За Случчыну! Сёння ў Беларусі — Дзень Герояў

Сёння адзначаюцца 99-я ўгодкі Слуцкага паўстання. 27 лістапада 1920 года пачаліся баі змагароў за вольную Беларусь з чырвонаармейцамі. Узгадаем і іншыя даты Слуцкага збройнага чыну, у якія можна ўшанаваць памяць паўстанцаў.

95-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

95-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну

14–15 лістапада адбыўся Першы беларускі з’езд Случчыны, на якім была абраная Беларуская Рада, і ёй даручана рыхтаваць узброены супраціў Чырвонай арміі. 21 лістапада 1920 года Беларуская рада Случчыны выдала дэкларацыю, у якой заклікала сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах». Таму святкаваць можна 2 тыдні, з 14 лістапада да 27-га, і потым яшчэ згадваць да 31 снежня, калі апошні жаўнер перайшоў савецка-польскую мяжу і быў раззброены палякамі.
Пасля 27 лістапада слуцкія жаўнеры гінулі, часам цэлымі аддзеламі, як пад мястэчкам Вызна, цярпелі ад недахопу зброі, правіянту, эпідэміі тыфу… Перыяд супадае з постам і ў праваслаўнай, і ў каталіцкай традыцыі. Гэта час падумаць пра вечнае і пра ўласную душу… Чаму б ні падумаць яшчэ і пра продкаў, што паклалі сваё жыццё за Беларусь?
З 1980-х гадоў 27 лістапада адзначаецца пэўнай часткай беларускага грамадства як Дзень Герояў. Афіцыйная ўлада ігнаруе антыбальшавіцкае паўстанне, гэтаксама як і ўсё звязанае з Беларускай Народнай Рэспублікай.
У 1948 годзе ў нямецкім горадзе Мітэнвальдзе каля Альпаў беларускімі эмігрантамі быў пастаўлены помнік у гонар Слуцкіх паўстанцаў.
У 1966 годзе чальцы «Згуртавання беларусаў Канады» купілі ферму ў правінцыі Антарыё, пазней гэтыя мясціны сталі базай адпачынку, якая атрымала назву Слуцак — у гонар Слуцкага паўстання.
Напачатку 1990-х гадоў па ініцыятыве БНФ у вёсках Грозава, Семежава (Капыльскі раён) і Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) былі ўсталяваны памятныя крыжы ў гонар паўстанцаў. Гэтая месцы выбралі таму, што менавіта з імі звязаны асноўныя падзеі 1920 года. Крыж, які быў усталяваны ў Чырвонай Слабадзе, знішчаны вандаламі. Тым не менш штогод беларуская дэмакратычная грамадскасць ладзіць выправу шляхамі паўстанцаў, каб ушанаваць іх памяць. Сёлета яна адбудзецца 1 снежня, мерапрыемства дазволена афіцыйнымі ўладамі.
Прадстаўнікі «Беларускага гістарычнага таварыства» Алесь Краўцэвіч і Алег Латышонак, а таксама кіраўнік «Беларускай Нацыянальнай Памяці» Анатоль Міхнавец заклікаюць беларусаў ушанаваць памяць слуцкіх паўстанцаў, запаліўшы 27 лістапада ў іх гонар знічкі ў вокнах. Файная ініцыятыва! А я б заклікала запальваць ад 14 лістапада і да 31 снежня. На першы погляд, такі «расцягнуты сум» неспалучальны з навагоднімі гірляндамі, але ўшанаванне продкаў на святы — істотная частка беларускай традыцыі.
Каб не абмяжоўваць ушанаванне Слуцкага паўстання толькі знічкамі, можна пачытаць вечарамі ў сямейным ці сяброўскім коле творы яго ўдзельніка Алеся Змагара (вершы ці прозу, каму што бліжэй), «Нічые» Андрэя Федарэнкі ці «На чорных лядах» Васіля Быкава, прысвечаныя тым падзеям. Для аматараў дакументальнай прозы — успаміны ўдзельнікаў паўстання, нарыс Анатоля Грыцкевіча і зборнік «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах». Можна аднавіць песні, што спявалі паўстанцы ці паглядзець, як інтэрпрэтуюць тыя падзеі сучасныя музыкі.

Паўстанцы атамана Лукаша Сяменіка (у цэнтры). Па правую руку ад яго — Юрка Моніч. За ім — Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 г.

Паўстанцы атамана Лукаша Сяменіка (у цэнтры). Па правую руку ад яго — Юрка Моніч. За ім — Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 г.


Дык не забывайма сваіх паўстанцаў! Героі не паміраюць!