Die Welt: Ці мог Лукашэнка зайсці так далёка?

«У панядзелак беларускі апазіцыянер Віталь Шышоў не вярнуўся дадому з прабежкі. Цяпер яго знайшлі павешаным у парку. Паліцыя распачала справу па артыкуле аб забойстве. Многае нагадвае пра адзін з папярэдніх выпадкаў», — піша нямецкае выданне «Die Welt».


«Шышоў узначальваў "Беларускі дом ва Украіне" — арганізацыю, якая аказвае падтрымку беларускім бежанцам пасля іх прыбыцця ва Украіну. Яго сябры паведамілі, што Шышоў падвяргаўся пераследам», — піша адна з цэнтральных нямецкіх газет.

«Пакуль нельга з упэўненасцю сказаць, стаў Шышоў стаў ахвярай паслугачоў рэжыму Лукашэнкі. Аднак той факт, што менавіта беларускі апазіцыянер быў знойдзены мёртвым за мяжой, дазваляе выказаць здагадку, што Шышоў не здзяйсняў самагубства — бо службы бяспекі рэжыму Лукашэнкі ўсё часцей процідзейнічаюць апазіцыянерам за мяжой», — адзначае «Die Welt».

«Выпадак Шышова — толькі апошні ў серыі спраў, звязаных з беларускай апазіцыяй за мяжой або крытыкамі рэжыму Лукашэнкі, — піша выданне, нагадваючы аб сітуацыі з беларускай спартсменкай Крысцінай Ціманоўскай, якую, верагодна, хацелі супраць яе волі вярнуць на радзіму з Алімпійскіх гульняў у Токіа пасля крытыкі ў адрас кіраўніцтва, і аб арышце блогера Рамана Пратасевіча, аднаго з заснавальнікаў Telegram-канала «Nexta», што крытыкуе рэжым. «Пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў летам 2020 года дзясяткі тысяч людзей пакінулі Беларусь, у тым ліку сімвал апазіцыі Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца ў сталіцы Літвы Вільні. Яны баяцца катаванняў і смерці ад рук сіл бяспекі рэжыму».

«З пачатку пратэстаў было арыштавана больш за 30 тыс. чалавек. Маюцца незлічоныя паведамленні аб масавых парушэннях правоў чалавека з боку дзяржаўных чыноўнікаў. Праваабарончыя арганізацыі налічылі больш за 600 палітвязняў», — гаворыцца ў артыкуле.

«Паведамляецца, што з мінулага года толькі ў Польшчу прыехалі больш за 100 тыс.беларусаў. Аднак і там члены беларускай апазіцыі падвяргаюцца пагрозам і пераследу, як, напрыклад, Павел Латушка, былы дыпламат і сябра так званага Каардынацыйнай рады. Латушка знаходзіцца ў Варшаве. Паводле яго ўласных слоў, Лукашэнка асабіста пагражаў яму забойствам».

«Польшча знаходзіцца ў цэнтры ўвагі беларускіх і расійскіх спроб дэстабілізацыі. Яны ўключаюць у сябе і аказанне ціску на прадстаўнікоў беларускай апазіцыі або іх запалохванне. Мы робім усё магчымае, каб гэтага не адбывалася», — заявіў у інтэрв'ю «Die Welt» Марцін Пшыдач, намеснік міністра замежных спраў Польшчы. Пшыдач адказвае за палітыку свайго ўрада ў дачыненні да Беларусі. Так, ён адыграў важную ролю ў тым, каб спартсменка Ціманоўская магла хутка атрымаць візу. «Мы прапануем Крысціне Ціманоўскай магчымасць застацца ў Польшчы», — сказаў Пшыдач.

«Пра забойствы беларускіх апазіцыянераў у краіне ЕС Польшчы пакуль не паведамлялася. Віталь Шышоў загінуў не ў краіне ЕС, а ва Украіне — што можа сведчыць аб тым, што рэжым Лукашэнкі пакуль яшчэ прытрымліваецца чырвоных ліній. Яго смерць, аднак, паказвае тое, што апазіцыянеры з Расіі і Беларусі ведаюць ужо даўно: Украіна можа падаваць сябе ў якасці бастыёна супраць постсавецкіх аўтакратый, нават у якасці іх контрмадэлі. Але бяспечным для апазіцыянераў месцам краіна не з'яўляецца», — адзначае выданне.

«У Кіеве раз-пораз гінуць палітычныя эмігранты, як, напрыклад, расійскі экс-дэпутат Дзярждумы Дзяніс Вараненкаў, якога застрэлілі ў цэнтры Кіева чатыры гады таму. Справа Шышова, аднак, больш нагадвае забойства журналіста Паўла Шарамета ў 2016 годзе, якое да гэтага часу не раскрыта».

«Будучы выхадцам з Беларусі, Шарамет актыўна працаваў ва ўсіх трох славянскіх краінах былога Савецкага Саюза, што моцна не падабалася Лукашэнку, які ў 2010 годзе пазбавіў Шарамета грамадзянства. Гэта не перашкодзіла Шарамету рэзка крытыкаваць Лукашэнку і здымаць дакументальныя фільмы пра праціўнікаў Лукашэнкі, зніклых у 1990-х гадах. Раней выказваліся здагадкі, што да забойства Шарамета маглі быць датычныя беларускія спецслужбы, але гэта да гэтага часу не даказана», — гаворыцца ў артыкуле.

«Ці можа спецслужба стаяць і за смерцю Шышова? У любым выпадку, марудлівы і часта крытыкуемы падыход следчых органаў у справе Шарамета пакідае мала надзей на хуткае раскрыццё справы. Не ў апошнюю чаргу выгаду з гэтага здабывае Лукашэнка. Шокавы эфект магчымай гвалтоўнай смерці выгнанага беларуса будзе тым мацнейшым, калі дачыненне мінскага аўтакрата працягне лунаць у паветры і ў той жа час не выкліча рэзкай рэакцыі з боку ЕС».

«Брусель стрымана адрэагаваў на смерць апазіцыянера. Еўракамісія, відавочна, хоча дачакацца вынікаў украінскага расследавання, перш чым заняць пэўную пазіцыю».

«У выпадку з Крысцінай Ціманоўскай Еўракамісія асудзіла дзеянні беларускай дзяржавы і заявіла пра сваю салідарнасць са спартсменкай. Прычына стрыманасці ў выпадку Шышова, акрамя невыразных абставін таго, што адбылося, верагодна, заключаецца ў тым, што дыпламатычныя наступствы магчымага забойства датычацца не самога ЕС, а трэціх краін: Беларусі і Украіны», — адзначае нямецкая газета.

Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: