Крамлёўская прапаганда можа пераключыцца з Украіны на Беларусь: патрэбен Іуда

Расійскі палітолаг, былы палітычны кансультант Крамля Глеб Паўлоўскі лічыць, што крамлёўская прапаганда на фоне правалу праекта «Наваросіі», паспрабуе замяніць яе ў свядомасці расіянаў іншай тэмай, і наступнай мішэнню можа стаць Беларусь.



putin_looking_at_loukashenko.jpg

Пра гэта ён распавёў выданню Slon.ru.
«Цалкам відавочна для мяне, што апошнія тры месяцы Крэмль спрабуе выключыць тэму Наваросіі....  Ідуць спробы такога размывання тэмы, і я думаю, што Беларусь у гэтым сэнсе мае перспектывы, таму што яна знаходзіцца ў тым жа месцы свядомасці, дзе знаходзілася Украіна. Патрэбен Іуда. І тады, вядома, прэзідэнту Лукашэнку многае ўзгадаюць», — адзначыў ён.
«Сістэма, яна адразу скача ў радыкальнасць. Паўтараю — для яе выключаны кампрамісныя варыянты. Яна павінна радыкалізаваць тэму, каб магчы пра яе гаварыць. Таму ў Беларусі адразу вылезлі нацыянал-фашысты. У Беларусі ў час вайны, аказваецца, дзейнічалі нацыянал-фашысты, нешта такое мільгала ўжо ў тэлевізары. Хоць Беларусь у савецкі час лічылася, нават у параўнанні з Расіяй і Украінай, узорам антыфашысцкага супраціву. А зараз раптам аказваецца, што яна дапускала сур'ёзныя ваганні ў гэтым пытанні», — падкрэсліў Паўлоўскі.
На пытанне, ці ёсць у Беларусі прыдатныя кандыдаты на ролю мясцовага Бандэры, палітолаг адказаў: «Былі, іх, па-мойму, ледзь не прывезлі з сабой немцы. Была нейкая колькасць аперэтачных беларускіх фашыстаў, якія сапраўды з'яўляліся ў адрозненне ад Бандэры проста фашыстамі. Іх прывезлі і павезлі. Яны не змаглі там нічога кантраляваць. Такой з'явы, як беларускія ахоўнікі ў лагерах, не існавала. у адрозненне ад рускіх і ўкраінскіх. Іх імёнаў ніхто не ведае, акрамя навукоўцаў-спецыялістаў па Беларусі. Я думаю, тут нават «Вікіпедыя» не дапаможа. Былі нейкія там героі калабарацыі, якія засталіся невядомымі свету».
Паўлоўскі лічыць, што расійскія тэлегледачы неўзабаве даведаюцца імёны «невядомых герояў»: «Яны літаральна ўжо ў наступны ўікэнд маюць шанец выйсці на вялікі экран».