Як кайзер Вільгельм II прыязджаў на Смаргоншчыну

Шляхі многіх вядомых людзей і каранаваных замежных асоб пралягалі ў свой час праз наш край.



get_img_1_3_.jpg

Кайзер у Асіпанах (злева)

Хто б гэта ні быў, рускі цар Аляксей Міхайлавіч ці польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі, кароль Швецыі  Карл XII ці французскі імператар Напалеон, факт знаходжання гэтых знакамітых асоб заўсёды прыпадаў на гады ваенных ліхалеццяў і цяжкіх выпрабаванняў для родных мясцін і месцічаў.

Толькі з цягам часу, праз многія дзесяцігоддзі, гэта падзея знаходзіла адпаведнае адлюстраванне ў літаратуры, станавілася чарговым фактам гісторыі Смаргоншчыны.

Мясцовыя ўбачылі фота амаль праз 100 гадоў

Не выключэннем стаў аднадзённы візіт у 1917 годзе нямецкага імператара Вільгельма II у наш край. Толькі ў час Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, якая прайшла 18–19 мая 2007 года ў Смаргоні, краязнаўцы ўпершыню змаглі пабачыць некалькі фотаздымкаў з той мінулай падзеі Першай сусветнай вайны.

Потым былі знаходкі новых здымкаў і арыгінальных пісьмовых звестак з іншых нямецкіх крыніц, па якіх сёння можна прасачыць дадзеную неардынарную падзею.

Дзякаваў сваім салдатам

29 ліпеня 1917 года нямецкі тыл ад Смаргоні да Крэва зведаў вялікае напружанне ў сувязі з прыбыццём на Смаргоншчыну з Усходняй Галіччыны па чыгунцы на асабістым цягніку германскага імператара Вільгельма II.

На працягу ўсяго дня кайзер выказваў удзячнасць салдатам і афіцэрам 11-й, 16-й ландверскім і 226-й пяхотнай дывізіям, якія прынялі ўдзел у абарончых баях з 19 па 26 ліпеня на гэтым участку фронту.

Нямецкая “Газета 10 Арміі”, што выходзіла ў Вільні, аператыўна, праз дзень, 31 ліпеня надрукавала афіцыйнае паведамленне аб гэтай падзеі на фронце. З размешчанай на першай старонцы інфармацыі стала вядома, што кайзер “правёў агляд пераможцаў абарончых баёў на пазіцыях Смаргонь-Крэва, якія адбілі ў геройскім супрацьстаянні моцныя рускія масы войск”. Яго Вялікасць выказаў удзячнасць падраздзяленням за іх цягавітасць і смеласць, з якой яны баранілі свае  займаемыя пазіцыі.

Асабліва ён адзначыў Другі ландверскі памеранскі полк, стаўшы з гэтага дня яго “патронам”, прадставіў смелай воінскай часці каралеўскі подпіс і найменне “Ландверскі пяхотны полк імя Вільгельма II №2”. Камандзір палка падпалкоўнік Бальке быў узнагароджаны ордэнам “За заслугі”, а многія з байцоў атрымалі жалезныя крыжы з рук іх імператара.

get_img?ImageId=21196

Праход кайзера перад строем на станцыі Солы-Усход

Войска цара было прасякнутае здрадай

 

Сёння можна канстатаваць, што правал наступальнай аперацыі рускай арміі ў 19–26 ліпеня 1917 года быў у першую чаргу звязаны з самім царскім войскам. У ім пасля лютаўскай рэвалюцыі панавала безуладдзе, моцныя антываенныя настроі, войска было проста прасякнутае здрадай.

 

Камандуючы рускім 38-м армейскім корпусам генерал-лейтэнант Іосіф Доўбар-Мусніцкі ва ўспамінах адзначаў, што “немцы ведалі аб усім, што адбывалася ў нас”. Пацвердзіў гэта генерал Гофман: “Мой загад да корпусу, скіраваны супраць немцаў, стаў яму вядомым таго ж дня. І гэта міма падвойнага калючага дроту, які аддзяляў нас ад немцаў”.

 

Саксонскі кронпрынц, генералітэт і кайзер ля Солаў

 

Улічваючы ваенны час і закрытасць часткі інфармацыі, да чытачоў газетнага выдання 10-й нямецкай арміі не дайшла цікавая для нас інфармацыя аб тым, што сустрэча кайзера з войскам і наступны парад адбыліся на пляцы каля вёскі Асіпаны, побач з Соламі. Разам з кайзерам браў удзел у мерапрыемстве саксонскі кронпрынц Георг і вышэйшы генералітэт фронту.

 

Трэба адзначыць яшчэ адну публікацыю, якая была размешчаная ў 79-м нумары дадатку да гэтай армейскай газеты 11 кастрычніка 1917 года. Наведванне імператарам войск Эйхгорна праілюстравана на газетных старонках асобнымі фотаздымкамі, якія былі зробленыя пад Асіпанамі.

 

У тры гадзіны дня Вільгельм II наведаў 16-ю ладверскую дывізію каля яе штаба ў вёсцы Скірдзімы, побач з Крэвам. Вайсковая дэпутацыя выстраілася на палявым пляцы паміж вёскамі Чаркасы і Скірдзімы. Пасля кароткай прамовы да ўсіх прысутных імператар уручыў жалезныя крыжы асобным салдатам і афіцэрам. Як і ў папярэднім месцы, тут адбыўся парад нямецкіх вайскоўцаў перад кайзерам.

 

Не абышлося без трэцяга параду і на самой чыгуначнай станцыі Солы-Усход.

 

Важны ў стратэгічным плане раз’езд №12 на Лібава-Роменскай чыгунцы ў гады Першай сусветнай вайны набыў новую назву Солы-Усход і сёння вядомы як станцыя Солы.

 

У гады Першай сусветнай вайны тут быў створаны адзін з наймагутных камунікацыйных вузлоў на гэтым участку фронту. Станцыя становіцца перагрузачнай з шырокай на вузкую каляю, на ёй будуецца нямецкае паравознае дэпо вузкай каляі, шматлікія вайсковыя склады.

 

Вакол станцыйнага драўлянага будынка ўзнік нямецкі салдацкі гарадок са сваім клубам і казіно, бібліятэкай і сталоўкай, дамамі адпачынку і крамамі. Каля ганка сольскай станцыі Вільгельм II у гэты дзень правёў агляд вызначаных вайсковых фарміраванняў, якія потым пад гукі аркестра прайшлі маршавым строем перад каранаванай асобай.

 

Удалае фота кайзера набыло колер

 

Апошнім часам шмат якія старыя чорна-белыя фотаздымкі набываюць каляровы выгляд. Так атрымалася з некалькімі здымкамі нямецкага імператара ў інтэрнэце. Асабліва сярод іх трэба вылучыць фота, дзе Вільгельм II у вайсковым строі з усімі рэгаліямі, з каларытнымі акулярамі на пікельхельме (шлем з пікай) зафіксаваны ў чаканні вайсковага парада.

 

Тагачасны фотамайстар удала выбраў ракурс здымка, пры якім адразу не заўважаецца фізічны хіб кайзера, у якога левая рука была на 15 сантыметраў карацейшая за правую.

 

get_img?ImageId=21195

Праз год кайзер адмовіцца ад улады

Цікавасць гэтага старога фота яшчэ ў тым, што яно было зробленае на смаргонскай зямлі каля вёскі Асіпаны напрыканцы ліпеня 1917 года. На наступны год скончыцца вайна, у лістападзе 1918 года кайзер адмовіцца ад улады, пакіне назаўсёды Германію і да сваёй смерці ў 1941 годзе пражыве ў выгнанні за яе межамі.

Кайзер прыбыў, каб бачыць нашу катастрофу

Зусім іншая атмасфера назіралася ў рускім войску ў першыя дні прыходу кайзераўцаў на Ашмяншчыну ў верасні 1915 года. Камандзір лейб-гвардыі Фінляндскага палка генерал П. Клодт у асабістых успамінах пра Віленскую аперацыю 1915 года адзначаў: “Не разумеючы таго крытычнага становішча, у якім мы апынуліся і не раз бывалі, мы захавалі спакой духу. Не ведалі мы, што немцы лічылі палон рускай гвардыі фактам, які амаль адбыўся, што былі, быццам, гатовыя цягнікі для перавозкі яе па Нямеччыне, што імператар Вільгельм ІІ прыбыў у Коўна, каб прысутнічаць пры нашай катастрофе”.

Але салдаты рускай арміі выстаялі. Руская гвардыя мужна адбіла ўсе атакі немцаў і тым самым выканала загад цара: “Ні кроку назад!" Наступленне немцаў было спыненае і ні пра якія парады ў гонар кайзера на Ашмяншчыне ў 1915 годзе не магло быць размовы.

Уладзімір Прыхач, www.rh.by


Фота забяспечана аўтарам