2034. Калі чакаюць вайну ЗША з Кітаем?

Свету прагназуюць новую глабальную вайну. Кітай, Расія і Іран кідаюць выклік сусветнаму парадку, усталяванаму пасля Другой сусветнай вайны. Што адкажа Захад?

2618232.jpg

Амерыканскі адмірал у адстаўцы Джэймс Стаўрыдзіс і былы марскі пяхотнік ды супрацоўнік выведкі Эліёт Акерман напісалі раман «2034», паведамляе  korrespondent.net.

У кнізе распавядаецца пра тое, як Кітай і Амерыка ўступаюць у вайну ў 2034 годзе. Яна пачынаецца з марской бітвы ля Тайваня і з таго, што Кітай дзейнічае ў негалосным альянсе з Іранам і Расіяй. На кнігу звярнулі ўвагу ў «The New York Times», бо ўбачылі ў апісаных там падзеях дзіўнае падабенства з цяперашняй сітуацыяй у свеце.

На карысць Індыі

У рамане Кітай і ЗША даходзяць да ядзернай перастрэлкі і спальваюць некалькі гарадоў адно аднаго, у выніку чаго дамінуючай сусветнай дзяржавай становіцца нейтральная Індыя.

У рэальным жыцці Іран і Кітай толькі што падпісалі 25-гадовае пагадненне аб супрацоўніцтве. А Уладзімір Пуцін збіраў войскі на мяжы з Украінай, папярэдзіўшы ЗША, што кожны, хто пагражае Расіі, «пашкадуе пра зробленае так, як даўно ўжо ні пра што не шкадавалі».

На фоне таго, як флот кітайскіх знішчальнікаў, узброеных тэхналогіямі радыёэлектроннай барацьбы, цяпер рэгулярна лётае над Тайванем, вядучы палітык Кітая ў замежных справах толькі што заявіў, што ў ЗША «няма права... каб размаўляць з Кітаем з пазіцыі сілы».

Ці ёсць сілы на вайну?

У «The New York Times» задаюцца пытаннем, ці сапраўды ў ЗША ёсць сілы і рэсурсы для глабальнай геапалітычнай сутычкі, «калі Кітай, Расія і Іран кідаюць выклік парадку пасля Другой сусветнай вайны больш агрэсіўна, чым калі-небудзь».

З Расіяй і Іранам — лічаць у выданні — Амерыка дасць рады, а вось Кітай — іншая справа.

Кітай з'яўляецца па-сапраўднаму роўным канкурэнтам для Злучаных Штатаў у ваеннай, тэхналагічнай і эканамічнай сферах.

А ўсяго ў некалькіх мілях ад Кітая знаходзіцца найбуйнейшы і самы прасунуты вытворца мікрасхем у свеце: «Taiwan Semiconductor Manufacturing Company». Паводле інфармацыі даследчай службы Кангрэса, TSMC з'яўляецца адным з трох вытворцаў у свеце, якія вырабляюць самыя перадавыя паўправадніковыя чыпы —  і, безумоўна, найбуйнейшым з іх. Другі і трэці — «Samsung» і «Intel».

Карта Тайваня

Большасць распрацоўшчыкаў мікрасхем, такія, як IBM, «Qualcomm», «Nvidia», AMD (і нават у пэўнай ступені «Intel») у цяперашні час выкарыстоўваюць TSMC і «Samsung» для вытворчасці мікрапрацэсараў, якія яны распрацоўваюць. Але, што не менш важна, тры з пяці кампаній, якія вырабляюць звышскладаныя літаграфічныя машыны, інструменты і праграмнае забеспячэнне, якія выкарыстоўваюцца TSMC і іншымі кампаніямі для таго, каб вырабляць мікрачыпы, — «Applied Materials», «Lam Research Corporation» і «KLA Corporation» — месцяцца ў Злучаных Штатах.

Такім чынам, у амерыканскага ўрада ёсць рычагі ўздзеяння, каб абмежаваць TSMC у вытворчасці перадавых мікрасхем для кітайскіх кампаній. Сапраўды, усяго два тыдні таму ЗША прымусілі TSMC прыпыніць выкананне новых заказаў ад сямі кітайскіх суперкампутарных цэнтраў, якіх падазраюць у садзейнічанні ў зброевых распрацоўках краіны.

Вось чаму сёння Кітай хоча займець кантроль над Тайванем — і не толькі па ідэалагічных прычынах, але і таму, што хоча, каб TSMC знаходзілася ў кішэні кітайскай ваеннай прамысловасці — паводле стратэгічных меркаванняў.

Таму што ў свеце лічбавых тэхналогій той, хто кантралюе найлепшага вытворцу мікрасхем, — той будзе кантраляваць многае. У рамане «2034» першае, што робіць Кітай, — захоплівае Тайвань.