На парозе Культурнай рэвалюцыі 2.0

Сучасны Кітай — гэта краіна, у якой паліцыя адсочвае і дапытвае людзей, абвінавачаных у чытанні замежных фінансавых навін у інтэрнэце.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Колькі воўка не кармі, а ён усё роўна ў лес глядзіць. Такая яго прырода. Аналагічная гісторыя — з аўтарытарызмам. Колькі ні ўпрыгожвай яго дэкаратыўнымі (імітацыйнымі) інстытутамі, але прырода сваё возьме. Ён ці пачне паступова дэмакратызавацца, што здараецца нячаста, ці пойдзе ў абдымкі да таталітарызму.
У сакавіку 2002 года на выніковым пленарным пасяджэнні пастаянна дзеючага семінара кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў прагучалі словы, з якімі цяжка было не пагадзіцца: «Вопыт Кітая і вопыт Беларусі вельмі блізкія адно аднаму, яны перспектыўныя і паспяхова рэалізуюцца на практыцы. У гэтым я пераканаўся пры неаднаразовым наведванні КНР. І ў іх, і ў нас выявіліся такія асаблівасці пераходнага перыяду (выдзелена. — С. Н.), як рэгулюючая роля дзяржавы, прынцып эвалюцыйнасці пераўтварэнняў, стварэнне моцнай і эфектыўна дзеючай вертыкалі дзяржаўнай улады, выразная сістэма заканадаўства, якая забяспечвае агульнасць інтарэсаў дзяржавы і кожнага яе грамадзяніна паасобку, беражлівае захаванне таго добрага, што было створана раней, а не бяздумнае яго разбурэнне».
Прайшло дзевятнаццаць гадоў. Без аднаго года чатыры пяцігодкі. Якія вынікі пераходнага перыяду? Ён ужо завяршыўся ці мы ўсё яшчэ пераходзім? А калі пераходзім, то адкуль і куды? Нагадаю, што ў дадзеным выпадку займеннік «мы» мае на ўвазе не толькі Беларусь, але і Кітай.
Разабрацца з Кітаем, па зразумелых прычынах, няпроста. Што да Беларусі, то для разумення яе мінулага, сучаснасці і будучыні напружвацца не абавязкова. Так ужо склалася, што ёсць у нас чалавек, які заўсёды гатовы на любое пытанне даць вычарпальны адказ. Галоўнае — умець знаходзіць адпаведную цытату. Корпацца ў газетных падшыўках для гэтага не абавязкова. Стагоддзе інтэрнэту на дварэ. Усе мудрыя думкі аблічбаваныя — толькі паспявай варушыць мышкай.
Каб не расцякацца думкай па дрэве, прапаную засяродзіцца на пераходным перыядзе. А вось і адпаведная цытата: «Мы жывем у вельмі складаны перыяд пераходу ад аднаго да другога. Праўда, да гэтага часу не ўсе вызначыліся, ад чаго да чаго мы пераходзім. Таму мы асабліва гучна не заяўляем у Беларусі аб тым, ад чаго да чаго мы ідзем».
На календары 29 кастрычніка 2018 года. Крыху нечакана, пагадзіцеся. Героі вядомага мульціка будавалі, будавалі — і нарэшце пабудавалі. Але ў іх не было рознагалоссяў з нагоды аб’екта будаўніцтва. Яны будавалі «Дом сяброў».
Мы ж будуем беларускую мадэль. Яе характарыстыкі агучаныя ў першай цытаце. Няўжо яны страцілі сваю актуальнасць? А калі не, дык што ж тады нам перашкаджае гучна заявіць пра тое, ад чаго да чаго мы ідзем?Цытату пра складаны пераходны перыяд я запазычыў з выступу на сустрэчы з актывам БРСМ, прымеркаванай да 100-годдзя ВЛКСМ. Здавалася б, у размовах з моладдзю варта выкарыстоўваць самыя яркія фарбы для апісання ўжо дасягнутага і таго, што трэба будзе дасягнуць бліжэйшым часам.
Аднак калі здаецца, трэба хрысціцца. Цытую: «Мы проста жывем спакойна і ўдасканальваем тое, што ў нас ёсць. І робім свет лепшым. Мы не выкідваем усё тое добрае, што было ў нашай гісторыі».

Колькі ў Беларусі інтэлектуалаў і снобаў?

