Забыты корпус забытага генерала

У лютым споўнілася 95 год з пачатку баявых дзеянняў Першага польскага корпуса генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага супраць бальшавікоў. У савецкай гістарыяграфіі для апісання гэтага эпізоду гісторыі Беларусі выкарыстоўвалася назва “мяцеж”.



juzaf_doubar_musnicki_u_babrujsku_logo.jpg

Юзаф Доўбар-Мусніцкі ў Бабруйску

Помста Сталіна

13 красавіка 1943 г. берлінскае радыё паведаміла, што ў лесе пад Смаленскам знойдзены парэшткі польскіх вайскоўцаў, расстраляных бальшавікамі. Неўзабаве ў Катынь прыбываюць эксперты, пачынаецца эксгумацыя. У адной з магіл, сярод астанкаў ваенных капеланаў, выяўлена цела жанчыны ў форме афіцэра польскай арміі. Пасля будзе ўстаноўлена, што гэта парэшткі Яніны Левандоўскай, дачкі славутага польскага военачальніка, генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага.

Прафесійны пілот, рэкардсменка па скачках з парашутам, 3 верасня 1939 г. яна адпраўляецца на фронт, каб абараняць сваю радзіму. Разам з іншымі членамі познаньскага аэраклуба яна запісваецца ў 3-ці лётны полк ВПС Войска Польскага.

jan_na_levando_skaja_logo.jpg

Яніна Левандоўская (Усе фота,  выкарыстаныя ў артыкуле, аўтара ці з архіва аўтара)

У камбінезоне пілота, з двума бацькавымі пісталетамі Яніна выязджае цягніком на ўсход, туды, дзе фарміруецца яе вайсковая частка, але 22 верасня 1939 г. каля мястэчка Гусяцін група польскіх вайсковых пілотаў, у складзе якой была і дачка генерала, трапляе ў савецкі палон. У лістападзе 1939 г. Левандоўскую пераводзяць у Асташкаўскі лагер, а затым у Казельск. Па рашэнні савета генералаў, якія ўтрымліваліся ў лагеры, Яніне выдалі ваенны мундзір падпаручніка, мяркуючы, што ваенная форма засцеражэ дзяўчыну.

u_katin__logo.jpg

У Катыні

Падчас допытаў, дачка польскага генерала спрабуе схаваць праўду пра сябе: называе іншую дату нараджэння (1914 г., замест 1908-га), імя бацькі (Марыян, замест Юзаф), карыстаецца толькі прозвішчам мужа. Але чэкісты ведалі, з кім мелі справу. У красавіку 1940 г. разам з іншымі польскімі афіцэрамі Яніна Левандоўская была расстраляная ў Катыні. Так бальшавікі адпомсцілі польскаму генералу Юзафу Доўбар-Мусніцкаму.

Палякі ў рускай арміі

Адным з найменш вывучаных аспектаў гісторыі Беларусі застаецца гісторыя баявых дзеянняў Першага польскага корпуса супраць частак чырвонай гвардыі ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск у 1918 г. А яна заслугоўвае больш глыбокага аналізу. Ужо той факт, што Першы корпус стаў кузняй камандных кадраў будучай польскай арміі, сведчыць пра неабходнасць такога даследавання.

shtab_korpusu_babrujskaj_krepasc__logo.jpg

Штаб корпусу ў Бабруйскай крэпасці

На момант пачатку Першай Сусветнай вайны ў Рускай імператарскай арміі служыла 119 генералаў, каля 20 тыс. афіцэраў і больш за 700 тыс. салдат рымска-каталіцкага веравызнання. У 1914 г. з палякаў быў сфармаваны Пулаўскі легіён, а таксама стралковая брыгада, разгорнутая пазней у дывізію. Баявым хрышчэннем легіёна стала бітва з германскай арміяй пад вёскай Пакослав. 20 мая 1915 г. у штыкавой атацы ваеннаслужачым легіёна ўдалося прарваць добра ўмацаваныя нямецкія пазіцыі. За гэтую бітву салдаты і афіцэры легіёна былі ўдастоены высокіх узнагарод — 40 крыжоў і 40 медалёў Святога Георгія.

