Міністр фінансаў, інсургент, меў некалькі шлюбаў. А што яшчэ вы ведаеце пра Агінскага?

Для большасці беларусаў Міхал Клеафас Агінскі вядомы як выдатны кампазітар, аўтар пранізлівага паланеза «Развітанне з радзімай».  Але...

Міхал Клеафас Агінскі

Міхал Клеафас Агінскі

Эпоха далучэння Вялікага Княства Літоўскага Кацярынай II да Расійскай імперыі вельмі драматычная, і на ростанях жыцця Агінскага ёсць і слава гераічнасці, і журба пра няўдалае паўстанне, і смутак аб радзіме.

Міністр фінансаў


Уваходзячы ў вузкае кола магутных прозвішчаў Вялікага Княства Літоўскага, Агінскія пачыналі сваю кар’еру ў раннім малалецтве. Міхал Клеафас у 14 гадоў атрымаў ганаровы тытул мечніка літоўскага, у 21 год стаў дэпутатам сойму і вылучыўся ў фінансавую камісію, а калі яму споўнілася 25, яго накіравалі паўнамоцным паслом у Галандыю.
Пасольская паездка Агінскага прынесла яму славу ўдачлівага дыпламата і фінансіста, паколькі ён здолеў атрымаць тры мільёны дукатаў крэдыту для Рэчы Паспалітай. Зачараваны фінансавымі здольнасцямі пляменніка, ягоны дзядзька, Міхал Казімір, вялікі гетман літоўскі, вырашыўся саступіць яму ў Беларусі свае маёнткі пры ўмове выплаты 8 мільёнаў рублёў даўгоў і 4,6 мільёна працэнтаў па іх.

Гетман памыліўся ў сваіх разліках атрымаць наяўныя грошы, больш за тое, ён шмат страціў на дамове з пляменнікам, які для аплаты працэнтаў частку маёнткаў прадаў. У чэрвені 1791 года, калі Кацярына II знаходзілася ў Магілёве, малады Агінскі паспяшаўся туды і прынёс прысягу на вернасць імператрыцы, каб захаваць маёнткі, якія апынуліся на тых землях Беларусі, што адышлі да Расіі па першым падзеле 1772 года.

Тыя ж маёмасныя клопаты вымусілі Агінскага прыняць бок Таргавіцкай канфедэрацыі (1792), абвешчанай па ініцыятыве Кацярыны ІІ прыхільнікамі старых парадкаў для процідзеяння Канстытуцыі 3 мая 1791 года. Падтрыманыя 30-тысячным расійскім войскам, канфедэраты канфіскоўвалі маёнткі не толькі ў прыхільнікаў Канстытуцыі, але і ў «нейтралаў». Міхал Клеафас быў «нейтралам» і ў 1793 годзе тэрмінова паехаў у Пецярбург. Тут ён быў прыняты Кацярынай, у яе прысутнасці музыцыраваў, спадабаўся і зняў секвестр са сваіх маёнткаў, пагадзіўшыся на расійскія ўмовы. А ўмовы былі такія: дзядзька Міхал Казімір павінен быў саступіць пасаду вялікага гетмана літоўскага Міхалу Клеафасу, які, сваю чаргу, павінен перадаць яе стаўленіку імператрыцы Шымону Касакоўскаму. Самому ж Міхалу Клеафасу ў якасці кампенсацыі даставалася пасада міністра фінансаў ВКЛ.

План спрацаваў, Агінскія саступілі ўладную пасаду ненавіснаму ўсім Касакоўскаму, а дзядзька за сваю адмову ад гетманства ўзяў з пляменніка 300 тысяч залатых.

Інсургент

Другі падзел Рэчы Паспалітай адгукнуўся ў 1794 годзе паўстаннем Тадэвуша Касцюшкі. Папярэджаны сябрамі, што паўстанне ў Вільні пачнецца 23 красавіка, Агінскі напярэдадні, у тры гадзіны ночы, разам з жонкай і слугамі выехаў з горада, плануючы накіравацца ў Прусію. На памежным пункце яго затрымалі. Жонцы дазволілі ехаць далей, а Агінскага інтэндант па прозвішчы Гушча даставіў у Гародню, абвясціўшы ўцекача «ворагам народа». За ўцёкі з краіны падчас паўстання над Агінскім навісла пагроза смяротнай кары. Вызваліў яго ад смерці і ганьбы канцлер Яхім Храптовіч. Але да Агінскага на доўгія гады прыляпілася кплівая прымаўка — «Гушча не пусціў у пушчу».

Неабходнасць пазбавіцца чорнай плямы на рэпутацыі прывяла Агінскага ў склад паўстанцкай Найвышэйшай літоўскай рады. Ён публічна адмовіўся ад пасады міністра фінансаў, ахвяраваў 118 тысяч рублёў на конны полк, а яшчэ сфармаваў і ўзброіў батальён стральцоў у 480 чалавек, начальнікам якога і стаў. Нікога не збянтэжыла адсутнасць вайсковага досведу ў міністра фінансаў, які ніколі не стаяў у шыхтах. Свой радавы герб «Брама» на пячатцы Міхал Клеафас замяніў на дэвіз «Воля, вернасць, незалежнасць», а ў рэчышчы якабінскіх правілаў нават у лістах да жонкі замест звыклага «княгіня» выкарыстаў рэспубліканскі зварот — «грамадзянка Ізабела Агінская».

На Міншчыне і Магілёўшчыне знаходзіліся вялікія секвестраваныя Расіяй валодання Агінскіх. Міхал Клеафас меркаваў, што калі ён абвесціць сялянам волю, то да паўстання далучацца не меней 12 тысяч чалавек. У чэрвені ён з батальёнам і дзвюма сотнямі кавалерыі выступіў да Мінска. Бой адбыўся ў Валожыне, дзе батальён разграміў атрад казакоў. У Івянцы, пакінутым гарнізонам, батальёну дасталіся 200 вазоў амуніцыі, але праз два дні абоз адбілі рускія пад камандай Зубава і Бенігсена. Пасля бою ад атрада засталося 150 стральцоў і дзесятак кавалерыстаў. Тым не менш Агінскі выехаў з рапартам да Касцюшкі і так абмаляваў удалыя вынікі рэйду, што Касцюшка ўхваліў тактыку падобнай барацьбы.
Наступны рэйд Міхал Клеафас правёў на Браслаўшчыне, вырашыўшы захапіць Дзвінск. Рускі гарнізон, аднак, здолеў даць адпор, і атрад Агінскага панёс вялікія страты. З батальёна стральцоў загінулі ў сутыкненнях 440 чалавек. Сам Міхал Клеафас застаўся ў жывых цудам, але затое выратаваў гонар і заслужыў славу небяспечнага інсургента.

Шлюбы

У 1788 годзе Міхал Клеафас ажаніўся з Ізабелай Ласоцкай, якая была на год за яго старэйшая. У гэтым шлюбе нарадзіліся сыны Тадэвуш Антоній і Францішак Ксаверый. Пасля здушэння паўстання Агінскія выехалі ў Італію. У Венецыі яны пасяліліся ў гатэлі «Каралева Англіі». Сюды Міхалу Агінскаму быў дасланы расійскі пашпарт на яго імя з лістом ад Аляксандра Суворава, у якім паведамлялася, што маёнткі князя не будуць рэквізаваныя, калі ён падпіша ліст Кацярыне з абяцаннем сваёй вернасці. Агінскі адмовіўся, яго маёмасць канфіскавалі. Ён страціў на гэтым каля аднаго мільёна залатых гадавога прыбытку. Слуга прывёз яму ў Венецыю рэшткі багацця — 2 тысячы дукатаў.
Шматгадовае безграшоўе і вялізныя даўгі садзейнічалі развалу сям’і. Яго двухгадовая адсутнасць і гучная слава Дон Жуана раздражнялі жонку. Па ветлівых намёках мемуарыстаў, можна зразумець, што яна, мабыць, адплаціла яму сваімі захапленнямі. Усё разам прывяло да разводу, які Агінскі сам ініцыяваў адразу пасля таго, як у 1801 годзе нарадзіўся яго другі сын.
Дзякуючы клопату Адама Чартарыйскага, блізкага да расійскага імператара, Агінскі атрымаў дазвол вярнуцца ў Расію пры ўмове прынясення прысягі. На гэты раз Агінскі прысягаць не адмовіўся і пераехаў у Вільню. Ізабела з дзецьмі засталася ў Польшчы.

Другі шлюб злучыў Агінскага з італьянкай Марыяй Неры. У гады замужжа яна прадстаўлялася як «княгіня Марыя дэ Неры», але ў рэчаіснасці яе бацька быў уладальнікам карчмы ў Венецыі. Марыю сустрэў у Венецыі ў 1795 годзе віленскі эмігрант Каэтан Нагурскі. Ён зняў для палюбоўніцы ў Варшаве дом, аплаціў настаўнікаў музыкі і моваў. Па смерці брата і бацькі, Каэтан атрымаў немалую спадчыну, уся яна адышла да Марыі, калі Нагурскі ў 1799 годзе памёр.

