EURO сваімі вачыма: спякотны Будапешт, вольны Амстэрдам, танны Бухарэст

Борт амерыканскай кампаніі «Юнайтэд» мякка крануўся ўзлётна-пасадачнай паласы і неўзабаве запаволіўся. За шклом прамільгнулі сілуэты іншых самалётаў, а потым раптоўна ўзнік каляровы надпіс на незразумелай мове: «Isten hozott Magyarországon!»
Фота АР.  Украінскія заўзятары на вуліцах Рыма

Фота АР.  Украінскія заўзятары на вуліцах Рыма

Пасажыры не затрымаліся на борце і хутка ўжо праходзілі пашпартны кантроль. «Пакажыце адмоўны тэст на кавід», — афіцэр у белай кашулі звяртаецца па-англійску. Дастаю паперу. «З якой мэтай прыехалі? EURO-2020? Пакажыце квіток на гульню». Адкрываю прыкладанне на тэлефоне і працягваю памежніку. «Ого, Францыя — Партугалія», — падымае вялікі палец угару, вяртае тэлефон, а потым паўтарае тую самую фразу, што бачная з акна самалёта: «Сардэчна запрашаем у Венгрыю!»

Наша вандроўка на чэмпіянат Еўропы пачынаецца з Будапешта.

Латарэя

Дакладней, усё стартавала яшчэ ў 2019 годзе. Менавіта тады распачаўся продаж квіткоў на турнір. Працэс для нейтральных заўзятараў фактычна ўяўляе з сябе латарэю. На адмысловым сайце УЕФА ты робіш заяўку на гульні, якія хацеў бы наведаць. Калі заяўка «згуляе», то можна выкупіць квіткі. Зразумела, што павялічыць шанцы можна, зрабіўшы запыт як мага раней пасля афіцыйнага пачатку продажу і выбраўшы як мага болей гульняў. Тым больш, лішнія квіткі заўсёды можна здаць назад. Менавіта так рабілі мы з братам — і ў выніку атрымалася пяць матчаў.

Цяжкасць менавіта ў тым, каб выйграць гэтую латарэю, бо цэны на квіткі самі па сабе не надта высокія. Яны залежаць ад стадыі турніру, цэнавой катэгорыі і, адмыслова на гэтым ЧЕ, ад горада правядзення. Напрыклад, квіткі другой катэгорыі на групавы этап у Будапешце каштавалі 75 еўра кожны, а у Амстэрдаме — ужо 125. Чвэрцьфінал у Рыме той жа катэгорыі — 145 еўра.

«Карона»

Два гады таму правядзенне чэмпіянату ў розных краінах Еўропы выглядала добрай ідэяй. Здавалася, можна вольна паездзіць па кантыненце, паглядзець розныя гарады і адчуць разнастайнасць культур. Але у 2021-м усё аказалася нашмат складаней. Сітуацыя змянілася, вядома, з-за пандэміі каронавіруса.

Да апошняга было не зразумела, ці пройдзе турнір з гледачамі ўвогуле. У выніку вырашылі, што заўзятараў дапусцяць — на гэтым настойваў УЕФА. Пытанне засталося ў тым, на колькі адсоткаў запоўняць стадыёны.
Гэта вырашалі ўжо самі краіны-гаспадыні — у залежнасці ад эпідэміялагічнай абстаноўкі ў кожнай. У выніку 100 працэнтаў наведвальнікаў дазволілі толькі на арэне «Ферэнц Пушкаш» у Венгрыі.

Акрамя таго, краіны-гаспадыні ўстанавілі розныя правілы на ўезд праз свае межы, а таксама на праход на стадыён. Усё гэта стварала дадатковыя цяжкасці і выдаткі. Давялося пабачыць не столькі разнастайнасць культур, колькі рознае стаўленне да каронавіруса.

Дунай

Будапешт сустрэў 35-градуснай спёкай і архітэктурнымі кантрастамі. Па дарозе з аэрапорта можна было падумаць, што едзеш недзе па мінскіх спальных раёнах: па-за дрэвамі ўзвышаліся тыповыя панэльныя дамы ў «найлепшых» традыцыях савецкай архітэктурнай школы.