af_cer_korpusa_jan_skarina_lja_svjata_georg_e_skaj_carkvi_babrujsku_logo.jpg

Афіцэр корпуса Ян Скарына ля Свята-Георгіеўскай царквы ў Бабруйску

У студзені 1916 г. у раёне Бабруйска рускае камандаванне фарміруе Брыгаду польскіх стралкоў ў складзе 4 тыс. штыкоў і накіроўвае яе на фронт пад Баранавічы. У кровапралітным баі, коштам жыцця 140 салдат, палякі займаюць нямецкія акопы ў раёне вёскі Торчыцы. Далей ізноў адбылася рэарганізацыя гэтага вайсковага фарміравання і пашырэнне яго да памеру дывізіі. Пасля паспяховых баявых дзеянняў супраць аўстрыйскіх войскаў у Галіцыі дывізія ў жніўні 1917 года перадыслакуецца ў Быхаў і ўключаецца ў склад Першага польскага корпуса.

Корпус

Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 г. камандаванне корпуса адмовілася падпарадкавацца загаду бальшавікоў аб правядзенні выбараў у палкавыя і карпусныя камітэты і прыняла рашэнне аб перадыслакацыі ў раён Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Першая стралковая дывізія генерала Густава Астаповіча ўжо знаходзілася ў Беларусі. Другая дывізія пад камандаваннем генерала Юзафа Шамоты, накіроўваючыся ў раён канцэнтрацыі корпуса, была атакаваная бальшавікамі і панесла значныя страты. Трэцяя дывізія пад камандаваннем генерала Вацлава Івашкевіча, рухалася з Ельні ў раён Бабруйска і праз 12 дзён дасягнула месца прызначэння.

mapa_bajavih_dzejannja_1_ga_pol_skaga_korpusu_belarus__logo.jpg

Мапа баявых дзеянняў 1-га польскага корпусу ў Беларусі

Частка падраздзяленняў дывізіі размясцілася ў горадзе, іншыя знаходзіліся ў яго ваколіцах. Туды ж падцягнуліся 1-ы ўланскі полк і 1-ы інжынерны полк. Артылерыйскія часткі корпуса, якія фарміраваліся пад Віцебскам, да канцы 1917 г. таксама накіраваліся ў бок Бабруйска. Пераадолеўшы трохсот кіламетровы марш-кідок па 30 градусным марозе і пастаянных сутычках з атрадамі бальшавікоў, яны ўсё ж дайшлі да месца дыслакацыі.

panarama_babrujskaj_krepasc_zroblenaja_z_aeraplana_logo.jpg

Панарама Бабруйскай крэпасці, зробленая з аэраплана

З Адэсы ў Беларусь ажыццявіў паспяховы пераход са сваім эскадронам будучы генерал і герой абароны Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 г. Канстанцін Плісоўскі. Дарэчы, адным з афіцэраў Першага польскага корпуса быў і Уладзіслаў Андэрс. Гэты чалавек зробіць выдатную ваенную кар’еру, праявіць сябе падчас вераснёўскай кампаніі 1939 г., вытрымае ўсе выпрабаванні савецкага палону і стане на чале польскіх узброеных сіл на Захадзе.

m_rnae_nasel_n_ctva_babrujskaj_krepasc__logo.jpg

Мірнае насельніцтва ў Бабруйскай крэпасці

Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў польскіх частках Рускай імператарскай арміі назіралася вялікая колькасць афіцэраў і малодшых камандзіраў. У сувязі з гэтым у снежні 1917 г. Вышэйшы савет польскіх узброеных сіл прыняў пастанову аб фарміраванні новага віду вайсковых падраздзяленняў — афіцэрскіх легіёнаў. Апошнія, на думку камандавання, павінны былі стаць рэзервам афіцэрскіх кадраў, а таксама адборнымі баявымі фарміраваннямі па тыпу ударных, штурмавых частак рускага войска.

 

7 студзеня 1918 г. па загадзе Польскага ваеннага камітэта афіцыйна пачалося фарміраванне гэтых падраздзяленняў. Меркавалася стварыць кавалерыйскі, пяхотны і артылерыйскі легіёны. У Кожны ў складзе 192 афіцэраў, 48 салдат і 7 лекараў.

un_forma_ricarskaga_leg_jonu_logo.jpg

Уніформа Рыцарскага легіёну

Уніформа для легіёнаў была распрацавана пазней, а спачатку салдаты і афіцэры абавязаны былі насіць мундзіры палкоў, у якіх служылі да гэтага. Галоўным інспектарам гэтых падраздзяленняў быў генерал-паручнік Сурын, але неўзабаве яго змяніў падпалкоўнік Хабіх. Камандаванне легіёнаў адчувала значныя фінансавыя цяжкасці. 28 снежня 1917 г. Хабіх звярнуўся з просьбай да землеўладальнікаў і шляхты Беларусі аб аказанні фінансавай дапамогі польскім часткам.

У Мінску па ініцыятыве дваран каталіцкага веравызнання было створана таварыства сяброў польскага салдата. 1-ы афіцэрскі легіён пад камандаваннем палкоўніка Канажэўскага быў накіраваны ў Рагачоў, 2-і (артылерыйскі) пад камандаваннем падпалкоўніка Хабіха ў раён Бабруйска. Кавалерыйскі легіён быў высланы ў Чырвоны Бераг.

kaska_1_ga_korpusa_babrujsku_logo.jpg

Каска салдата 1-га корпуса ў Бабруйску

Усяго, у складзе Першага корпуса тады налічвалася каля 24 тысяч салдат і афіцэраў. Камандаваў корпусам кадравы вайсковы, за плячыма якога была вучоба ў Акадэміі Генеральнага штаба, удзел у двух кровапралітных войнах: Руска-японскай і Першай Сусветнай, генерал-лейтэнант Рускай імператарскай арміі Юзаф Рамуальдавіч Доўбар-Мусніцкі.

Супрацьстаянне

12 студзеня 1918 г. Доўбар-Мусніцкі адпраўляе галоўнакамандуючаму чырвонай гвардыі, прапаршчыку Крыленку ультыматум, у якім пазначае, што калі бальшавікі не спыняць напады на польскія часткі, ён абвесціць вайну новым уладам. У адказ саветы ажыццяўляюць напад на польскі артылерыйскі дывізіён у Крынках пад Віцебскам. У адказ польскія часткі пераходзяць да актыўных баявых дзеянняў супраць бальшавікоў. Першай маштабнай ваеннай аперацыяй польскіх вайскоўцаў стаў захоп Бабруйскай крэпасці — найважнейшага ў ваенна-стратэгічным плане апорнага пункта праціўніка і да таго ж найбуйнейшага склада ўзбраення і тэхнікі.

suprac_pavetranaja_abarona_na_stanci_beraz_na_logo.jpg

Супрацьпаветраная абарона на станцыі Беразіна

Вось як ацэньвалася значэнне крэпасці на Бярэзіне ў адным з польскіх данясенняў: “У крэпасці Бабруйск размяшчаліся значныя запасы фуражу, харчавання, адзення, сёдлаў, калючага дроту, медыцынскіх прэпаратаў. На інжынерных складах знаходзіліся аўтамабілі былых 2-й і 10-й рускіх армій, 40 тыс. пудоў пораху, мільён снарадаў і іншых выбуховых рэчываў. У крэпасці знаходзілася адна з самых магутных у Еўропе радыё-телеграфічных станцый, у якой можна было пачуць дэпешы з Эйфелевай вежы ў Парыжы, з Масквы, з Італьянскага фронту і г.д.”.

