Леанід Грач. Хасэ Луіс Сапатэра. Уга Чавес

Леанід Грач

Леанід Грач
Лідэра крымскіх камуністаў выключылі з кіраўніцтва Кампартыі Украіны (КПУ) за крытыку амаральнага ладу жыцця генсека КПУ Пятра Сіманенкі, што збег ад жонкі да каханкі, якая нарадзіла ад яго дзіця. Грач стаў на бок былой жонкі, якая мае ад першага шлюбу дваіх дзяцей, і ў выніку апынуўся ў апазіцыі. Большасць прэзідыуму КПУ прагаласавала за тое, каб выкінуць Грача з кіраўніцтва за антыпартыйную дзейнасць. Цяпер Грач жорстка адпомсціў Сіманенку за тую знявагу. Узяў і сфармаваў свой уласны блок, з якім пойдзе на наступныя выбары ў Вярхоўную раду (выбары чакаюцца ўвосень). З грашыма ў Леаніда таксама праблем не будзе. Яго падтрымаў Васіль Волга — алігарх, адзін з былых лідэраў Сацыялістычнай партыі, цяперашні лідэр Саюзу левых сіл. Падчас першай канферэнцыі Грач нечакана заявіў, што за ягоны блок будуць галасаваць людзі, для якіх Аляксандр Пушкін — святое імя. Другая забаўка: Грач лічыць, што КПУ падтрымае ягоную кааліцыю з Волгам. Між тым, відавочна, што ў выпадку выбараў Грач адбярэ ў КПУ значную частку электарату, асабліва на поўдні Украіны.
Хасэ Луіс Сапатэра
Прэм’ер-міністр іспанскага ўраду адмовіўся выконваць абяцанне, якое 30 гадоў таму даў першы дэмакратычны іспанскі ўрад. Тагачасны, першы пасля дыктатуры Франка, прэм’ер Суарэс заключыў кампраміс з баскскімі нацыяналістамі, якія патрабавалі ўключыць у склад аўтаноміі Краіны баскаў правінцыю Навара (Навара лічыцца калыскай дзяржаўнасці баскаў). Суарэс паабяцаў, што праз 30 гадоў жыхары Навары будуць мець права прыняць рашэнне на рэферэндуме — жадаюць яны быць у складзе Краіны баскаў або не. 30 гадоў прайшло, аднак ніякага ўсенароднага галасавання ў Навары не адбылося. Не дзіўна, што баскскія нацыяналісты выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць падману ўраду. Акрамя таго, яны пратэставалі супраць новага ўраду аўтаноміі Краіны баскаў, сябрамі якога ўпершыню ў гісторыі аўтаноміі сталі секцыі іспанскіх партый — сацыялісты і кансерватары. Падчас пратэстаў было прынята рашэнне напрыканцы мая правесці забастоўку. Як ні парадаксальна гучыць, шмат хто лічыць, што парыў працоўных зможа прыпыніць Аранца Кігора — сябра Народнай партыі і адна з міністраў новага ўраду аўтаноміі. Яна — культавая фігура ў вачах усіх феміністак краю. Хаця з улікам таго, што Аранца не размаўляе па-баскску, нумар можа не спрацаваць.
Уга Чавес
Прэзідэнт Венесуэлы прыдумаў, як рэабілітавацца за паразу на муніцыпальных выбарах у сталіцы ў мінулым лістападзе. Нагадаем, што на іх тады перамагла апазіцыя на чале з Антоніа Ледзема. Апошні стаў мэрам Каракаса. Падазраючы, што Ледзезма збіраецца выкарыстаць пасаду для арганізацыі антыўрадавых пратэстаў, Чавес контратакуе.
Дэпутаты нацыянальнага парламенту, абсалютную большасць якога складаюць прыхільнікі рэжыму (апазіцыя падчас апошніх парламенцкіх выбараў абвясціла байкот), прапанавалі папраўкі ў закон аб мясцовым самакіраванні. Дасюль Каракас меў той жа статус, што і кожная з 22 правінцый. Адпаведна новаму праекту, кіраўнік будзе абірацца парламентам правінцыі. Апазіцыя ўжо заявіла, што збіраецца пратэставаць супраць паправак у закон. Цікава, што супраць праекту галасавалі нават дэпутаты некаторых партый, якія раней падтрымлівалі рэжым Чавеса.