2 жніўня зафіксавана рэкордная колькасць нелегальных мігрантаў на мяжы Беларусі з Літвой

1 жніўня быў пабіты папярэдні рэкорд, але 2 жніўня мігрантаў стала яшчэ больш, піша Свабода.

images__2__2.jpg

У нядзелю з беларускага боку незаконна перайшлі мяжу і апынуліся ў Літве 289 мігрантаў, паведамляе Delfi.
Прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс сказаў, што ніякай сістэмы не засталося — калі раней нелегалы звычайна пераходзілі мяжу ўначы і там, дзе няма відэакамэраў, то цяпер яны ідуць праз усе ўчасткі і ў любы час дня і ночы.
Агулам мігрантаў, якія пры спрыянні афіцыйнага Мінску апынуліся на тэрыторыі Літвы, ужо больш як 3500 чалавек. Гедрус Мішуціс заявіў, што месца для размяшчэння ўсё новых групаў мігрантаў зноў не хапае.
Напярэдадні ў Літву прыбыла еўракамісар унутраных справаў Ілва Ёхансан. У нядзелю яна сустрэлася з міністрам унутраных справаў Агне Білатайце, у панядзелак — з прэзідэнтам Гітанасам Наўседам і прэм’ер-міністрам Інгрыдай Шыманіце.
Улады Літвы неаднаразова вінавацілі ў міграцыйным крызісе афіцыйны Мінск. На думку літоўскіх чыноўнікаў, Лукашэнка з падначаленымі не толькі загадаў спыніць кантроль на мяжы, але і актыўна спрыяе наплыву мігрантаў, ладзячы ім пераезд з Іраку і іншых краін да межаў Еўрасаюзу.