Што задумаў Саакашвілі?

24 ліпеня экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі стварыў у Кіеве «Штаб вызвалення Грузіі». У штаб акрамя яго ўвайшлі дэпутаты ад партыі «Нацыянальны рух», а таксама шэраг былых чыноўнікаў ягонай адміністрацыі.



misha_saakashvili.jpg

 24 ліпеня экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі стварыў у Кіеве «Штаб вызвалення Грузіі». У штаб акрамя яго ўвайшлі дэпутаты ад партыі «Нацыянальны рух», а таксама шэраг былых чыноўнікаў ягонай адміністрацыі.

Неабходнасць стварэння штабу, па словах яго аўтараў, звязаная з відавочнымі геапалітычнымі праваламі новага рэжыму ў Тбілісі. Нагадаем, што цяпер усе галіны грузінскай улады сканцэнтраваныя ў руках партыі «Грузінская мара», нефармальным патронам якой ёсць алігарх Іванішвілі.

Як лічаць у штабе, каманда Іванішвілі цягне Грузію да страты суверэнітэту. І першым крокам у гэтым накірунку стала здрада Украіне. Новы грузінскі ўрад трымаецца нейтралітэту ва ўкраінскім пытанні. «Нягледзячы на тое, што ва Украіне адбываюцца вельмі цяжкія падзеі, у адносінах з Расіяй Грузія павінна быць «арыентавана на ўласныя інтарэсы», — заявіў прэм’ер краіны Іраклій Гарыбашвілі. Такім чынам, на думку нацыяналаў (так часта называюць прыхільнікаў апазіцыі), быў разбураны адзіны антырасійскі фронт, які доўга будавалі Тбілісі і Кіеў.

Па-другое, дыстанцыя ад украінскага канфлікту яшчэ больш аддаляе тэрмін рэінтэграцыі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Грузія мела шанс аб’яднаць абхазскае і асецінскае пытанне ў міжнародным прававым кантэксце з актуальнай для Захаду праблемай Крыму, аднак чамусьці гэтага не зрабіла.

Нарэшце, па словах атачэння Саакашвілі, у Крамлі даўно існуе план акупацыі Грузіі, першай фазай рэалізацыі якога ёсць стварэнне ў грузінскім грамадстве ілюзіі міралюбнасці Масквы. Адсюль спакойнае стаўленне Масквы да нядаўняга падпісання Грузіяй дамовы пра Асацыяцыю з ЕС. «Расія рана ці позна абавязкова зоймецца Грузіяй, але, на жаль, пазіцыя нашага ўраду спрыяе таму, што да таго часу мы апынемся ўжо без належнай падтрымкі міжнароднай супольнасці», — кажа адзін з прыхільнікаў Саакашвілі.

Выратаваць Грузію ад пераходу пад маскоўскі пратэктарат Саакашвілі збіраецца далёка не парламенцкімі сродкамі. Польская прэса са спасылкай на грузінскія крыніцы піша пра планы арганізаваць грузінскі Майдан. А расійская «Независимая газета» адзначае, што мэта «штаба» — палітычная актывізацыя ў Грузіі ўжо ўвосень гэтага года».

З часоў прэзідэнцтва Юшчанкі Украіну і Грузію звязваюць асаблівыя, вельмі цёплыя адносіны. Кіеў і Тбілісі нават намагаліся стварыць альтэрнатыву СНД. Партнёрства паміж краінамі захавалася і ў часы Януковіча. Аднак цяпер у ім намеціліся відавочныя расколіны. Немагчыма ўявіць, каб нейкая дзяржава давала пляцоўку для падрыхтоўкі перавароту на тэрыторыі краіны-саюзніцы. Адносіны паступова пагаршаюцца.

