Немцаў таксама дастала

Адзін з фактараў перамогі эсдэкаў на ўчорашніх выбарах у Бундэстаг — стомленасць ад 16-гадовага кіравання кансерватараў, якія, кажучы словамі аднаго з нямецкіх журналістаў, «засталіся ў мінулым стагоддзі».
Вынікі выбараў у Бундэстаг 26 верасня, акрамя ўсяго іншага, падкарэктавалі міф пра Ангелу Меркель. Яшчэ ўчора яе праводзілі на пенсію ў статусе дэміурга нямецкага росквіту, беспярэчнага партыйнага правадыра і маці ўсіх немцаў.

Але як толькі сталі вядомыя вынікі выбараў, аказалася, што меркелеўская спадчына не такая ўжо і ідэальная. Інакш бы Хрысціянска-Дэмакратычны Саюз (ХДС) не атрымаў самую мінімальную колькасць галасоў у сваёй гісторыі. А ў некаторых землях паказчыкі партыі можна назваць катастрофай. «Мы на шляху да таго, каб страціць статус народнай партыі», — лічыць адна з лідараў партыі Гіта Конеман.

Як вынік, сталі прыкметнымі многія пралікі фраў Меркель. Нечакана ўсе загаварылі пра тое, што ХДС захоплена клікаў апаратчыкаў, якія даўно адсталі ад жыцця і пры гэтым цураюцца новых ідэй і лідараў. Менавіта рэтраграды, нібыта, зацягнулі з ракіроўкай у кіраўніцтве, пахавалі ўсе праекты мадэрнізацыі структуры. Імкненне захаваць уладу ў кіраўніцтве Саюза ператварылася ў выніку ў апартунізм.

На фоне кандыдата ад ХДС, Олаф Шольц — кандыдат Сацыял-Дэмакратычнай Партыі Германіі (СДПГ) — выглядаў больш свежа, хоць яго праграма шмат у чым была падобная на праграмныя пастулаты кансерватараў. Зрэшты, фармальная перамога на выбарах без вырашэння праблемы фарміравання ўрада можа быць нічога не вартай. А гэтая задача сапраўды тытанічная.

Эсдэкі не жадаюць новай рэдакцыі вялікай кааліцыі па формуле СДПГ + ХДС. «Я хацеў бы правіць разам з "зялёнымі"», — заявіў кандыдат у канцлеры ў адным з першых інтэрв'ю пасля таго, як былі агучаныя дадзеныя эксіт-полаў.

Але цяперашнія нямецкія «зялёныя» — гэта тыя яшчэ партнёры па кааліцыі. Эколагі дакладна паспрабуюць працягнуць ва ўрадавую праграму радыкальныя рэформы ў абарону клімату. «У нас ёсць выразны мандат для выбаршчыкаў на радыкальнае абнаўленне ў гэтай краіне», — кажа Роберт Хабек, каментуючы перспектывы ўдзелу ў кабінеце. Падобны рэвалюцыйны зуд патэнцыйных партнёраў стварае іміджавыя рызыкі для Шольца як палітыка-цэнтрыста.

Зрэшты, мандатаў у чырвона-зялёнага саюза для фарміравання кабінета ўсё роўна недастаткова. Таму СДПГ патрэбны «трэці». Ім можа быць толькі ліберальная Свабодная Дэмакратычная Партыя (СвДП). Але яе лідар Крысціян Лінднер не жадае кааліцыі «святлафора» («зялёныя» + эсдэкі + лібералы). Палітык неаднаразова даваў зразумець, што яму бліжэй варыянт кабміна з удзелам эколагаў, лібералаў і кансерватараў — так званая кааліцыя «Ямайка».

Гэта пакідае кансерватарам шанец перахапіць у эсдэкаў ініцыятыву. Армін Лашэт (лідар ХДС) заявіў, што таксама нацэліўся на стварэнне ўраду. Тым больш, што ў гісторыі ФРГ былі прэцэдэнты, калі лідар партыі, што брала на выбарах срэбра, станавіўся канцлерам.

Так ці інакш, і «зялёныя», і лібералы разглядаюць сябе трымальнікамі «залатой акцыі». Хутчэй за ўсё, падчас міжпартыйных перамоваў нас чакае сапраўднае шоу амбіцый. Пры гэтым, калі перамовы зацягнуцца, то на гарызонце з'явяцца контуры датэрміновых выбараў. Тады кансультацыі па стварэнні кабінета пачнуць прымаць характар перадвыбарчых дэбатаў. Пакуль, як заявіў Шольц, дэдлайн па стварэнні новага федэральнага ўрада — каталіцкае Раство.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: