Дэпартуюць у Беларусь? Грамадзянін Беларусі, юрыст Фонду Навальнага не выйшаў са спецпрыёмніка

Сёння юрыст Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Уладлен Лось не выйшаў са спецпрыёмніка «Бірулёва-Заходняе» пасля адбыцця трох сутак адміністрацыйнага арышту.

Плакат у Расіі, ілюстрацыйнае фота

Плакат у Расіі, ілюстрацыйнае фота


Замест гэтага з аддзелу выехаў паліцэйскі аўтобус, распавёў кіраўнік юрыдычнага аддзелу ФБК Вячаслаў Гімадзі, перадае Радыё Свабода.

Дзе зараз знаходзіцца Лось, невядома. Сувязі з ім няма. Раней юрыста абавязалі пакінуць Расію да 25 студзеня.

«Гэты грамадзянін быў адпушчаны сёння ў 14:00, — сказаў дзяжурны спецпрыёмніка. — Куды ён далей ідзе, я вам не магу адказаць. Не да мяне пытанне, я не ў курсе».

Уладлен Лось — грамадзянін Беларусі. Аднак сілком выправадзіць яго Расіі не маюць права, растлумачыў Вячаслаў Гімадзі. Дэпартацыя можа адбыцца толькі па рашэнні суда, а ў яго няма такога рашэння, удакладніў юрыст.

Уладлена Лася затрымалі 21 студзеня ў гатэлі, паколькі за яго кватэрай сачылі сілавікі напярэдадні акцыяй пратэсту 23 студзеня за вызваленне Аляксея Навальнага.

Ад яго запатрабавалі да 25 студзеня пакінуць Расію і забаранілі ўезд да 27 лістапада 2023 года.

22 студзеня Сіманаўскі суд арыштаваў юрыста на трое сутак. Уладлена Лася палічылі вінаватым у нібыта непадпарадкаванні паліцэйскаму.