У ноч з 2 на 3 лютага 1918 г. пачалася аперацыя па захопу горада і крэпасці польскімі часткамі. На станцыю Ясень быў высланы ўзвод з 2-га афіцэрскага легіёну, для таго, каб затрымаць высланыя з Мінска ў Бабруйск падраздзялення бальшавікоў. У самой жа крэпасці галоўныя падзеі разгортваліся ў Форта Вільгельма. Для яго захопу польскае камандаванне вылучыла два ўзводы з афіцэрскага легіёна і 30 салдат з 7-га стралковага палка. Камандаваў аперацыяй падпалкоўнік Хабіх.

У 4 гадзіны раніцы Форт Вільгельма быў узяты польскімі часткамі без адзінага стрэлу. Спецыяльна навучаныя афіцэрскія атрады лёгка нейтралізавалі ахову форта. У палон было захоплена 12 чырвонагвардзейцаў. Польскімі трафеямі сталі 5 кулямётаў, 20 вінтовак і вялікая колькасць іншай зброі. Адначасова з гэтай аперацыяй, была ўзята і вежа Апермана.

Жорсткі бой паміж бальшавікамі і «легіянерамі» разгарнуўся каля дэпо пажарнай службы, але перавага сіл была ужо на польскім баку і неўзабаве ўвесь горад быў у руках Першага польскага корпуса. Неўзабаве ў Бабруйск прыехала і камандаванне корпуса на чале з генералам Доўбар-Мусніцкім. Пасля заняцця горада на Бярэзіне, палякам прыйшлося весці баявыя дзеянні, знаходзячыся практычна ў поўным атачэнні. Бальшавікі паставілі сваім войскам задачу: любым коштам знішчыць “польскіх легіянераў”.

ska_ti_babrujskaj_krepasc__logo.jpg

Скаўты ў Бабруйскай крэпасці

Была зроблена паветраная атака Бабруйскай крэпасці. Бамбардзіроўшчык “Ілля-Мурамец” скінуў бомбы на форт “Фрыдрых Вільгельм”. Аднак, ад масіраванай бамбёжкі Бабруйска “чырвоныя” адмовіліся. Відаць, у іх штабе ўсё ж разумелі, што гэта прывядзе да вялікага пажару і гібелі шматлікіх грамадзянскіх асоб.

Бальшавікі пачалі мабілізацыю мясцовага насельніцтва ў атрады Чырвонай гвардыі. Акрамя гэтага, паўсюдна пачынаюць фарміравацца партызанскія атрады. У адной з дэпешаў, накіраваных з Мінска камісару Слуцкага рэўкома Болатаву адзначалася: “Неадкладна пачынайце арганізоўваць сялянскія партызанскія атрады ў паветах губерні. Зброю для іх атрымаеце на складах у Слуцку”.

“Рыцары-дыверсанты”

Камандаванне польскага корпуса ўсведамляла, што толькі актыўнымі дзеяннямі можна пазбегнуць поўнай блакады і знішчэння. Для таго, каб засцерагчы Асіповіцкі кірунак, Доўбар-Мусніцкі вырашае правесці неардынарную па сваёй дзёрзкасці дыверсійную аперацыю. У ноч з 14 на 15 лютага 1918 г. ў бок Асіповічаў з Бабруйска накіроўваюцца 2 дыверсійныя групы па дзесяць чалавек кожная. Камандзірам першай з іх быў падпаручнік Станкевіч.

Яго атрад складаўся з жаўнераў “рыцарскага легіёну”. Гэта група мела задачу падарваць чыгуначныя шляхі за вёскай Татарка. З выкананнем загаду яна справілася, але на зваротным шляху палякі натыкнуліся на раз’езд чырвонагвардзейцаў. Легіянеры уратаваліся, але ў палон да бальшавікоў патрапілі цяжка параненыя падкапітан Чашэйка-Сахацкі і харунжы Баркоўскі, якія былі забіты бальшавікамі.

