гэта было тое ж самае, што “добраахвотна” вярнуцца ў Маскву. Падзеі, якія наспявалі ў Еўропе, падказвалі мне, што гэтыя краіны будуць найбольш імавернымі хаўруснікамі бальшавізму ў вайне. Відавочна, што яны перадалі б мяне ў рукі Саветаў. У Польскае пастпрадства? Але там мадам Арцішэўская, агент Лапіна (супрацоўнік савецкіх спецыяльных службаў у Амбасадзе СССР у Бухарэсце. — І.М.). Заставалася адрасавацца да Германіі ці Італіі, бо толькі ў гэтых краінах я змагу атрымаць надзейную абарону ад бальшавізму», — узгадваў пазней дыпламат.

Бутэнка папрасіў дапамогі ў румынскіх уладаў і атрымаў яе. У адказ савецкі чыноўнік «здаў» румынскай палітычнай паліцыі «Сігуранцы» ўсіх бальшавіцкіх агентаў — па гэтай справе дапытвалі нават вядомага рускага спевака Пятра Лешчанку. Крэмль раззлаваўся і сцягнуў свае войскі да мяжы з Бесарабіяй. Каб супакоіць Маскву, савецкаму дыпламату, які абраў свабоду, выдалі румынскі пашпарт і адправілі ў Рым.

У Італіі гэтым чалавекам заняліся выведка і італьянскае Міністэрства замежных спраў. Трагедыя Бутэнкі была ў тым, што ў СССР у яго засталіся жонка і дачка. Забраць іх у Румынію ён не мог (бальшавікі не дазвалялі маладым дыпламатам выязджаць за мяжу з сям’ёй). У гэты час уцякач шмат пісаў, публікаваў антысавецкія і антысеміцкія артыкулы. Цікава, што Леў Троцкі, характарызуючы паводзіны Бутэнкі, адзначыў: «Вельмі значная частка сталінскага апарата складаецца з фашыстаў, якія яшчэ не ўсвядомілі, што яны з’яўляюцца такімі».

Падчас Другой сусветнай вайны Бутэнка працаваў вайсковым цэнзарам. Пры гэтым ён шматкроць прапаноўваў свае паслугі італьянскім уладам на акупаванай тэрыторыі Украіны. Украінскія эмігранты, нягледзячы на тое, што ўраджэнец Данбаса шукаў з імі кантакту, не прынялі яго. Падчас вайны гэты чалавек атрымаў ліст ад свайго цесця, з якога даведаўся, што жонка Бутэнкі была арыштаваная НКУС, а дачка накіраваная ў Ленінград, дзе відавочна загінула ад голаду ў час блакады. Далейшы лёс былога савецкага амбасадара ў Бухарэсце Фёдара Бутэнкі невядомы.

Фота з архіву аўтара