Жыццё і смерць на Рыжскай мяжы

Мяжа, якая прайшла па Беларусі 18 сакавіка 1921 года, падзяліла лёсы мільёнаў людзей. А для некаторых з мірных беларускіх жыхароў яна стала наогул смяротнай. Сярод іх княжна Крысціна Друцкая-Любецкая.  



krypta_d_l_logo.jpg

Крыпта Друцкіх-Любецкіх у Ракаве

Крысціна

Больш за 100 тысяч квадратных кіламетраў зямлі і 4 мільёны жыхароў Беларусі апынуліся пасля Рыжскай мірнай дамовы ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Дзяржаўная мяжа паміж дзвюма краінамі падзяліла і маёнтак Друцкіх-Любецкіх, які знаходзіўся пад Мінскам. Новае Поле засталося за бальшавікамі, а Стары Ракаў — за палякамі. У 1920 годзе, перад самым прыходам частак Чырвонай Арміі, жонка Ераніма Друцкага-Любецкага разам з дачкой Крысцінай пераехалі за лінію фронту. Большасць іх маёмасці засталося на савецкім баку. Жанчыны жылі ў невялічкім доме ў Ракаве.

Мяжа знаходзілася побач, і князёўна Крысціна любіла выязджаць вярхом на тыя мясціны, дзе прайшло яе дзяцінства і дзе зараз праходзіў кардон. Падчас адной з такіх прагулак ля вёскі Целяшэвічы ў маі 1921 года дзяўчыну заўважылі савецкія памежнікі. Яе схапілі, згвалцілі, забілі, а пазней кінулі цела ахвяры на польскі бок. Ёй было толькі 20 гадоў.

Улады Другой Рэчы Паспалітай спрабавалі расследаваць гэтае злачынства. Пра яго пісалі ў цэнтральных польскіх газетах. Бальшавікі, каб супакоіць суседзяў, расстралялі вінаватых, і на гэтым скандал сціх. Маладую Крысціну пахавалі ў крыпце на каталіцкіх могілках у Ракаве. Магіла захавалася да нашых дзён.

shil_da_kripce_krisc_ni_druckaj_ljubeckaj_logo.jpg

Забітая горам маці няшчаснай, княжна Марыя Гёцэндорф-Грабоўская хутка звар’яцела. Да самай смерці ў лістападзе 1946 годзе яна пражыла ў Ракаве.

raka_mog_lk__logo.jpg

Ракаўскія могілкі

Ад Рурыка

Княжацкі род Друцкіх-Любецкіх вёў свой радавод ад князя Рурыка. Але мы спынімся на апошніх яго прадстаўніках. Князь Еранім Друцкі-Любецкі нарадзіўся ў кастрычніку 1861 года ў Пінску. Скончыў нямецкую гімназію ў Рызе, а пазней вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Пасля вучобы служыў у 3-й гвардзейскай артылерыйскай брыгадзе. Пасля выхаду ў запас вярнуўся ў маёнтак свайго бацькі ў Новым Полі ля Мінска і актыўна заняўся гаспадарчай дзейнасцю. У гэты ж час ён працаваў мінскім карэспандэнтам пецярбургскага часопіса «Край». У вольны час ствараў тэатральныя п’есы.

palac_u_novim_pol__logo.jpg

Палац у Новым полі

У 1896 годзе князь стаў сябрам Рады Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, а праз некаторы час віцэ-дырэктарам гандлёвага адзела гэтай арганізацыі. У 1900 годзе — сябрам назіральнай рады Таварыства ўзаемнага страхавання. У 1901–1905 і 1911–1914 гадах — старшынёй Адзела па справах сельскай гаспадаркі і патрэб Палескага таварыства сельскай гаспадаркі. Вялікую ўвагу землеўласнік надаваў неабходнасці павышэння ўзроўню сельскагаспадарчай культуры і адукацыі сярод беларускіх сялян. Увесь час князь Еранім збіраў неабходную тэарэтычную інфармацыю для правядзення сельскагаспадарчых рэформ у Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі.

gaspadar_majontku_novim_pol_eran_m_druck_ljubeck__logo.jpg

Князь Еранім Друцкі-Любецкі

Гэтую працу заўважылі і накіравалі Друцкага-Любецкага ў адмысловы камітэт пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і дзяржаўнай маёмасці. У сакавіку 1905 года князь Еранім увайшоў у склад дэлегацыі, што везла ў Пецярбург петыцыю Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, у якой падкрэслівалася неабходнасць увядзення ўсеагульнай асветы на родных мовах для жыхароў беларускіх губерняў.

У 1906 годзе князь быў абраны дэпутатам Першай Дзяржаўнай думы ад Мінскай губерні. На пленарных пасяджэннях ён тройчы выказваўся аб неабходнасці правядзення шырокіх рэформ у сферы сельскай гаспадаркі. У 1909 годзе Друцкі-Любецкі атрымаў мандат у Дзяржаўны савет. У 1914 годзе стаў ганаровым суддзёй Мінскага павета. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны ён паспеў набыць маёнтак Бірштаны. Пазней князь заняўся развіццём розных польскіх арганізацый Міншчыны. У красавіку 1917 года стаў стваральнікам польскай Школьнай арганізацыі ў Мінску.

Перад захопам Мінска бальшавікамі ён выехаў у Варшаву, дзе захварэў «гішпанкай» і памёр 31 снежня 1919 года. Уладара маёнткаў на Міншчыне (Стары Ракаў і Новае Поле) і Піншчыне (Лунін) пахавалі на цэнтральных варшаўскіх могілках у Павонзках.

