Рэспубліканцы ў ЗША расказалі пра ўцечку COVID-19 з лабараторыі

Успышка COVID-19 узнікла ў выніку ўцечкі генетычна мадыфікаванага віруса з лабараторыі ў кітайскім горадзе Ухань. «Свабода» прыводзіць расследаванне рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў ЗША.

download__3__14.jpg

Паводле слоў аўтара даклада кангрэсмэна Майкла Макола, лабараторыя рабіла даследаванні мутацый віруса для вывучэння прафілактычных мер. Працы пры гэтым вяліся ў небяспечных умовах, лічыць рэспубліканец. У расследаванні таксама гаворыцца, што першы выпадак заражэння каронавірусам быў зафіксаваны ў верасні 2019 года, а не ў лістападзе.
Макол заклікаў увесці новыя санкцыі ў дачыненні да Інстытута вірусалогіі ва Ухані і да прадстаўнікоў кітайскай кампартыі, якія, як сцвярджаецца, перашкаджалі барацьбе з пандэміяй.
У траўні прэзідэнт ЗША Джо Байдэн звярнуўся да выведкі па даныя аб паходжанні COVID-19. Байдэн даў тры месяцы на тое, каб атрымаць даныя пра ролю кітайскай лабараторыі ў паходжанні віруса.
На пачатку 2021 года ва Ухань прыехалі эксперты Сусветнай арганізацыі здароўя. Яны правялі расследаванне і прыйшлі да высновы, што найбольш верагодная версія з'яўлення COVID-19 — гэта перадача ад жывёлы да чалавека.
Пекін абверг усе абвінавачанні ва ўтойванні інфармацыі пра каронавірус і ў яго лабараторным паходжанні і адмовіўся ўдзельнічаць у дадатковых расследаваннях Сусветнай арганізацыі здароўя.
Ад пачатку пандэміі каронавіруса ў свеце захварэлі амаль 200 мільёнаў чалавек. Памерлі больш за чатыры мільёны.