Акцыю пратэсту ў Ерэване паліцыя разагнала вадамётамі (відэа)

Грамадзяне Арменіі пратэставалі супраць павышэння тарыфаў на электрычнасць.



jerevan_2306.jpg

У сталіцы Арменіі паліцыя разагнала акцыю пратэсту супраць павышэння тарыфаў на электрычнасць. Шэраг пратэстоўцаў затрыманы, перадае ВВС. Паведамляецца, што для разгону дэманстрантаў паліцэйскія выкарысталі вадамёты.

Акцыя пратэсту ў Ерэване праходзіла з 19 чэрвеня на плошчы Свабоды. Увечары 22 чэрвеня пратэстоўцы перайшлі на праспект Баграмяна, дзе размяшчаюцца ўрадавыя будынкі, і абвясцілі сядзячую акцыю пратэсту.

Намеснік начальніка паліцыі Ерэвана Валерый Асіпян запатрабаваў, каб пратэстоўцы пакінулі цэнтральны праспект сталіцы і вярнуліся на плошчу Свабоды. Ён патлумачыў гэта неабходнасцю руху транспарту. Таксама перад пачаткам затрыманняў паліцыя папярэдзіла, што мае права ўжываць сілу супраць парушальнікаў закону.

Пра павышэнне тарыфаў на электрычнасць стала вядома 17 чэрвеня. Плануецца, што з 1 жніўня плата павысіцца на 6,93 драма (каля 0,015 долара) — да 48,78 драма (каля 0,1 долара) за кВт•гадз.


 


 

euroradio.fm