У Ераніма Друцкага-Любецкага і яго жонкі князёўны Марыі Гёцэндорф-Грабоўскай было чацвёра дзяцей: Марыя (1890–1945), Юзаф (1897–1943), Канстанцін (1893–1940) і Крысціна (1900–1921). Пра Марыю і Юзафа амаль нічога не вядома. А лёс Канстанціна і Крысціны скончыўся трагічна. Як мы ўжо ведаем, князёўна Крысціна была згвалтаваная і забітая на савецкім баку. А яе брат…

Канстанцін

Канстанцін Марыя Юзаф Друцкі-Любецкі нарадзіўся ў сакавіку 1893 года на Піншчыне ў маёнтку Парахоньск. У 1914 годзе ён скончыў Царска-Сельскі ліцэй, пасля якога паступіў на службу ў Рускае імператарскае войска. Служыў у 12-м гусарскім палку, удзельнічаў у баявых дзеяннях на франтах Вялікай вайны. У 1917 годзе, калі рускае войска пачало распадацца, князь перайшоў на службу ў польскі эскадрон пад камандаваннем ротмістра Канстанціна Плісоўскага (будучага героя абароны Брэсцкай крэпасці ў верасні 1939 года) у Адэсе. А вясной 1918 года залічыўся ў 3-ці ўланскі полк Першага польскага корпуса ў Бабруйску.

kamandz_r_v_lenskaj_brigadi_kanstanc_n_druck_ljubeck__logo.jpg

Камандзір Віленскай брыгады Канстанцін Друцкі-Любецкі

 

Падчас польска-бальшавіцкай вайны князь Канстанцін камандаваў польскімі часткамі Віленскай самаабароны, а пазней разам са сваім эскадронам нёс службу на дэмаркацыйнай лініі з савецкай Расіяй пад Мінскам. За гераізм, праяўлены ў баях з бальшавікамі, Друцкі-Любецкі быў узнагароджаны Крыжам "Віртуці Мілітары" V ступені.

У міжваеннае дваццацігоддзе Канстанцін выкладаў у Цэнтры падрыхтоўкі кавалерыі ў Грудзёндзу, быў намеснікам камандзіра 13-га ўланскага палка, камандзірам 2-га палка швалежэраў, начальнікам кафедры тактыкі ў Вышэйшай вайсковай школе, намеснікам камандзіра Віленскай кавалерыйскай брыгады і, нарэшце, у жніўні 1939 года, камандзірам гэтай вайсковай адзінкі. Дачка князя Тэрэза Дангель узгадвала, што на месца новай дыслакацыі брыгады палкоўнік Друцкі-Любецкі выехаў 28 ці 29 жніўня, за некалькі дзён да пачатку вайны. «Зялёны мундзір, афіцэрскія боты, пас, рагатыўка. Бацька пацалаваў нас і сказаў, каб мы не перажывалі», — узгадвае жанчына.

Падчас Вераснёўскай кампаніі 1939 года злучэнне пад яго камандаваннем увайшло ў склад паўночнай групоўкі арміі «Прусы» і ўдзельнічала ў кровапралітных баявых дзеяннях супраць нацыстаў у раёне Мацеёвіц і Гарваліна. Падчас адыходу ў бок мяжы з Румыніяй 26 верасня 1939 года палкоўнік быў цяжка паранены і ў раёне вёскі Лешчэсна трапіў у савецкі палон. Палоннага князя ўтрымлівалі спачатку ў турме ў Самборы, а пазней у лагеры для польскіх палонных вайскоўцаў у Старабельску. У канцы 1939 года афіцэру ўдалося даслаць дадому ліст, у якім ён пісаў, што знаходзіцца ў СССР. «Дзіўна складваецца жыцця. Мы змагаліся з нацыстамі, а трапілі ў бальшавіцкі палон», — пісаў тады палкоўнік Друцкі-Любецкі.

Жонка і дзеці афіцэра, якія ўвесь час знаходзіліся ў Вільні, хутка трапілі ў поле зроку НКУС. Савецкія спецыяльныя органы ўнеслі Друцкіх-Любецкіх у спіс на дэпартацыю ў Сібір, аднак у апошні момант тыя здолелі збегчы ў Генеральнае Губернатарства.

Вясной 1940 года былога камандзіра Віленскай кавалерыйскай брыгады разам з тысячамі іншых польскіх грамадзян расстралялі ў Быкоўні пад Кіевам. Прозвішча Канстанціна Друцкага-Любецкага знаходзіцца ў так званым Украінскім катынскім спісе.

biko_nja_mesca_pahavannja_knjazja_k_d_l_logo.jpg

Быкоўня. Месца пахавання князя Канстанціна

 

Пасля вайны родных палкоўніка наведаў польскі афіцэр, які ў 1939 годзе таксама быў у савецкім палоне ў самборскай турме і сядзеў з Друцкім-Любецкім у адной камеры. Ён і расказаў, як увесну 1940 года палкоўніка Войска Польскага вывезлі ў распараджэнне кіеўскага НКУС.

«Бацькі не было ў спісе польскіх афіцэраў, расстраляных у Катыні, і мы спадзяваліся на лепшае, аднак з кожным годам пасля вайны гэтая надзея знікала. Нарэшце ў 1994 годзе ўкраінцы перадалі Польшчы спіс ахвяр НКУС, у якім было і прозвішча палкоўніка Канстанціна Друцкага-Любецкага», — расказала дачка вайскоўца. Ужо ў 1964 годзе Канстанціну Друцкаму-Любецкаму было прысвоена званне брыгаднага генерала. Пасмяротна.