Нягледзячы на блізкасць беларускага і кітайскага вопыту, гаварыць пра супастаўнасць дасягнутых вынікаў не даводзіцца. Дзе сёння Кітай, а дзе Беларусь? Для разумення гэтага парадоксу прапаную звярнуцца да кітайскай блогасферы, і дапаможа мне ў гэтым кітаязнавец Яўген Верлін. Паводле яго ацэнкі, на першым месцы ў кітайскіх таварышаў — абмеркаванне новых спосабаў зарабляння грошай. «Палітыкай жа, у тым ліку гісторыяй сваёй краіны і яе адносінамі з суседзямі, цікавіцца пераважная меншасць грамадзян, у асноўным купка інтэлектуалаў і снобаў».
Мяркуючы па тым, што абмеркаванне адносін з суседзямі (Літвой, Польшчай, Украінай і далей па спісе) у нас дамінуе ў дзяржаўных СМІ, у беларускім грамадстве колькасна пераважаюць інтэлектуалы і снобы.
Але колькасць інтэлектуалаў, як сведчаць тры дзесяцігоддзі будаўніцтва беларускай мадэлі, устойлівага росту не гарантуе. Бяссільнай перад Яе Вялікасцю эканомікай аказваюцца і рэгулюючая роля дзяржавы, прынцып эвалюцыйнасці пераўтварэнняў, моцная і эфектыўная вертыкаль дзяржаўнай улады і выразная сістэма заканадаўства.
Калі ў Кітаі ўвесь гэты букет якасцяў накіраваны на адкрыццё свету, то ў Беларусі — на самаізаляцыю. Адсюль і вынік.
Аднак прырода аўтарытарызму бярэ сваё, і не істотна, ідзе гаворка пра аўтарытарызм беларускага ці кітайскага разліву.

Ніхто не забыты! Нішто не забытае!

Год таму Джэк Ма, заснавальнік тэхналагічнага гіганта Alibaba, дазволіў сабе раскрытыкаваць дзеянні кітайскіх рэгулятараў і абвінаваціў іх у занадта кансерватыўнай забароннай палітыцы. Адказ прыйшоў у ботах, прычым прыйшоў аператыўна: улады адмянілі першаснае размяшчэнне акцый (IPO) кампаніі Ма ў Ганконгу і Шанхаі і выпісалі мільярдэру штраф у $2 мільярды.
«Лёд зрушыўся, спадары прысяжныя засядацелі!» — як заўважыў бы таварыш Астап Бэндэр з гэтай нагоды, калі б ён быў жывы.
Аўтарытарызм — палітычны рэжым, у якім эканоміка знаходзіцца пад абцасам у палітыкі. Таму не варта здзіўляцца ўвядзенню ў Кітаі абавязковай нормы, згодна з якой падлеткам дазволена гуляць у кампутарныя гульні толькі адну гадзіну (з 20:00 да 21:00) і толькі па пятніцах, суботах, нядзелях і ў святы.
«У Кітаі, — тлумачыць палітолаг Георгій Боўт, — дзяржава лічыць сябе вярхоўным пастырам для сваіх грамадзян. І ў гэтым — ключавы падыход кітайскіх уладаў да ўсіх сфер не толькі грамадскага, але і эканамічнага жыцця».
Забарона платформаў анлайн-рэпетытарства — з той жа оперы. Яны, маўляў, утрымліваюць шмат непажадана кантэнту, а тут ідзе барацьба за маральнае здароўе дзяцей!
Не забыты і шоу-бізнес. Яму загадана не выпінацца, быць пераборлівым і не запрашаць артыстаў, якія займаюць «няправільныя палітычныя пазіцыі». Хіба мала сярод таленавітых выканаўцаў сапраўдных патрыётаў!
Спіс інавацый можна лёгка працягнуць. Ніхто не забыты! Нішто не забытае! Ад IT-гігантаў да дробных кампаній па дастаўцы ежы! А што ж вы хочаце? Сучасны Кітай — гэта краіна, у якой паліцыя адсочвае і дапытвае людзей, абвінавачаных у чытанні замежных фінансавых навін у інтэрнэце.
Чым усё гэта скончыцца, здагадацца нескладана. Эканамічны рост на стадыі індустрыялізацыі за кошт прытоку рабочай сілы ў гарады з вёсак можна забяспечыць і без прадастаўлення грамадзянскіх і палітычных свабодаў. Аднак пры пераходзе да постіндустрыяльнай эканомікі такі фокус не праходзіць. Таму аўтарытарны рэжымы і пераходзяць ад развіцця да падтрымання стабільнасці. Кітай у гэтым сэнсе ад Беларусі адстае. Але чара гэтая яго не абміне.