Патруль на абход не выйдзе?

У Казахстане жорстка спынілі дзейнасць руху моўных патрулёў, хоць, хутчэй за ўсё, неўзабаве мы зноў пачуем пра нешта падобнае.

kuat_ahmetov.jpg


Усё пачалося прыкладна пару месяцаў таму, калі ў Сеціве паўстала акцыя «Хваля мовы», за якой стаялі казахскія нацыяналісты. Адначасова было абвешчана пра стварэнне так званых «моўных патрулёў». Патрулі хадзілі па крамах, рынках, гандлёвых цэнтрах, кавярнях, дзяржаўных установах і правяралі, ці валодаюць іх супрацоўнікі дзяржаўнай мовай.

Як і трэба было меркаваць, у ходзе гэтых рэйдаў узнікалі канфлікты. Многія супрацоўнікі крам і аб’ектаў грамадскага харчавання не маглі абслужыць іх і іншых людзей на дзяржаўнай мове. Пачыналіся сваркі, здзекі і булінг, якія здымаліся на відэа і затым публікаваліся на канале ў YouTube. Падобная дзейнасць, дарэчы, адначасова была разгорнутая і ў Кіргізіі.

Першапачаткова мясцовыя ўлады і нават грамадскасць абедзвюх рэспублік не асабліва зважалі на падобныя інцыдэнты або лічылі іх чыста побытавымі. Лямант наконт патрулёў узняўся, калі іх «подзвігі» заўважылі ў Расіі.

Падобную цікаўнасць, сярод іншага, тлумачаць цяперашняй думскай кампаніяй, падчас якой многія партыі, уключаючы прапуцінскую «Адзіную Расію», спрабуюць стварыць сабе імідж абаронцаў «рускага свету». У прэсу ўжо прасачыліся чуткі, што адна з вежаў Крамля вырашыла эксплуатаваць карту барацьбы за правы рускіх у Казахстане з мэтай прыцягнуць галасы за «Адзіную Расію». Так ці інакш, пра моўныя патрулі ў Казхастане раптам сталі распавядаць на расійскім ТБ і пісаць падкрамлёўскія блогеры, якія раней гэтай праблемы ва ўпор не заўважалі.

Пад уплывам медыякампаніі ў расійскіх СМІ ўлады Казахстана пачалі нервавацца. Неўзабаве ў Нурсултане гнеўна ахарактэрызавалі моўна-патрульную ініцыятыву як «пячорны нацыяналізм», якому няма месца ў грамадстве. Хутка паліцыя аштрафавала на 145 тысяч тэнге (амаль чатыры тысячы долараў) аднаго з арганізатараў акцыі Куата Ахметава.

Але гэта была толькі ўверцюра. Літаральна на наступны дзень пасля вынясення штрафу пракуратура Казахстана — мабыць, каб пазбегнуць залішніх непаразуменняў у адносінах з Расіяй — распачала супраць блогера-нацыяналіста крымінальную справу па артыкуле аб распальванні нацыянальнай, расавай, родавай, саслоўнай і рэлігійнай нянавісці. У Казахстане за такія выбрыкі можна атрымаць да сямі гадоў турмы.

Таму не дзіўна, што Ахметаў палічыў за лепшае «навастрыць лыжы». 1 верасня арганізатар «моўных патрулёў» аб’явіўся спачатку ў Грузіі, а потым — ва Украіне. Блогер звярнуўся да ўкраінскіх праваабаронцаў з просьбай аб легалізацыі свайго знаходжання. Дарэчы, яго крытыкі радасна смакуюць, як Ахметаў будзе адбівацца ад аматараў украінскай мовы. Апошнія таксама фармуюць «моўныя патрулі», каб змусіць усіх размаўляць на мове Шаўчэнкі.

Пераслед Ахметава у Маскве тут жа назвалі «маленькай перамогай». Хоць маецца і іншы пункт гледжання, згодна з якім дзяржаўныя ведамствы ў Казахстане і «грамадскія актывісты» працавалі разам. Што тычыцца пераследу Ахметава, то гэта была толькі выключна вымушаная рэакцыя на хвалю абурэння, паднятую ў расійскіх СМІ.

У доказ такой версіі прыводзяцца цікавыя факты. Так, 25 верасня 2020 года на сайце профільнага дзяржаўнага казахскага ведамства па праблемах мовы прайшла анлайн-канферэнцыя з удзелам галоўнага арганізатара «патрулёў» — таго самага Куата Ахметава. На той жа канферэнцыі кіраўнік Камітэта па моўнай палітыцы Міністэрства культуры і спорту Адзільбек Каба заявіў: «Чаго можна чакаць ад чалавека, які не вывучыў трыццаць слоў на казахскай?!... Прыйшоў час патрабаваць. У адваротным выпадку, мы з’яўляемся тымі, хто не выкарыстоўвае нашу родную мову ў грамадскім транспарце, у крамах, у сферы паслуг».

На думку расійскай прэсы, актывісты «моўнага патруля», па сутнасці, проста выконвалі распараджэнне чыноўніка. І атрымліваецца, што руская мова планамерна выціскаецца адусюль пад акампанемент абдыманак казахстанскіх чыноўнікаў з расійскімі.

Адсюль робіцца выснова, што Расіі трэба перайсці да сістэмнай працы па абароне правоў суайчыннікаў у былой рэспубліцы СССР, аж да рэнесансу ідэі аншлюсу рускамоўных рэгіёнаў паўночнага Казахстана.

Не збіраюцца спыняцца і казахскія нацыяналісты. «У Расіі кіпяшыць, трэба прыпыніцца, пакуль у Расіі выбары не пройдуць», — піша ў сетках адзін з лідараў патрулёў. На яго думку, трэба часова адмовіцца ад удзелу ў рэйдах, але, у прынцыпе, з часам працягнуць «патруляванне».

Думаецца, што практыка гвалтоўнай папулярызацыі казахскай мовы, хутчэй за ўсё, сапраўды вернецца. Справа ў тым, што ідэалогія цяперашняй казахстанскай дзяржавы вельмі размытая. Стабільную працу інстытутаў і лаяльнасць насельніцтва забяспечвае персона першага прэзідэнта Назарбаева, які персаналізуе ўсю ўладу. Але ці зможа выстаяць такая сістэма пасля яго скону? Які ідэйны канструкт павінен прыйсці на змену культу Елбасы?

Мяркуючы па ўсім, у вышэйшым дывізіёне казахстанскай эліты сапраўды задумаліся над гэтай праблемай. У тым ліку ёсць тыя, хто мяркуе пасля сыходу Назарбаева рабіць стаўку на этнічны казахскі нацыяналізм. Яны негалосна патрануюць ініцыятывы накшталт «моўнага патруля».

З іншага боку, пакуль мадэль Казахстана, дзе ўсе, у тым ліку нацыянальныя меншасці, гавораць па-казахску і ідэнтыфікуюць сябе выключна з казахамі, выглядае хутчэй пражэктам. Але таксама не варта забываць, што пакуль выключна ў нацыяналізму ў Казахстане ёсць сацыяльная база. Прычым яго адэпты сапраўды могуць мабілізавацца і патэнцыйна навязваць сваю волю іншым, больш пасіўным фракцыям сучаснага казахстанскага грамадства.