Афіцэр рыцарскага легіёну

У сваю чаргу, другая група, якая складалася з салдат і афіцэраў інжынерных падраздзяленняў корпуса, мела задачу, падарваць чыгуначныя шляхі непасрэдна ля Асіповічаў. 16 лютага гэты атрад на санях прыбыў у маёнтак графа Забела ў вёсцы Дурынічы. Пераначаваўшы, легіянеры накіраваліся да Цялушы. У кожнага з іх быў рэчмяшок з выбухоўкай. Яшчэ ў Дурынічах палякі пераапрануліся ў чырвонаармейскую форму. У Асіповічаў дыверсійная група падзялілася на дзве часткі. Адна з іх пайшла ўздоўж чыгуначных шляхоў, якія вядуць у бок Мінска, іншая, на чале з камандзірам групы, падкапітанам Магнушэўскім, накіравалася ў бок Слуцка.

Літаральна праз дзесяць хвілін, пасля таго, як першая група польскіх разведчыкаў заклала выбухоўку, на гарызонце паказаўся пасажырскі цягнік, які ішоў з Мінска ў Асіповічы. Знішчэнне цягніка не ўваходзіла ў планы “даўбурчыкаў”, ахвяраў і так хапала з таго і з другога боку. Таму легіянеры размініравалі чыгуначныя шляхі і заклалі зарад толькі пасля таго, як цягнік прайшоў небяспечны участак. Падобны выпадак адбыўся і на Слуцкім напрамку, дзе падкапітан Магнушэўскі выцягнуў выбухоўку літаральна з-пад колаў надыходзячага лакаматыва ваеннага эшалона.

guz_k_zha_nera_korpusa_znojdzeni_bk_logo.jpg

Гузік жаўнера корпуса, знойдзены ў БК

Пасля таго, як цягнікі прайшлі дыверсанты прывялі ў дзеянне зарады. Выбухі выклікалі паніку на станцыі. Забегалі напалоханыя чыгуначнікі і салдаты, затрашчалі кулямёты. Некалькі польскіх вайскоўцаў прабраліся на станцыю і крыкамі: “Браткі, ратуйцеся, польская кавалерыя нас абыходзіць”, яшчэ больш пагоршылі паніку ў шэрагах бальшавікоў. Пасля гэтага, дыверсанты спакойна пакінулі Асіповічы, і накіраваліся ў бок Цялушы. Заданне было выканана. Ужо ў Цялушы Магнушэўскі назваўся членам Бабруйскага рэўкама і загадаў выдаць яму сані, на якіх легіянеры дабраліся да маёнтка графа Забела ў Дурынічах, дзе іх чакаў цёплы прыём і гарачая ежа.

dakument_na_znagarodu_1_ga_pol_skaga_korpusu_logo.jpg

Дакумент на ўзнагароду 1-га Польскага корпусу

Дарэчы, менавіта з Дурынічаў Магнушэўскі адправіў тэлеграму бальшавіцкаму каменданту Асіповічаў. Вось тэкст гэтага паслання:

Паважаны таварыш Някрасаў. Калі ласка, заплаціце сялянам вёскі Цялуша па 15 рублёў, за тое, што яны даставілі нас на месца прызначэння. Падчас наступнага нашага візіту мы вернем вам гэтыя грошы. Сёння вы пераканаліся, што палякам не трэба кровапраліцце. Пра гэта сведчыць тое, што мы не пусцілі пад адхон два цягнікі, і ўзарвалі шляхі, толькі пасля таго, як цягнікі пакінулі месца выбуху. У вашым распараджэнні не дрэнныя салдаты, але служба іх, усё ж такі, не ідэальная. Да пабачэння. Легіянеры”.

uhnagaroda_1_ga_pol_skaga_korpusa_logo.jpg

Ухнагарода 1-га польскага корпуса

За жартаўлівым тонам, і хлапечай бравадай выкрываецца ўздых палёгкі. Салдатам Першага польскага корпуса ўдалося выбрацца цэлымі па сутнасці з логава звера. Па распараджэнні рэўкама, кожны, заўважаны ў прыфрантавой паласе без спецыяльнага дазволу павінен быў быць расстраляны без суда і следства. Штодня, дзесяткі такіх прысудаў прыводзілася ў выкананне. Праведзеная палякамі аперацыя значна скавала сілы бальшавікоў і прымусіла іх на нейкі час адмовіцца ад актыўных наступальных дзеянняў.

kostel_v_bobrujske_logo.jpg

Касцёл у Бабруйску

19 лютага 1918 г. легіянеры ажыццявілі паспяховае наступленне на Асіповічы, захапіўшы ў якасці трафеяў 7 палявых гармат, 70 кулямётаў і вялікую колькасць боепрыпасаў. Дарога на Менск была адкрыта. Аб’яднаўшы намаганні з войскамі 1-га Мінскага беларускага пяхотнага палка, які стаў асновай узброеных фарміраванняў Выканаўчага камітэта Вялікай Беларускай рады Усебеларускага з’езда, польскія часткі выбіваюць бальшавікоў з Мінска і ўваходзяць у горад. Пад Рагачовам і Жлобінам легіянерам ўдалося адкінуць непрыяцеля за Днепр. 27 лютага 1918 г. у крэпасці адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне афіцэраў і салдат корпуса. Узнагародай, стала усталяваная загадам № 120 ад 17 лютага 1918 г. ганаровая стужка польскіх нацыянальных колераў.

У сакавіку 1918 г. падраздзяленні корпуса прынеслі прысягу Рэгенцкай радзе ў Варшаве — польскаму ўраду, створанаму немцамі на акупаваных польскіх землях, якія раней уваходзілі ў склад Расійскай імперыі. На тэрыторыі, якую кантраляваў корпус, стваралася мясцовая адміністрацыя, дзейнічалі суды. У красавіку 1918 г. у корпусе была ўведзена новая уніформа. На прыклад, чыны рыцарскіх легіёнаў насілі агульны паходны мундзір, але з чорнымі пятліцамі французскага ўзору, якія мелі малінавую выпушку і накладзеныя адзін на адну літары “L” і “R”. Знакі адрознення на левым рукаве і лампасы на шараварах былі малінавымі, на касках у легіянераў мелася чорная палоска.

Свята 3 мая 1918 г. ў Бабруйскай крэпасці

Увесь корпус насіў французскія “адрыянаўскія” каскі, з намаляваным на іх, ці зробленым з металу белым арлом. У такой форме салдаты і афіцэры корпуса ўдзельнічалі ва ўрачыстым парадзе, прымеркаваным да святкавання польскага дзяржаўнага свята — Дня Канстытуцыі, 3 мая 1918 г.

Брат супраць брата

Разам з тым, не варта думаць, што знаходжанне палякаў у Бабруйску было мірным і спакойным. Корпусу прыходзілася весці жорсткія баі з чырвонымі партызанамі. То тут, то там падымаліся сялянскія паўстанні. Пра маштабы партызанскага руху можна меркаваць па тэксце адной з тэлеграм Рэўваенсавета Заходняга фронту, у якой выказвалася просьба аб накіраванні 700 вінтовак і карабінаў ў Старыя Дарогі для “узбраення партызан, якія змагаліся супраць польскіх акупантаў”. Сяляне нападалі на раскіданыя па навакольных вёсках гарнізоны палякаў. У адказ легіянеры праводзілі карныя аперацыі, ахвярамі якіх сталі жыхары дзясяткаў вёсак Бабруйскага павета (Вялікія і Малыя Бортнікі, Жылічы і інш.).

Генерал Доўбар-Мусніцкі ўсведамляў, што гэтая братазабойчая вайна прыводзіць да гібелі мірных жыхароў. Ён разумеў, што беларусы і палякі стагоддзямі жылі на гэтых землях, і ім няма чаго дзяліць. Але палітыка ўмяшалася ў гэты ўклад жыцця. Штаб корпуса і сам генерал выдавалі дзясяткі зваротаў да беларускіх сялян. У адным з іх, у прыватнасці, адзначалася:

Браты Беларусы!

