Ёгаізацыя знешняй палітыкі

Мала хто ведае, што не так даўно ў Ганконгу быў пабіты сусветны рэкорд па колькасці прыняцця асанаў (так называюць позы ёгі). Адзін 29-гадовы індус змог за фіксаваны час пасядзець у 1500 позах. Як адзначыў прысутны пры гэтым прадстаўнік рэдакцыі кнігі рэкордаў Гінэса, ніводны чалавек у гісторыі раней нічога падобнага ў такой колькасці разоў не рабіў.



5060733_yoga_na_zakate.jpg

Паведамленні пра рэкорд у Ганконгу выклікалі рэзананс у нетрах індыйскай вертыкалі. З дапамогай Twitter індыйскія міністры віншавалі адзін аднаго, а таксама і ўсю нацыю з гістарычным прарывам.

Справа ў тым, што ёзе ў праграме новага індыйскага кабінета, які, як вядома, фармуюць нацыяналісты з партыі «Бхаратыя джаната парты» (BJP), адводзіцца асобнае месца. Ёга і народная медыцына, на думку кіраўніка ўраду Нарэндры Модзі (Narendra Modi), павінны стаць soft power (мяккая сіла) па прасоўванні моды на Індыю па ўсёй планеце.

Модзі хоча палітызаваць дасюль нейтральную ёгу. Як вядома, ёга — гэта частка больш комплекснай школы ў індуізме, на прынцыпах якога заснаваная праграма «Бхаратыя джаната парты». Іншымі словамі — назваўся аматарам ёгі, калі ласка, падтрымай індыйскі ўрад.

Калі задачу рэалізаваць хоць у мінімальных памерах, карысць можа быць каласальнай. Па-першае, ёга — сапраўды вельмі папулярная практыка ў свеце. Напрыклад, у ЗША заняткі па ёзе наведваюць каля 20 мільёнаў чалавек. Акрамя таго, ёга — гэта, як правіла, занятак для сярэдняга класа, які фармуе павестку дня ў заходнім грамадстве і ўплывае на рашэнні нацыянальных урадаў. Не кажучы пра тое, што цэнтры, якія займаюцца папулярызацыяй Індыі ў замежжы, могуць атрымаць фінансавы допінг. Паводле падлікаў індыйскіх чыноўнікаў, на рынку заняткаў ёгай у тых жа ЗША верціцца каля 2 мільярдаў долараў штогод.

Для рэалізацыі мегазадачы адразу пасля перамогі на парламенцкіх выбарах Модзі стварыў адпаведны дэпартамент — Міністэрства ёгі (дарэчы, гэтае міністэрства створанае на базе былога Міністэрства здароўя). Міністэрства ўзначаліў Шрыпад Ёсо Наік (Shripad Yesso Naik), які да таго, як стаў міністрам, быў дэпутатам ад Гоа. Падчас працэдуры прызначэння прэм’ер натхніў новага чыноўніка наступнымі словамі: «Ёга — гэта наша спадчына, якой мы не надавалі патрэбнай увагі. Трэба несці яе ў масы».

Чым непасрэдна займаецца новая структура, і ці ёсць у яе практычныя вынікі, акрамя апошняга рэкорду ў Ганконгу? Ёсць. Па-першае, створаны правобраз сусветнага цэнтру падрыхтоўкі трэнераў ёгі. Па-другое, Індыя дабілася таго, каб 21 чэрвеня стаў адзначацца ў свеце як Сусветны дзень ёгі. У верасні мінулага года Модзі агучыў адпаведную ідэю з трыбуны ААН. Дарэчы, у той прамове індыйскі прэм’ер заявіў, што папулярызацыя ёгі ў свеце нейкім чынам дапаможа барацьбе супраць кліматычных зменаў. Заклік Індыі адразу падтрымалі ЗША, Непал, Бутан і Канада. У снежні да пулу згаданых краін далучыліся іншыя краіны — сябры ААН, і рэзалюцыя пра Сусветны дзень ёгі была прынятая практычна аднагалосна.

Аднак за гэты час з’явіліся ў кампаніі прапаганды ёгі і свае крытыкі. Гэта армія медыкаў, якіх падтрымлівае апазіцыя з партыі «Індыйскі нацыянальны кангрэс». На іх думку, галоўная задача нацыяналістаў — не ёга, а рэакцыйная рэформа рынку фармацэўтычных паслуг. Адной з задачаў ведамства AYUSH — абрэвіятура новага міністэрства, якая расшыфроўваецца як «Міністэрства аюверды, ёгі, унані, сідха і гамеапатыі», сапраўды ёсць стандартызацыя лекаў.

Рэформа, якую задумаў Мо­дзі, як лічаць яго апаненты, нясе кепскія наступствы для індыйскай публічнай медычнай сістэмы. Нацыяналісты носяцца з ідэяй, што традыцыйныя індыйскія формы медыцыны былі ахвярамі вестэрнізацыі Індыі ў каланіяльныя часы. Пры гэтым, аднак, апускаецца той факт, што ўжыванне прэпаратаў гэтай медыцыны можа мець адмоўны ўплыў на арганізм. Так, некаторыя медыкі кажуць, што ў леках можна знайсці таксічныя элементы, такія, як ртуць або мыш’як. Каб знішчыць таксічнасць у леках, патрэбныя гады эксперыментаў і даследаванняў, а не адміністратыўны прымус.

Звяртаецца ўвага, што суседні Кітай праводзіць палітыку мадэрнізацыі народнай медыцыны з 1949 года, і дасюль яна інтэграваная ў мадэль санітарна-медычнай дапамогі толькі фрагментарна. Яшчэ сёння даследуецца эфект уплыву на арганізм, псіхіку чалавека шматлікіх траваў. Іншымі словамі, валюнтарыстычныя і непрафесійныя падыходы нацыяналістаў нясуць вялікія рызыкі.

Амерыканскі часопіс «Nature» цытуе аднаго са знаўцаў індыйскай традыцыйнай медыцыны, які кажа: «Традыцыйныя сістэмы і да перамогі нацыяналістаў актыўна вывучаліся і вывучаюцца ў Індыі, і некаторыя з іх заслугоўваюць увагі. Даследаванні сведчаць пра тое, што некаторыя раслінныя лекі, зробленыя паводле традыцыйных рэцэптаў, могуць быць эфектыўнымі пры некаторых хваробах. Мае карысць для здароўя і ёга. Аднак гэтым даследаванням яшчэ трэба прайсці доўгі шлях, каб дасягнуць прызнання ў якасці навуковых дысцыплін з правераным паслужным спісам. На цяперашні дзень якасных аналізаў традыцыйных індыйскіх лекаў і практык яшчэ не дастаткова».

Сапраўды, індыйскі ўрад толькі ўвосень выдзеліў 100 мільёнаў еўра на даследаванне ў гэтай сферы. Нават супрацоўнікі AYUSH не каментуюць іх вынікі. Ад іх, хутчэй за ўсё, і будзе залежаць у тым ліку цяперашні незвычайны эксперымент па «ёгаізацыі» знешняй палітыкі Індыі.