Адэскі трамплін Саакашвілі

Ва Украіне — бум партыйнага будаўніцтва. Сярод заяўленых новых палітсіл ёсць і партыя, блізкая да адэскага губернатара Міхаіла Саакашвілі. Пра амбіцыі экс-прэзідэнта Грузіі і яго спадчыну ў Адэсе распавядае Андрэй Ішчанка, мясцовы актывіст прафсаюзу «Захіст праци».

odessa.comments.ua

odessa.comments.ua


— Літаральна на працягу аднаго тыдня ва Украіне анансавалі стварэнне трох партый. З чым гэта звязана?
— Думаю, што вырашальным момантам стаў крызіс партыі «Самапоміч», якой кіруе львоўскі мэр Андрэй Садовы. Увесь піяр «Самапомачы» будаваўся на вобразе Львова як ідэальнага, амаль еўрапейскага горада. І раптам пад горадам пачынае гарэць гарадскі сметнік, у выніку чаго гінуць пажарныя. Пасля высвятляецца, што мэр абяцаў ліквідаваць гэты небяспечны экалагічны аб’ект яшчэ ў 2006 годзе. Цяпер машыны развозяць львоўскае смецце ў іншыя рэгіёны Украіны і натыкаюцца на пратэсты. Разам са сметнікам пад Львовам згарае і рэйтынг партыі, на якую арыентаваўся ўкраінскі сярэдні клас. З’явілася спакуса заняць нішу.
— Сярод новых абвешчаных праектаў — структура, за якой стаяць людзі Міхаіла Саакашвілі, у прыватнасці экс-намеснік пракурора Давід Сакварэлідзэ. Аднак Саакашвілі ў новым праекце не свеціцца. Чаму?
— Гэта можа быць звязана з грузінскімі выбарамі, прызначанымі на восень. Вядома, што ў Саакашвілі там засталася партыя «Нацыянальны рух», вакол якой аб’ядноўваецца апазіцыя. Паводле апошніх апытанняў, «нацыяналы» і праўладная партыя ідуць роўна. Міхаіл Саакашвілі неаднаразова абяцаў грузінам вярнуцца. Магчыма, ён чакае вынікаў выбараў, каб канчаткова вызначыцца, у якой краіне яму працягваць сваю палітычную кар’еру. Акрамя таго, Саакашвілі баіцца фальстарту. Зараз ідзе перабудова ўсяго спектру прамайданаўскіх партый, і фінальная канфігурацыя, ад якой будзе залежаць перспектыва новага праекту, пакуль не зразумелая.
— Ці мае сэнс праект Саакашвілі без удзелу ў ім Саакашвілі?
— Наўрад ці, бо партыя, як і ўсе ўкраінскія партструктуры, пабудаваная пад канкрэтную харызматычную асобу, якая не сыходзіць з тэлеэкранаў. Саакашвілі вядомы ўсёй украінскай аўдыторыі. Ён добры спікер. Наўрад ці нехта іншы з яго аднапартыйцаў можа выступіць у ягоным амплуа.
— Палітычны стыль адэскага губернатара чымсьці падобны на стыль «адзінага беларускага палітыка». Канёк Саакашвілі — рэпартажы з розных прадпрыемстваў і ўстаноў, куды ён нечакана прыходзіць з праверкай, каб пасля ў прамым эфіры вывесці на чыстую ваду карупцыянераў і прайдзісветаў. Беларускі досвед такой практыкі вельмі спрэчны. Які вынік рэйдаў Саакашвілі?
— Думаю, аналагічны беларускаму. Адэсіты смяюцца з выступаў Саакашвілі, бо ведаюць ім цану. За амаль два гады яго губернатарства ніякіх кардынальных прарываў мы не пабачылі. Фактычна ў гэтым прызнаўся і сам кіраўнік вобласці, які нядаўна з намётам выехаў жыць за горад на знак пратэсту супраць таго, што цэнтр не дае яму грошай на мадэрнізацыю адной з трас горада (адно з яго галоўных абяцанняў). Праўда, варта прызнаць, што Саакашвілі палкі ў колы ўстаўляе мясцовая эліта, з якой ён не знайшоў агульнай мовы. Старыя адэскія кланы Костусева, Труханава, вядуць супраць яго сапраўдную вайну. Думаю, толькі ў Адэсе можна пабачыць білборды з анонсам праграмы пра апошнія злачынствы губернатара на мясцовым тэлебачанні.
— Падчас размоў з адэсітамі склалася ўражанне, што гэта людзі, якім менталітэт дыктуе іранічна ўспрымаць абяцанкі палітыкаў. Аднак у свой час значная частка адэскай эліты падтрымала прыход Саакашвілі на губернатарства.
— Магу растлумачыць гэта тым, што губернатарства Саакашвілі прыпала на першы крызіс постмайданаўскай адміністрацыі, якая давяла сваю няздольнасць змагацца з карупцыяй. І тут з’явіўся Саакашвілі, за якім стаяў «грузінскі міф». Натуральна, шмат у каго ўзніклі ілюзіі. Аднак адэскія рэаліі трошкі іншыя, чым грузінскія. Не кажучы пра тое, што губернатар на месцы не ў стане паўплываць на агульнаўкраінскія сацыяльна-эканамічныя трэнды. Наўрад ці стварэнне публічных пляжаў можа кампенсаваць матэрыяльныя праблемы.
— Як змяніліся заробкі ў Адэсе за апошнія часы?
— Заробкі ўпалі прыкладна ў тры разы. Да 2014-га добры спецыяліст у Адэсе атрымліваў каля тысячы долараў. Зараз фантастычным лічыцца заробак у 400. Трэба дадаць, што адначасова хутка растуць камунальныя тарыфы. Паводле разлікаў, двухпакаёўка будзе каштаваць узімку пад сто долараў. Новыя квітанцыі не спрыяюць папулярнасці губернатара, які фармальна тут не пры чым.
— Ці можа прарасійская апазіцыя ў Адэсе скарыстацца эканамічнымі праблемамі?
— Нягледзячы на тое, што майданаўскі электарат у горадзе складае не больш за 15 працэнтаў, міфы пра расійскае падполле ў Адэсе завышаныя. Існуе ініцыятыва родных ахвяр майскіх падзей 2014 года. Кожны другі дзень месяца яны — як правіла пенсіянеры — збіраюцца каля Дому прафсаюзаў. Напэўна, гэта і ёсць адзінай праявай прарасійскай актыўнасці. Інтарэс да новаросаўскіх хімер знік у тым ліку пасля таго, як вялікая частка адэсітаў, якія не прынялі Майдан, збегла ў Расію. Паступова яны вяртаюцца на радзіму, распавядаючы пра тое, што ўяўляе сабой расійскі побыт. Агульная думка рэпатрыянтаў — заробкі там трошкі вышэйшыя, аднак жорсткая дысцыпліна па месцы працы, іншы рытм жыцця… Заробак гэтага не кампенсуе.
— А як жа ролікі на расійскім тэлебачанні пра разгул у Адэсе радыкалаў-нацыяналістаў?
— Хачу расчараваць усіх аматараў версіі пра «нацыяналістычнае гняздо ў Адэсе». Усе групоўкі радыкалаў, кшталту адэскай «Самаабароны» або «Правага сектара», даўно знаходзяцца пад кантролем экс-рэгіянала мэра Труханава. Я не ведаю дакладна, нашто яму патрэбны кішэнны сілавы блок, аднак відавочна, што гэта дадае яму саліднасці ў супрацьстаянні з губернатарам вобласці.