Польская армія сфарміравана на аснове права народаў на самавызначэнне. Нашы ваенныя транспарты падвергліся нападу. [...] Мы не адчуваем нянавісці да Вас, за тое, што вы ўдзельнічалі ў гэтых нападах. [...] Палякі ўжо больш за сто гадоў пачынаючы з універсалу Тадэвуша Касцюшкі ліквідавалі паншчыну. Яе зноў вярнуў царскі ўрад.

У 1861 г. шляхта літоўскіх і беларускіх губерняў першая ў Расіі звярталася з пэтыцыяй да Аляксандра II з прашэннем аб ліквідацыі прыгону. Ніколі палякі, народ, які ставіць свабоду вышэй за жыццё і праліваюць за яе на працягу апошніх 150 гадоў сваю кроў, не будуць імкнуцца да пазбаўлення волі сваіх братоў, з якімі жылі на адной зямлі. [...]

Мы гатовы дазволіць Вам стварыць Беларускую раду ў Бабруйску. Мы просім ад Вас толькі харчаванне і коней, якіх пазбавіў нас Крыленка.

Няхай жыве незалежная Беларусь!

Эвакуацыя

Але баі працягваліся, і страты корпуса былі адчувальнымі. 25 студзеня 1918 г. у цэнтры крэпасці, каля плаца, па загадзе камандавання корпуса былі арганізаваны вайсковыя могілкі. У траўні генерал Ю. Доўбар-Мусніцкі загадаў насыпаць курган на месцы могілак. Мемарыял праектаваў палкоўнік інжынерных войск, будучы міністр ўзброеных сіл Польшчы Ян Врачынскі. Помнік уяўляў з сябе насып, узнесены да неба, знешне нагадваючы егіпецкую піраміду. У цэнтры кургана размяшчаўся крыж, перавязаны жалезным цярновых вянком.

evakuacija_korpusa_logo.jpg

Эвакуацыя корпуса

Польскія часткі знаходзіліся на падкантрольнай немцам тэрыторыі. Камандаванне корпуса ўступіла ў перамовы з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Генералу Юзафу Доўбар-Мусніцкаму быў пастаўлены ультыматум: альбо палякі эвакуіруюцца з крэпасці, пакінуўшы ўсю зброю, альбо немцы пачынаюць супраць іх баявыя дзеянні, у якіх саступаючы па колькасці і ваеннай моцы польскі корпус будзе знішчаны. У раён Бабруйска спешна сталі сцягвацца часткі 10-й нямецкай арміі (тры корпуса).

Свой адказ на нямецкі ультыматум генерал агучыў перад усім гарнізонам 22 мая 1918 г. Вось яго тэкст:

«Калі б я загадаў вам змагацца з немцамі, ведаю, што вы б усе, як адзін, пайшлі ў гэты смяротны бой, абараняючы салдацкі і афіцэрскі гонар. Немцам дорага б каштаваў гэты ультыматум, але і мы заплацілі б самую высокую цану. Гэтая бітва была б бессэнсоўнай прыгожай гібеллю Першага польскага корпуса. Я, як камандуючы корпусам, аддаўшы загад даць бой немцам, набыў бы славу адважнага салдата. Але за гэтую славу, я не буду плаціць тысячамі вашых жыццяў. Выхадам з гэтай сітуацыі будзе не гераічная гібель корпуса, а яго эвакуацыя ў Польшчу. Хутка мы зноў збяромся разам, каб заплаціць за прычыненую ганьбу”.

chirvonaja_gvardija_logo.jpg

Чырвоная гвардыя

Частка вайскоўцаў Першага польскага корпуса пад уплывам агітатараў Польскай Вайсковай Арганізацыі (POW) і эндэкаў не пагадзілася з рашэннем капітуляваць. Некалькі сотняў салдат і афіцэраў адправіліся на Украіну, Кубань і ў Мурманск. Туды, дзе фарміраваліся польскія часткі. Але большасць салдат і афіцэраў падпарадкаваліся загаду аб эвакуацыі. У канцы мая 1918 г. часткі корпуса пакінулі тэрыторыю Беларусі.