А вось гістарычны цэнтр горада ўразіў ужо размахам сярэднявечных будынкаў. Шырокі Дунай раздзяляе горад на две часткі — Буду і Пешт, — якія звязваюць некалькі мастоў. Абодва бакі ракі забудаваныя старажытнымі цэрквамі, замкамі і адміністрацыйнымі будынкамі, найпрыгажэйшы з якіх — венгерскі парламент.

Нават фан-зона ў Будапешце — са старажытным каларытам. Яна размясцілася наўпрост каля прыгожага замка, пабудаванага ў 19-м стагоддзі. Тут давялося пабачыць некалькі сустрэч чэмпіянату. Прапаноўвалі ежу, пітво і паказвалі футбол на чатырох вялізных экранах.

Тэст

Але галоўнай падзеяй, дзеля якой мы наведалі Будапешт, была ўсё-ткі гульня «Францыя — Партугалія» на арэне «Ферэнц Пушкаш». Каб патрапіць на стадыён, патрэбны быў не толькі квіток, але і спецыяльны бранзалет, які паказвае адсутнасць каронавіруса. Венгры маглі атрымаць яго, прадэманстраваўшы свае карткі вакцынацыі.

Краіна правяла даволі паспяховую кампанію: больш за 50 адсоткаў насельніцтва было вакцынавана на момант пачатку ЕURO. Менавіта таму ўлады дазволілі поўную наведвальнасць на галоўным стадыёне краіны.
Замежнікам, у сваю чаргу, трэба было прадэманстраваць адмоўны ПЦР-тэст на кавід. Яшчэ ў аэрапорце мы пацікавіліся, дзе яго можна зрабіць. Ветлівыя валанцёры падказалі: проста каля стадыёна ёсць тэст-цэнтр, які адмыслова ўсталявалі для футбольных заўзятараў.

За дзень да гульні накіравался туды. Толькі выйшлі з метро, як пабачылі вялізную чаргу з французаў і партугальцаў — чалавек 50. Падумалася, што час яшчэ ёсць: было недзе дзве гадзіны, а медпункт працаваў да пяці. Але праз дзесяць хвілін адзін з супрацоўнікаў выйшаў з непрыемнымі навінамі: праца спыняецца, узялі ўжо зашмат проб на сёння і больш людзей не прымуць. Як быць тым, каму тэст усё яшчэ патрэбны, каб патрапіць на гульню? Гэта вашы праблемы.

У выніку давялося знайсці лабараторыю самім ды заплаціць па 55 еўра. Паспелі здаць пробу ў апошні момант: ПЦР робіцца прыкладна суткі. Столькі ж заставалася да гульні.

Аншлаг

Гэта было дзіўнае пачуццё — ісці ў шматтысячным натоўпе на масавую падзею пасля таго, як насельніцтва большасці краін свету больш за год знаходзілася на розных узроўнях карантыну ды ізаляцыі. Супакойвала думка, што ўсе навокал маюць ці адмоўны тэст, ці вакцыну. У выніку гульню наведалі амаль 55 тысяч гледачоў.
Пры такім вялізным натоўпе каманды правялі добрую па якасці сустрэчу, але напрыканцы відавочна не рызыкавалі і проста перакочвалі мяч — лік 2:2 выводзіў у плэй-офф і Францыю, і Партугалію. Дарэчы, большасць гледачоў былі мясцовымі, і найбольшыя авацыі на стадыёне вызывалі не галы Раналду ці Бензема, а поспехі сваёй зборнай ў паралельнай гульні з Германіяй. Некаторыя заўзятары наўпрост сачылі за падзеямі ў Мюнхене і глядзелі ў экраны сваіх тэлефонаў, а не на поле «Ферэнц Пушкаш».y

Пасля фінальнага свістку ў горадзе было ціха, заўзятары моўчкі ішлі па дамах. Гарэзная зборная Венгрыі, згуляўшая ў нічыю з немцамі, пакідала ЧЕ.

Прастытуцыя

Далей па плане была гульня 1/8 фінала ў Амстэрдаме, куды мы накіраваліся на наступны дзень. Першае, што кідаецца ў вочы па прылёце, — розніца ў надвор’і. У сталіцы Нідэрландаў было ўсяго +17, што пасля венгерскай спёкі адчувалася літаральна як глыток свежага паветра.

