Кіраўнік МУС Польшчы: Беларускія «праваднікі» даюць дзецям мігрантаў метадон

Міністр унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі сцвярджае, што беларускія "праваднікі" даюць метадон дзецям мігрантаў, якія штурмуюць мяжу Беларусі з Еўрасаюзам. Па яго словах, такі выпадак меў месца як мінімум аднойчы — 22 ліпеня. Яго зафіксавалі літоўскія памежнікі, перадае Еўрарадыё.

Марыюш Каміньскі падчас прэс-канферэнцыі — крайні справа / twitter.com/MON_GOV_PL

Марыюш Каміньскі падчас прэс-канферэнцыі — крайні справа / twitter.com/MON_GOV_PL


"22 ліпеня ля Друскенінкая літоўскія памежнікі затрымалі групу мігрантаў з двума дзецьмі: 6 і 1,5 гадоў. Бацькі пасля затрымання памежнікамі звярнуліся са скаргай, што не могуць абудзіць дзяцей, і папрасілі дапамогі. Яны распавялі, што адзін з тых, хто суправаджаў іх да мяжы, даў дзецям выпіць таблеткі — каб тыя не плакалі пры пераходзе мяжы. Дзеці былі дастаўленыя ў шпіталь, дзе дактары пацвердзілі, што яны ўжылі метадон", — распавёў Каміньскі 27 верасня на прэс-канферэнцыі ў Варшаве.

Што яшчэ польскія чыноўнікі паведамілі падчас гэтай прэс-канферэнцыі:

- кожная дзясятая асоба, якая спрабуе трапіць з Беларусі, магчыма, павязаная з тэрарыстычнымі арганізацыямі, мае крымінальнае мінулае і/ці брала ўдзел у кантрабандзе людзьмі;- на 50 чалавек з 200 апытаных знойдзеныя матэрыялы, якія могуць сведчыць пра іх датычнасць да тэрарыстычнай дзейнасці;- многія бежанцы перад тым, як перайсці польска-беларускую мяжу, доўга жылі ў Расіі;- уздоўж польска-беларускай мяжы працягнуты новы плот на 904 км;- беларускія афіцэры правакуюць польскіх салдатаў. Яны страляюць у паветра, цэляцца ў польскіх памежнікаў, кідаюць петарды, падкладаюць невядомыя пакеты;- літоўскі бок пацвярджае, што беларусы далі адной з груп мігрантаў метадон "дзеля храбрасці";- пацверджаныя 4 смерці на польска-беларускай мяжы. Магчыма, што адзін з памерлых, грамадзянін Ірака, памёр ад таблеткі. Ідзе расследванне.
Удзень 27 верасня выказаўся пра сітуацыю на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам і Аляксандр Лукашэнка. Ён правёў на гэты конт нараду з сілавікамі. На яго думку, палякі, якія знаходзяцца "пад парасонам амерыканцаў", наўмысна ціснуць на Еўрасаюз, заяўляючы, што Беларусь арганізуе на яго "гібрыдную атаку".