Польшча адмаўляецца плаціць штодзённы штраф у 500 тысяч еўра, прызначаны Судом ЕС

Польшча не абавязаная выконваць пастанову намесніка старшыні Суда ЕС пра штодзённыя выплаты штрафу ў 500 тысяч еўра. Пра гэта заявіў прэзідэнт краіны Анджэй Дуда, перадае «Польскае радыё».

duda_2509.jpg

Па словах Дуды, гэтае рашэнне было прынятае аднаасобна і падрывае сэнс функцыянавання Суда Еўрасаюза.

Польшча адмаўляецца спыняць здабычу бурага вугалю на шахце «Туруў» каля польска-чэшскай мяжы. Чэхія падала ў Суд ЕС пазоў, указваючы на шкоду навакольнаму асяроддзю — у тым ліку ў самой Чэхіі. Таксама Чэхія запатрабавала прыпыніць здабычу вугалю ў «Туруве».

20 верасня намесніца старшыні Суда Еўрасаюза Расарыё Сільва дэ Лапуэрта абавязала Польшчу выплачваць штраф Еўракамісіі — па 500 тысяч еўра за кожны дзень, пакуль будзе працягвацца здабыча вугалю на шахце «Туруў».

Гэтая шахта — найбуйнейшы працадаўца ў рэгіёне. Вугаль паступае на суседнюю электрастанцыю. Дзякуючы вуглю «Турува» вырабляецца да 7% усёй электраэнергіі Польшчы.

«Мы проста не ў стане спыніць гэтую здабычу вугалю, бо гэта абмяжуе нашы запасы электраэнергіі. Магчыма, гэта было зроблена для таго, каб мы куплялі энергію ў Германіі», — пракаментаваў рашэнне Суда ЕС польскі прэзідэнт.

Паводле «Еўрарадыё».