Прыкладам пагаршэння грузінска-ўкраінскіх адносін стаў нядаўні візіт у Грузію памочніка прэзідэнта Украіны, экс-міністра МУС Юрыя Луцэнкі, які прысутнічаў на пасяджэнні апеляцыйнага суду па справе свайго сябра, былога прэм’ера Вано Мерабішвілі. Раней Мерабішвілі быў прысуджаны да 5 гадоў турмы за розныя эканамічныя махінацыі. Пазней яго пакаралі яшчэ на 4,5 гадоў турмы за перавышэнне паўнамоцтваў пры жорсткім падаўленні мітынгу апазіцыі ў 2011 годзе.

Падчас працэсу прысутны ў зале Луцэнка дазволіў сабе шэраг эмацыйных каментараў на адрас суддзі. Ацэнку гэтым пасажам даў асабіста прэм’ер Грузіі Іраклій Гарыбашвілі. Па яго словах, «такія заявы катэгарычна непрымальныя. У Луцэнкі няма ніякіх правоў абражаць суддзю незалежнага суда суверэннай дзяржавы».

Яшчэ адной праявай антыўкраінскай лініі можна лічыць гісторыю вакол фестывалю «Казанціп», які штогод праходзіў у Крыме. Пасля анексіі Крыму мерапрыемства вырашылі перанесці ў Грузію. Аднак тут яго чакаў вельмі халодны прыём. Праваслаўныя актывісты пікетуюць пляцоўку фестывалю, а іх патрулі не даюць аўдыторыі распаволена адпачыць, напрыклад, забараняюць публічна цалавацца. Як пішуць у блогах, грузінскія ўлады заплюшчваюць вочы на ўчынкі прыхільнікаў праваслаўнай маралі. Арганізатары грузінскага «Казанціпу» ўжо падумваюць пра вяртанне ў Крым, што, безумоўна, з’яўляецца перамогай Расіі ў прапагандысцкай вайне з Украінай.

Увогуле, першай рэакцыяй грузінскіх уладаў на навіны пра планы «Штаба вызвалення Грузіі» стала інтэнсіўнае навешванне артыкулаў на экс-гаранта. Пракуратура капае пад Саакашвілі па шэрагу спраў: разгон апазіцыйнай акцыі ў лістападзе 2007-га, неправавы захоп тэлестудыі «Імедзі», перапісванне на сваё імя асабняка аднаго з памерлых грузінскіх алігархаў у Лондане. Як і трэба было чакаць, Саакашвілі не збіраецца супрацоўнічаць са следствам. На сваім акаўнце ў Фэйсбуку ён напісаў, што не верыць судовым і следчым органам Грузіі, а вярнуцца на радзіму плануе ў хуткім часе, «калі ў яго будзе патрэба».

Наколькі рэалістычна вяртанне Саакашвілі? Палітолагі крытычна ставяцца да такога сцэнару. Без падтрымкі Захаду новы Майдан у Тбілісі не мае шансаў. Аднак, калі меркаваць па большасці каментараў у заходняй прэсе, Саакашвілі ўспрымаюць як палітыка ўчорашняга дня. Як піша газета «Newland»: «Акрамя ўкраінскага «плацдарма», у Саакашвілі і нацыяналаў склаліся нядрэнныя адносіны з шэрагам еўрапейскіх палітыкаў з Народнай партыі (правацэнтрысцкае аб’яднанне партый Еўропы) і з некалькімі сенатарамі і кангрэсменамі, сярод іх самы вядомы Маккейн. Але, мабыць, гэта ўсё. Ці можна лічыць гэтую падтрымку звонку дастатковай для вяртання да ўлады ў Грузіі? Наўрад ці». Прынамсі, прэса Польшчы, МЗС якой, як вядома, актыўна сочыць за працэсамі ў краінах СНД, дае вельмі адмоўную ацэнку пражэктам Саакашвілі.

Таму дзейнасць Штабу ў Кіеве можна смела спісаць на падвышаную актыўнасць Саакашвілі. Праблема хіба ў тым, што актыўная гульня Саакашвілі ў Напалеона на Эльбе яўна спрыяе эрозіі грузінска-ўкраінскай Антанты, у якой былі практычныя напрацоўкі па стварэнні альтэрнатыўнага Маскве цэнтра каардынацыі краін СНД.