ЕСПЧ назваў Расію адказнай за забойства Аляксандра Літвіненкі

Расійскія ўлады адказныя за атручванне ў Вялікабрытаніі былога супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі, пастанавіў Еўрапейскі суд па правах чалавека. ЕСПЧ мяркуе, што Расія таксама не правяла належнага расследавання для пошуку вінаватых у гібелі спадара Літвіненкі, паведамляе «Коммерсант».

a66a2f01da49524882de79a95f35b64d5e1e4654.jpg

З пазовам у суд звярнулася яго ўдава Марына (змяніла прозвішча на Картэр), суд прысудзіў ёй €100 тыс. кампенсацыі. Крэмль назваў заяву ЕСПЧ галаслоўнай.

Скарга была накіраваная ў суд 21 мая 2007 года, яе разгляд прыпыняўся на час брытанскага расследавання (з 16 снежня 2014 да 8 сакавіка 2016). У пастанове на сайце ЕСПЧ гаворыцца, што была ўстаноўленая «наяўнасць важкіх довадаў» таго, што да атручвання датычныя двое расіян — Андрэй Лугавы і Дзмітрый Коўтун. Суд мяркуе, што яны «дзейнічалі як агенты расійскай дзяржавы».

ЕСПЧ таксама заявіў, што расійскія ўлады не здолелі даць «здавальняючае і пераканаўчае тлумачэнне» забойства або зняпраўдзіць матэрыялы брытанскага следства. «Суд таксама ўстанавіў, што расійскія ўлады не правялі эфектыўнага ўнутранага расследавання, якое магло б дапамагчы ўстанавіць факты і, пры неабходнасці, асобы вінаватых у забойстве і пакаранне для іх»,— сцвярджаецца ў рашэнні Еўрапейскага суда.

Аляксандр Літвіненка ў 2000 годзе ўцёк у Вялікабрытанію пасля таго, як у Расіі супраць яго распачалі некалькіх крымінальных спраў. У 2006 годзе ён загінуў ад атручвання радыеактыўным палоніем-210. Брытанскія ўлады абвінавацілі Расію ў тым, што здарылася. Аўтар расследавання каранер Роберт Оўэн сказаў, што дзеянні атрутнікаў мог ухваліць асабіста Уладзімір Пуцін. Генпракуратура РФ сцвярджала, што абвінавачванні ў дачыненні да спадароў Лугавога і Коўтуна сфабрыкаваныя.