Псіхалагічная траўма Амерыкі і самая доўгая вайна: дваццаць гадоў пасля 9/11

У 2001 годзе адбылася шокавая падзея, якая змяніла курс сусветнай гісторыі: ісламісцкая групоўка Аль-Каіда з дапамогай захопленых самалётаў ажыццявіла серыю тэрарыстычных атак у ЗША, у выніку якіх загінулі амаль тры тысячы чалавек.

754419841467443.jpg


Атакі была добра спланаваныя і амаль бездакорна выкананыя. 19 прадстаўнікоў групоўкі доўга рыхтаваліся ў розных краінах, але потым усе апынуліся ў ЗША. 11 верасня 2001 года яны пасажырамі селі на чатыры рэйсавыя самалёты, якія захапілі пасля ўзлёту і ператварылі ў тэрарыстычную зброю. Тры самалёты дасягнулі сваёй мэты — ісламісты разбілі іх, накіраваўшы ў Пентагон ды Сусветны Гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку. У чацвёртым пасажыры, даведаўшыся пра лёсы іншых трох, аказалі супраціў і вымусілі тэрарыстаў змяніць курс. Магчымай мэтай гэтага самалёта былі Белы Дом ці Капітолій, а ў выніку ён упаў у нежылой мясцовасці штата Пенсільванія.
Бадай, галоўнымі сімваламі тэрактаў сталі вежы-блізняты Сусветнага Гандлёвага цэнтру (World Trade Center, ці проста WTC) у Нью-Ёрку. Хмарачосы былі часткай вялікага комплексу, пабудаванага на пачатку 1970-х гадоў. На той момант яны з’яўляліся самымі высокімі будынкамі ў свеце. З часам вежы сталі ўвасабленнем фінансавай магутнасці горада, а таксама адметнай часткай поп-культуры ЗША: па некаторых падліках, WTC з’явіўся больш, чым у 470 кінастужках.
Менавіта таму тэрарысты абралі хмарачосы ахвярамі сваёй атакі. Гэта быў замах на магутнасць краіны. Як нехта трапна адзначыў пасля падзення будынкаў, тэрарысты нанеслі ўдар і выбілі Амерыцы два пярэдніх «зуба».
Відавочцы ўзгадваюць, што ў аўторак 11 верасня 2001 года ў Нью-Ёрку было цудоўнае надвор’е: цёплае, сонечнае, з блакітным небам. Прыемны дзень сапраўднага бабінага лета. Мясцовыя жыхары ехалі на працу — у будынках WTC працавалі тысячы людзей. Госці горада фатаграфаваліся на фоне хмарачосаў. Pаптам а 9-й гадзіне раніцы на відэакамеры некаторых турыстаў (смартфонаў тады яшчэ не было) патрапілі шакуючыя кадры: вялізны пасажырскі самалёт уляцеў у адну з вежаў-блізнятаў. Відавочцы не паспелі аправіцца ад шоку, як праз 17 хвілін іншы самалёт пратараніў другую вежу.
Пачаўся хаос: на месца здарэння імчалі паліцыя ды пажарныя; людзі, якія знаходзіліся ў будынках, спрабавалі з іх выбрацца. Ніхто тады не ведаў, што на паратунак ёсць толькі гадзіна і сорак хвілін. Менавіта праз такі час будынкі рухнулі, пахаваўшы пад сабой 2763 чалавека.
Да гэтага часу кадры з месца здарэння трансліравалі ўжо па ўсіх каналах навін. Мільёны людзей пабачылі момант падзення будынкаў ужывую, і гэта потым адбілася на масавым успрыманні тэракту менавіта як замаху на Сусветны Гандлёвы цэнтр. Разам з вежамі былі цалкам зруйнаваны ці часткова пашкоджаны яшчэ 15 сумежных будынкаў.
Трагедыю па тэлебачанні назіралі не толькі ў ЗША, а фактычна па ўсім свеце. Памятаю, як мінскім студэнтам прыйшоў пасля заняткаў дадому і ўключыў навіны. Там паказвалі жудасныя кадры з Нью-Ёрка. Цяжка было паверыць, што гэта адбываецца насамрэч. Амерыканцы наогул перажылі калектыўную псіхалагічную траўму. Некаторыя ад яе так і не адышлі.
У мяне ёсць знаёмы амерыканец, які жыў у Нью-Ёрку і працаваў шэф-поварам у рэстаране недалёка ад WTC. Пасля тэрактаў ён не змог вярнуцца на працу, бо псіхалагічна не здолеў знаходзіцца побач з месцам, дзе загінула столькі людзей. У выніку ён пераехаў у іншы штат і пачаў будаваць жыццё там, фактычна нанова. А колькі яшчэ такіх прыкладаў?


У 2003-м давялося першы раз пабываць у Нью-Ёрку. Месца, дзе калісьці ўзвышаўся Сусветны Гандлёвы цэнтр, было агароджана плотам. Тады яшчэ не вырашылі, як выкарыстаць плошчу, з якой 8 месяцаў вывозілі рэшткі будынкаў. У выніку вырашылі ўзвесці нанова не два, а адзін хмарачос. Пасля паўзы ў 2006-м пачалося будаўніцтва Freedom Tower (Вежа Свабоды), і наступныя сем гадоў мясцовасць была суцэльнай вялікай будоўляй. Хмарачос скончылі толькі ў 2013 годзе. Ён стаў самым высокім будынкам у заходнім паўшар’і. Яго вышыня — 541 метр ці, што больш сімвалічна, — 1776 футаў. Гэта год прыняцця дэкларацыі незалежнасці ЗША.

2_431.jpg


Побач з Вежай Свабоды, афіцыйная назва якой «Адзін Сусветны Гандлёвы цэнтр», адкрылі «Нацыянальны мемарыял і музей 11 верасня». Ён уяўляе сабой два басейны з вадой, паверхня якіх знаходзіцца на ўзроўні 9 метраў ніжэй вуліцы, што нагадвае ўпаўшыя будынкі. Прамавугольныя басейны паўтараюць контуры падмуркаў, дзе стаялі вежы-блізняты.  
Але ўсё гэта было потым. У 2001 годзе ніхто яшчэ не думаў пра ўшанаванне памяці загінулых. Амерыканцы вырашалі, як і каму адпомсціць за тэракты прама зараз.
Як толькі стала вядома, што за атакамі стаіць ісламісцкая групоўка, узровень нянавісці да мусульман рэзка ўзрос. Пік ксенафобіі прыйшоўся на першыя некалькі гадоў пасля 9/11, але праявіўся з новай сілай падчас прэзідэнцтва Трампа.
Хутка галоўны вораг быў знойдзены і на дзяржаўным узроўні. Першай рэакцыяй урада Джорджа Буша-малодшага, як і ўсіх жыхароў ЗША, сталі шок і разгубленасць. Але амерыканскія спецслужбы мелі звесткі, што, з вялікай доляй верагоднасці, тэракты падрыхтавала і ажыццявіла Аль-Каіда. У той час групоўка мела добрыя адносіны з урадам талібаў — ісламістамі-сунітамі кансерватыўнага кірунку — у Афганістане і выкарыстоўвала краіну як базу для сваіх аперацый.
Амерыканцы запатрабавалі ў «Талібана» спыніць дзейнасць Аль-Каіды і выдаць яе лідара Усаму Бін Ладэна. Талібан адмовіўся і тым самым паклаў пачатак амерыканскай «Вайне з тэрорам».
Першым актам вайны стала ўварванне ў Афганістан, якое ажыццяўлялася сіламі ЗША разам з кааліцыяй краін NATO. Талібан доўга не пратрымаўся, але не быў канчаткова разгромлены. Ісламісты спачатку адступілі ў горныя раёны Афганістана і Пакістана, а потым перагрупаваліся і пачалі зацяжную партызанскую вайну супраць ЗША, NATO і новага афганскага ўрада. Вайну, якая нядаўна скончылася вывадам амерыканскіх войск з краіны і вяртаннем «Талібана» да ўлады.
Другім актам той жа вайны стала ўварванне ў Ірак у 2003 годзе і звяржэнне ўрада Садама Хусэйна. Як і ў выпадку з Афганістанам, у ЗША і NATO не было выразнай стратэгіі, як выйсці з краіны пасля пачатку аперацыі. У выніку войскі кааліцыі засталіся ў Іраку на 8 гадоў. Умяшанне амерыканцаў прывяло да пераразмеркавання ўлады ў краіне. Прадстаўнікі суніцкага напрамку іслама былі адхілены ад кіравання, і ў палітыцы сталі дамінаваць шыіты, якія прадстаўлялі большасць жыхароў Ірака.
Суніты сышлі ў апазіцыю і распачалі тэрор супраць шыітаў, новага ўрада ды войск кааліцыі. З часам моц набрала групоўка ІДІЛ (Ісламскай дзяржава Ірака і Леванта), якая выдзялялася сваёй арганізацыяй ды жорсткасцю. Выхад міжнароднай кааліцыі ў 2011 годзе стварыў вакуум, які ІДІЛ з рашучасцю запоўніла. Яна хутка захапіла вялікую тэрыторыю і абвясціла стварэнне ісламскага халіфата ў межах Іраку і Сірыі. Мясцовая іракская армія з цяжкасцю супрацьстаяла наступу ІДІЛ, і тая была спынена толькі з дапамогай новага ўмяшання войск ЗША разам з міжнародным кантынгентам.    
У 2011-м, праз дзесяць год пасля пачатку пошуку, быў нарэшце знойдзены і забіты Усама Бін Ладэн. Ён доўга і спакойна жыў у Пакістане, з якім ЗША афіцыйна хаўруснікі. Але гэта не перашкаджала Пакістану заплюшчваць вочы на прысутнасць прадстаўнікоў «Талібана» ці Аль-Каіды на сваёй тэрыторыі. Амерыканская выведка нарэшце атрымала звесткі аб мяркуемым месцазнаходжанні Бін Ладэна, але 100-адсоткавай упэўненасці, што гэта ён, не было.
Рашэнне па аперацыі прымаў асабіста прэзідэнт Абама. У выніку амерыканскі спецназ ноччу без папярэджання перасёк мяжу з Пакістанам на дзвюх верталётах і атакаваў жылы комплекс, дзе жыў «Тэрарыст нумар 1». Бін Ладэн аказаў супраціў і быў забіты. Яго цела пазней крэміравалі, а попел развеялі ў Аравійскім моры, каб не было магілы для пакланення.
На гэтым вайна з тэрорам не скончылася. Тысячы амерыканскіх ваенных усё яшчэ знаходзіліся ў Афганістане. Абстаноўка ў краіне была нестабільная. Але паступова міжнародныя хаўруснікі пачалі скарачаць свой кантынгент. Асноўныя сілы амерыканцы накіравалі на трэнінг і экіпіроўку афганскай арміі. Зусім нядаўна апошні салдат войска ЗША пакінуў тэрыторыю краіны. Самая доўгая вайна ў гісторыі Штатаў скончылася. Але толькі лянівы не кінуў камень у адміністрацыю прэзідэнта Байдэна за паспешны выхад, які адбываўся паралельна з імклівым наступам «Талібана». І справядліва. Вываз войск ды грамадзянскага насельніцтва пачаўся запозна і прывёў да эскалацыі абстаноўкі і непатрэбных людскіх ахвяр, як, напрыклад, пасля тэракту ў аэрапорце Кабула.
Байдэн, у нейкай ступені, быў закладнікам абставінаў. Ён атрымаў у спадчыну вайну, якая працягвалася ўжо дзве дэкады, і прычыны якой даўно не разумела большасць жыхароў ЗША. Мірныя перамовы з «Талібанам» пачаліся яшчэ ў 2018 годзе, а дагавор аб вывадзе войск быў падпісаны ў 2020-м пры адміністрацыі Трампа. Але гэта не здымае адказнасці з урада Байдэна за паскораны выхад. Напрыклад, вайскоўцы ЗША так і не паспелі да дэдлайна (31 жніўня) вывезці з Кабула шматлікіх афганцаў, якія на працягу гадоў працавалі з амерыканцамі і рызыкавалі сваім жыццём, а зараз павінны хавацца ад талібаў. Так, тысячы былі транспартаваныя ў іншыя краіны, аднак далёка не ўсе.
У рэтраспектыве можна адзначаць некалькі стратэгічных памылак, якія дапусцілі кіраўніцтва краіны і армія ЗША. Па-першае, не было выразнага разумення, што рабіць у Афганістане пасля звяржэння «Талібана». Тая ж самая памылка была паўторана пазней у Іраку. Па-другое, пасля таго, як акупацыя краіны зацягнулася, панавала думка, што ў Афганістане можна пабудаваць дэмакратычныя інстытуты па прыкладзе Захада. У той жа час не ўлічваліся гістарычныя, этнічныя і рэлігійныя нюансы краіны. Па-трэцяе, амерыканцы ўсклалі зашмат спадзяванняў на мясцовую армію і паліцыю. Па словах самога Байдэна, на пачатку гэтага лета афганскае войска налічвала 100 тысяч чалавек, у той час як у «Талібана» было каля 70 тысяч. На справе ж добра экіпіраваная і натрэнірованая амерыканцамі армія развалілася пад наступам ісламістаў і аддала краіну фактычна без бою.