Амстэрдам — унікальны горад. Ён адначасова сучасны і сярэднявечны. Большасць насельніцтва перасоўваецца на роварах, а на шырокіх каналах людзі жывуць наўпрост у лодках-кватэрах. Там, як вядома, легалізаваныя лёгкія наркотыкі ды дазволеная прастытуцыя ў знакамітым квартале чырвоных ліхтароў. Амстэрдамская свабода кожны год прываблівае мільёны турыстаў.

На футбол таксама дапускалі па іншай сістэме. Тут можна было зрабіць хуткасны тэст на кавід проста каля «Ёхан Круіф Арэны» ў дзень гульні, прычым задарма. За дзве гадзіны да пачатку сустрэчы там сабралося шмат людзей, але чарга рухалася даволі хутка. Можа, нават занадта хутка. Падалося, што тэст рабілі проста для праформы: людзі праходзілі праз белыя намёты з медперсаналам за лічаныя хвіліны. Вынікаў тэсту ніхто не абвяшчаў.

У той дзень на полі сустракаліся Данія і Уэльс. У паўночнікаў не ўзнікла праблем, і яны ўпэўнена перамаглі. Як бы цынічна гэта ні гучала, але здарэнне з Крысціянам Эрыксанам, здаецца, станоўча адбілася на выступленні датчан на ЕURO. Так, спачатку футбалісты былі ў шоку і прайгралі дзве сустрэчы, але потым з’ядналіся разам з усёй нацыяй і ўпэўнена дайшлі па паўфінала.

Гульня ў Амстэрдаме была для Даніі як хатняя: тысячы іх фанатаў прыехалі ў Нідэрланды падтрымаць каманду. Пасля перамогі над Уэльсам футбалісты доўга не сыходзілі с поля. Яны спявалі, фатаграфаваліся і дэманстравалі поўную еднасць з заўзятарамі.

Квэст

Наступная частка падарожжа была даволі цяжкай у плане лагістыкі: дзве гульні запар у двух розных гарадах. Спачатку быў той жа Будапешт, дзе Чэхія сенсацыйна перамагла Нідэрланды. Гэтая гульня скончылася позна ўвечары, а ўжо раніцай нас чакаў цэлы квэст.

Спачатку паспець на цягнік да Вены, потым з вакзала сталіцы Аўстрыі імчацца ў аэрапорт, дзе чакаў самалёт да Бухарэста. Мэта апраўдвала сродкі і высілкі: у той жа дзень на «Нацыянальным стадыёне» сустракаліся Францыя і Швейцарыя.

Галоўнае ўражанне ад сталіцы Румыніі пасля некалькіх дзён у Амстэрдаме — камфортныя цэны. Гатэль, ежа і асабліва транспарт каштавалі нашмат меней. На «уберы» за 10 еўра можна было дабрацца ад аэрапорта да цэнтра, а за 2-3 еўра — пакатацца па горадзе. Прычым Бухарэст даволі вялікі, і адлегласці там адчувальныя.

Але асноўныя эмоцыі выклікаў усё ж сам футбол. Гэта была адна з найлепшых сустрэч чэмпіянату: напачатку 1:0 на карысць Швейцарыі, потым узяты Л’ёрысам пенальці, перахоп ініцыятывы французамі — і паступова 3:1 на іх карысць. Канец? Не для швейцарцаў: два галы ў апошнія 10 хвілін асноўнага часу, а потым перамога па пенальці! Гэта было крута.

Фантаны

...У цэнтры Рыма было на дзіва ціха. Англія толькі што перамагла Украіну ў чвэрцьфінале, і брытанскія заўзятары засталіся святкаваць у ваколіцах «Стадыё Алімпіка». Італьянская паліцыя ачапіла галоўныя гістарычныя помнікі вечнага горада, а таксама агарадзіла фантаны, каб у іх не было спакусы выкупацца выпіўшым англічанам. Невялікія маўклівыя групы братоў-украінцаў шукалі адчыненыя рэстаранчыкі, каб перакусіць.

Іх, як і наш, ЕURO на гэтым скончыўся.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: