Банкеты, жабкі, сутэнёры, комікі… Па старонках 60-гадовай гісторыі «Міжнароднай амністыі»

Шосты дзясятак размяняла адна з найбольш аўтарытэтных міжнародных праваабарончых арганізацый — «Міжнародная амністыя» (АІ). Некаторыя фрагменты гісторыі вельмі паважнай і саліднай структуры дастаткова незвычайныя.  

Фота eurasia.amnesty.org

Фота eurasia.amnesty.org


З улікам аўтарытэту і маштабу руху «Міжнародная амністыя», цяпер цяжка ўявіць, што ўсё пачыналася з банальнага застолля. Той «сабантуй» адбыўся ў Партугаліі ў 1961 годзе і закончыўся выклікам паліцыі, пасля таго, як двое прысутных за сталом студэнтаў прапанавалі выпіць «за свабоду». Паколькі на той час краінай кіраваў дыктатар Антоніа Салазар, такі тост палічылі экстрэмізмам. Хутка аматараў свабоды арыштавалі і прысудзілі да сямі гадоў турмы.
Рэакцыя дыктатара выглядала настолькі неадэкватнай, што гісторыя трапіла ў сусветную прэсу. Прачытаўшы яе, лонданскі адвакат Пітэр Бененсон задумаўся над лёсам людзей, якіх пераследуюць выключна па прычыне іх перакананняў. У выніку ён вырашыў стварыць арганізацыю, якая мелася дапамагаць асобам, якіх ён сам назваў «вязнямі сумлення».

За правы палітвязняў трэба змагацца

Зварот да стварэння такой арганізацыі пад назвай «Забытыя вязні» апублікавала лонданская газета Observer. Цікава, што дагрукацца да грамадскасці Пітэр вырашыў пераказам старой байкі пра дзвюх жабак, якія трапляюць у збан з вяршкамі. Першая, як памятаеце, здаецца і тоне. Другая працягвае працаваць лапкамі, пакуль у выніку вяршкі не пераўтвараюцца ў шматок масла, што дазваляе ёй вызваліцца. Метафара з жабкамі так спадабалася аўдыторыі, што хутка вакол аўтара склалася невялікая група прыхільнікаў ідэі — за правы палітвязняў трэба змагацца нават калі тая барацьба выглядае бесперспектыўна.


«Краты»

Паколькі на двары была халодная вайна, ініцыятывай Бенесона таксама хутка зацікавілася і брытанская разведка, якая дасылала сваіх людзей у секцыі «Амністыі». Кіраўніцтва арганізацыі ў сваю чаргу намагалася захаваць рэпутацыю «Амністыі» як незалежнай ад геапалітычных цэнтраў арганізацыі. Выкрыць «кратоў» дапамог выпадак. У 1966 году яны заблакавалі рапарт «Амністыі» пра зверствы брытанскіх жаўнераў у Адэне і адразу былі пазбаўлены сяброўства.

Пашырэнне дзейнасці

З павелічэннем колькасці сяброў руху пашырыўся дыяпазон яго дзейнасці. Сябры АІ не толькі дасылаюць лісты з просьбай вызваліць дысідэнтаў. Пачынаючы з 1970-х гадоў арганізацыя падтрымлівае сем'і зняволеных, адпраўляе назіральнікаў на судовыя працэсы і нават дапамагае ў пошуку прытулку ці працы экс-зняволеным. Адначасова арганізацыя таксама вырашыла дамагацца «справядлівай судовай працэдуры для кожнага дысідэнта». Гэта значыць, што кожнаму падсуднаму па палітычных справах маюць быць гарантаваныя наступныя рэчы: права на публічнае судовае слуханне, права быць пачутым, права на адваката, права на тлумачэнне сваіх учынкаў.

Фінансаванне

Кожная дзейнасць патрабуе фінансаў. У 1970-я «Амністыі» арыгінальна вырашала гэтае пытанне. Ёй дапамаглі... комікі. У 1976 годзе брытанскі аддзел «Амністыі» пачаў серыю канцэртаў з удзелам самых вядомых гумарыстаў Альбіёну. Сярод іх былі таксама сябры славутай групы Monty Python. А вось у нашы дні была знойдзена яшчэ адна незвычайная крыніца фінансавання. Сярод старых брытанцаў узнікла мода ў сваім завяшчанні перадаваць частку спадчыны праваабаронцам. Акрамя таго ў 1990-я «Амністыя» стала настолькі папулярнай, што праваабаронцы наладзілі продаж сувенірнай прадукцыі са сваім брэндам.

Правалы

Здараліся за 60 год і фенаменальныя праколы. Так, у снежні 1990 года арганізацыя выпусціла даклад, у якім абвінавачвала ўлады Ірака. Сярод іншага сцвярджалася, што людзі Садама ў шпіталях выцягвалі неданошаных дзяцей з інкубатараў і пакідалі іх паміраць. Такім чынам нібыта загінула каля 300 немаўлят. Члены Кангрэсу ЗША, якія прагаласавалі за адабрэнне вайны ў Персідскім заліве, часта цытавалі справаздачу «Амністыі» як адну з прычын для інтэрвенцыі. Пасля вайны высветлілася, што тая гісторыя была фэйкам.

Заклік легалізаваць прастытуцыю

У 2015-м АІ выступіла за легалізацыю прастытуцыі і сутэнёрства. На пасяджэнні Міжнароднага савета AI ў Дубліне большасць з 400 дэлегатаў з 70 краін выказалася ў падтрымку гэтай ініцыятывы. Барацьба за правы жрыц кахання выклікала канфлікт у арганізацыі. Так, з шведскага філіяла Amnesty International са скандалам выйшлі амаль 1800 членаў, заклікаўшы АІ звярнуць увагу на праблему беднасці, якая прымушае жанчын аказваць сексуальныя паслугі.

Зорны час яшчэ наперадзе!

У якасці рэзюмэ. Нягледзячы на розныя заганы, дзейнасці АІ за 60 гадоў выглядае салідна. За гэты час 50 000 вязняў сумлення атрымалі рознага кшталту падтрымку з боку актывістаў «Амністыі», колькасць членаў якой пераваліла за тры мільёны. Дарэчы, у самой арганізацыі лічаць, што апагей руху яшчэ наперадзе, паколькі са злоўжываннем дзяржаўнай уладай зараз можна эфектыўна змагацца праз сацыяльныя сеткі. «Сацыяльныя сеткі ажыўляюць ідэю грамадзяніна свету, якому неабыякавыя лёсы ахвяр дыктатур па ўсёй планеце», — тлумачаць праваабаронцы.