Эстонія назвала «інсцэніроўкай» затрыманне свайго дыпламата ў Санкт-Пецярбургу

Эстонія ў аўторак абвінаваціла Расію ў беспадстаўным затрыманні аднаго са сваіх дыпламатаў, назваўшы гэты інцыдэнт сведчаннем таго, што Расія выбірае шлях канфрантацыі ў адносінах з Еўропай, піша Свабода.

v_peterburhe_fsb_79_main.webp


Раней Федэральная служба бяспекі РФ (ФСБ) заявіла, што затрымала консула Эстоніі ў Санкт-Пецярбургу Марта Лятэ пасля таго, як ён быў выкрыты ў атрыманні канфідэнцыйнай інфармацыі ад грамадзяніна Расіі.
«Гэтая дзейнасць несумяшчальная са статусам дыпламата і мае відавочны варожы характар у адносінах да Расійскай Федэрацыі, — гаворыцца ў заяве ФСБ. — Да замежнага дыпламата будуць ужытыя меры ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права».
Адносіны Расіі з еўрапейскімі краінамі ў апошнія месяцы абвастрыліся пасля шэрагу абвінавачванняў у шпіянажы на адрас расійскіх дыпламатаў у Еўропе. Адбылася ўзаемная высылка дыпламатаў з такімі краінамі ЭЗ, як Італія, Балгарыя, Чэхія і Румынія.
Афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных справаў Эстоніі Аары Лемік заявіла, што ФСБ затрымала Лятэ на паўтары гадзіны пасля таго, як ён пакінуў рабочую сустрэчу ў Санкт-Пецярбурскім палітэхнічным універсітэце.
«Абвінавачанне ў тым, што ў яго былі сакрэтныя дакументы, цалкам беспадстаўнае. Гэта правакацыя. Увесь інцыдэнт быў інсцэніроўкай», — сказала яна.
«Мы лічым гэта чарговым прыкладам таго, што Расія выбірае канфрантацыю замест таго, каб змяніць негатыўную тэндэнцыю ў адносінах з краінамі-чальцамі ЭЗ», — дадала Лемік.