Ці будзе новая вайна ва Украіне?

Алесь Кіркевіч разважае на budzma.by пра перспектывы новай расійска-украінскай вайны.

unnamed_236.jpg


Вельмі часта войны пачынаюцца з таго, што абвешаныя ордэнамі і аксельбантамі военачальнікі прыходзяць да свайго галоўнага з пасылам: калі заўтра не пачнём мы, то паслязаўтра пачнуць яны. Пасля ўжо няма часу разбірацца, ці мелі яны рацыю.
Або праз шалёную волю аўтарытарнага кіраўніка, які сам даводзіць военачальнікам з аксельбантамі роўна тое самае: так Гітлер пераконваў сваіх генералаў, што Англія з Францыяй не ўступяцца за Польшчу, што савецкая армія рассыплецца.
Або варыянт чыста сацыялагічны. Калі ў дзвюх краінах, якія знаходзяцца побач, назапашваецца крытычная маса дзядзькоў з баявым досведам або «хацелкамі», якія прагнуць вырашыць нейкі састарэлы канфлікт.
Фактары, зрэшты, могуць мяняцца і пераплятацца.
Галоўнае: войны амаль ніколі не пачынаюцца з рацыянальных прычынаў. Бо вынік вайны — справа максімальна стратная нават для ўмоўнага пераможцы.

Мэта — вярнуцца на шахматную дошку?

Адкуль пайшла тэма пра новае абвастрэнне? Расійскія СМІ шмат самі пішуць пра будучы «ўкраінскі наступ». Чаму? Вось версіі:
1. Расійцаў рыхтуюць да вайны, якую можна пачаць па шчаўчку пальца — як польская кампанія 1939-га пачалася з інцыдэнту ў Гляйвіцы.
2. Украіна рэальна рыхтуе наступ. Але наступ вельмі дзіўны, бо акурат украінцы пакуль штодня гінуць ад абстрэлаў і не б’юць у адказ.
3. Нічога не будзе — звычайная прапагандысцкая «мулька», бразганне зброяй.
Важна, што ўсё гэта адбываецца на фон прамовы Байдэна ў сакавіку, якую параўноўваюць з фултанскім спічам Чэрчыля. Той назваў Пуціна «забойцам», адмовіўся з ім размаўляць. Калі з табой не размаўляюць — ты па-за гульнёй. Па-за шахматнай дошкай. У вялікай палітыцы гэта як смерць.
Трэба вяртацца любой цаной.
У Расіі фактычна засталося два рычагі ўплыву. Праз эканоміку — вуглевадарод. Праз сілу — ваенныя пункты ціску, накшталт Сірыі.
Магчыма, тут і хаваецца разгадка. Эскалацыя патрэбная, каб перапалохаць калектыўны Захад, а пасля прымусіць з сабой лічыцца. Каб зноў запрасілі за стол перамоваў, пагандлявацца за новы рэжым спынення агню.

Шанец быў у 2014-м, цяпер — перспектыва «пачатку канца»

Тое, што вайна за Данбас некалі будзе, — адназначна. Але зусім не факт, што заўтра.
Пра гэта, што цікава, кажуць і розныя ўдзельнікі «рускай вясны — 2014», якія сышлі ў апазіцыю, накшталт Гіркіна. Маўляў, шанец быў страчаны яшчэ тады, у 2014-м. Тады можна было і на Кіеў, і на Прыднястроўе прабівацца, цяпер — не.
Украінская армія зусім не тая, што 6 гадоў таму. І зусім не важна, хто там прэзідэнт — банкір або комік. Прабіцца малымі сіламі і рознымі «апалчэннямі» не ўдасца. А значыць, застаецца толькі варыянт поўнамаштабнай вайны. А калі такое, не дай Бог, будзе — гэта цалкам эсхаталагічная падзея. Акурат цяпер ЗША ўпішуцца за Украіну, будзе новы «ленд-ліз». Расія сутыкнецца з небяспекай «пачатку канца»: вялізныя страты, санкцыі, гульня на грані фолу. Падзея адназначна будзе пераломная для гісторыі рэгіёна.
Тут нават параўнанне з Афганістанам 80-х, які шмат у чым зламаў хрыбет СССР, падаецца занадта мяккім. Але такі варыянт усё ж хутчэй апакаліптычна-фантастычны.

Вайна будзе трымацца столькі ж, колькі сістэма

Пуціна Больш імаверна, што вайна ў той ці іншай форме (эканамічнай, палітычнай, прапагандысцкай, дыпламатычнай) будзе працягвацца на Данбасе роўна столькі, колькі будзе трымацца сістэма Пуціна: год, пяць, дзесяць гадоў... Невядома.
Адзіны шанец на мірнае вырашэнне — спыненне Крамлём падтрымкі Л/ДНР праз унутраныя перамены ў Расіі.
Вайсковыя корпусы непрызнаных рэспублік не здольныя ні на наступу, ні на абарону: у найлепшым выпадку іх задача — пратрымацца пару сутак у выпадку ўварвання з боку Украіны. Таму яны — толькі закладнікі сітуацыі, пешкі. Для Беларусі пакуль відавочна толькі тое, што ў выпадку лакальнага «замесу» Мінск ужо не будзе нейтральнай перамоўнай пляцоўкай. Хутчэй у Швецыі будуць весці перамовы, чым у нас. То бок у еўрапейскай краіне, якая не ёсць чальцом НАТА. Патэнцыял «донара міру ў рэгіёне» для Беларусі пакуль страчаны.
P. S.Усё напісанае вышэй — спробы рацыянальных разваг. Пуцін — не Гітлер, Зяленскі — не Аліеў.
Ёсць падставы для бразгання зброяй, запалохвання і — перамоваў. Для вялікай вайны — не.
Але... войны амаль ніколі не пачынаюцца з рацыянальных прычынаў. Бо вынік вайны — справа максімальна стратная нават для ўмоўнага пераможцы.
Алесь Кіркевіч, budzma.by