pol_sk_ja_vojsk_bobrujsku_1919_god_logo.jpg

Польскія войскі ў Бобруйску 1919 год

Ужо 11 лістапада 1918 г. вайскоўцы былога Першага корпуса ўрачыста сустракалі ў Варшаве Юзафа Пілсудскага. У гісторыі Польшчы пачынаўся новы перыяд, перыяд ІІ Рэчы Паспалітай. Польшча аднаўляла сваё войска. Неўзабаве пачнецца польска-бальшавіцкая вайна і ў 1919 г. палякі зноў вяртаюцца ў Бабруйск. У бітве за горад на Бярэзіне асабліва адзначыцца 3-ці полк Велькапольскіх стральцоў, створаны па загаду Ю. Доўбар-Мусніцкага. Загінуўшых ў 1919 г. “велькапалян” пахавалі каля кургана “даўбурчыкаў” на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці.

Курган

Пасля заканчэння вайны, савецкія ўлады ліквідавалі “польскі” курган. Магіла класавага ворага не магла знаходзіцца там, дзе размяшчаліся часткі Чырвонай Арміі. Гэты помнік быў такім жа непажаданым аб’ектам як дзесяткі цэркваў і касцёлаў. Аднак ён не адышоў у небыццё. 1 лістапада 1932 г. у польскай сталіцы па рашэнні ветэранаў Першага польскага корпуса на Вайсковых могілках у варшаўскім раёне Павонзкі была створана паменшаная копія Бабруйскага кургана.

kurgan_u_babrujskaj_krepasc__logo.jpg

Курган у Бабруйскай крэпасці

На гранітным надмагіллі можна прачытаць: “Гэты помнік з’яўляецца мініяцюрай кургана, насыпанага ў Бабруйскай крэпасці на месцы агульнай магілы салдат і афіцэраў Першага польскага корпуса, якія загінулі ў баях за свабоду Радзімы ў 1917–1918 гг.”. У кургане былі пахаваны былыя салдаты корпуса, памерлыя пасля заканчэння польска-савецкай вайны. Копія кургана захавалася да нашых дзён. Кожны год каля яго з’яўляюцца жывыя кветкі.

kurgan_da_burchika_na_pavonzkah_u_varshave_logo.jpg

Курган даўбурчыкаў на Павонзках у Варшаве

nap_s_na_kurgane_da_burchika_na_pavonzkah_logo.jpg

Напіс на кургане даўбурчыкаў на Павонзках

 

pomn_k_da_burchikam_varshave_logo.jpg

Помнік Даўбурчыкам ў Варшаве

***

Прайшлі гады, змяніліся палітычныя лідэры, змяніліся межы дзяржаў. Але гісторыя жыве вакол нас. Салдаты Першага польскага корпуса апынуліся тады, у 1918 годзе, паміж молатам і кавадлам. Улічваючы ўсе асаблівасці той не простай сітуацыі, варта сказаць, што яны да канца выканалі свой салдацкі абавязак, а іх лёсы — гэта не толькі частка польскай, але і частка нашай, беларускай, гісторыі. Шчыра спадзяюся, што калі-небудзь у Бабруйскім краязнаўчым музеі з’явіцца асобная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Першага польскага корпуса. “Даўбурчыкі” гэтага заслужылі.

Усе фота,  выкарыстаныя ў артыкуле, аўтара ці з архіва аўтара

Былы касцёл у Бабруйскай крэпасці

adz_n_z_farto_krepasc__logo.jpg

Адзін з фартоў крэпасці

vezha_apermana_zaraz_s_za_logo.jpg

Вежа Апермана. Зараз СІЗА

adz_n_z_budinka_bk_logo.jpg

Адзін з будынкаў БК