Удава вылучыла новым аб’ектам сваёй увагі губернатара Віленскай губерні Л. Бенігсена — менавіта таго, які смяротна стукнуў табакеркай імператара Паўла. Характар у барона, мабыць, быў цяжкі, і Марыя Неры знайшла больш прывабным Міхала Клеафаса. Ва ўсякім разе, яна выдала ключы ад сваёй кватэры і таму, і другому, і сустракалася з баронам і з князем па чарзе. Аднойчы Бенігсен прыйшоў «не ў свой час» і заспеў палюбоўніцу з Агінскім. Барон пляснуў дзвярамі, і на гэтым яго раман завяршыўся.
Удава і Агінскі ажаніліся ў 1802 годзе, калі Марыя абвясціла, што чакае дзіця. Калі б не гэта, магчыма, не здарыўся б развод з Ізабелай. Марыя Неры прынесла ў сям’ю немалы пасаг — 300 000 дукатаў, што цалкам гарантавала ёй незалежнасць у паводзінах. У шлюбе з Міхалам Клеафасам нарадзіліся Амелія, Ірыней, Эма, Іда. Але сярод суседзяў Агінскіх існавала вялікае сумненне, што бацькам большасці гэтых дзяцей быў Міхал. Сцены ў яе пакоі былі шчыльна завешаны партрэтамі генералаў, мастакоў і музыкантаў, пра якіх Марыя казала сваім гасцям, што гэта выявы яе палюбоўнікаў.

Залессе

Дзядзька саступіў Агінскаму маёнтак Залессе. Будаўніцтва новага палаца заняло тры гады. Дзякуючы знакамітым гасцям, музычным вечарам і літаратурным гутаркам, святам з маскарадамі Залессе заслужыла сярод суседзяў назву «Паўночных Афін». Але Агінскі жыў тут наездамі. Імператар Аляксандр І прыцягнуў яго да дыпламатычнай службы — Міхал Клеафас ездзіць у Італію і Францыю, сустракаецца з Напалеонам афіцыйна і ў доме яго палюбоўніцы Марыі Валеўскай. У 1810 годзе цар дараваў Міхалу Клеафасу званне сенатара і тытул таемнага дарадчыка. Вайну 1812 года Агінскі сустрэў у свіце Аляксандра І ў Вільні і разам з ім потым быў у Пецярбургу.

Галоўным заняткам Агінскага ў Залессі была музыка. Ён пісаў п’есы для фартэпіяна, маршы, мазуркі, паланезы. Сам Агінскі сваім творам пэўных назваў не даваў. «Развітаннем з радзімай» назваў у 1830-я гады знакаміты паланез нехта з выдаўцоў. Гэты паланез Міхал Клеафас напісаў, калі вырашыў назаўжды выехаць у Італію. Музыкай Агінскі выразіў усе, што перажыў за жыццё.

Апошнія гады

Пакінуўшы маёнтак жонцы, абгаварыўшы сабе сціплы пансіён, Агінскі выехаў у Фларэнцыю. Тут прайшлі дзесяць гадоў яго жыцця. Жыў Міхал Клеафас з сынам Ірынеем. Пры ўсіх вартасцях італьянскага жыцця адчуваў ён сябе самотна і быў вельмі шчаслівы, калі да яго прыехала дачка Эма.
Яго дом прымыкаў да знакамітага палаца Строці пабудовы 1500 года. У гэтым старым доме Агінскі напісаў «Лісты аб музыцы», чатыры тамы «Мемуараў» на французскай мове, з якіх перавялі толькі першы. У гэтым старажытным доме ён павольна згасаў. На радзіме задушылі паўстанне 1830–1831 гадоў, нешматлікія сябры эмігравалі ў Парыж, першая жонка была пад Варшавай, другая — у Залессі. Да яго ніхто не ездзіў, ён моцна сумаваў, перагортваючы ў памяці дні свайго жыцця.
Памёр Міхал Клеафас Агінскі ў канцы 1833 года. Саркафаг яго знаходзіцца ў фларэнтыйскім храме-пантэоне Санта Крочэ побач з саркафагамі Мікеланджэла і Галілея. Яму выдаўся гонар за паланез до-мінор — «Развітанне з радзімай».