Стала вядома, чым падарвалі аўтамабіль Шарамета

На пасяджэнні Шаўчэнкаўскага суда Кіева па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета пракурор апублікаваў высновы выбухатэхнічнай экспертызы. Пра гэта паведамляе Укрінфарм.

630_360_1632234394_840.jpg


Устаноўлена, што маса выбуховага рэчыва ў трацілавым эквіваленце, якое выкарыстоўвалася пры выбуху аўтамабіля, складала 478,4 грама. Выбуховая прылада была напалову запоўненая выбуховым рэчывам.
Таксама эксперт улічыў таўшчыню пластыкавай аховы аўтамабіля, таўшчыню металу, вышыню магнітаў, адлегласць паміж зарадам выбуховага рэчыва і паверхняй, а таксама іншыя даныя, неабходныя для складання аб'ектыўнага заключэння.
Адвакат аднаго з абвінавачаных Станіслаў Кулік выказаў сумневы ў аб'ектыўнасці гэтага даследавання. Ён адзначыў, што ў яго "склалася ўражанне, што пракурор хоча даказаць, што нейкім чынам менавіта міна МОН-50 датычная да здзяйснення гэтага страшнага злачынства". Аднак, па словах абаронцы, эксперт не правёў дастатковых даследаванняў для таго, каб выключыць іншыя выбуховыя прылады.


Суд пасля гэтага далучыў да матэрыялаў справы адзін з дакументаў ад пракурора і адклаў разгляд справы на 27 верасня.
Нагадаем, 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева была падарваная машына кіраўніка інтэрнэт-выдання Украінская праўда Алены Прытулы, у якой знаходзіўся Павел Шарамет. Журналіст загінуў на месцы неўзабаве пасля выбуху.
Падазрэнне ў забойстве Шарамета  прад'яўлена тром асобам: ваеннай медсястры Яне Дугар, валанцёру і дзіцячаму сасудзістаму кардыяхірургу Юліі Кузьменка, а таксама музыканту і ветэрану АТА Андрэю Антоненку.
25 жніўня Шаўчэнкаўскі райсуд Кіева прыняў рашэнне, згодна з якім разгляд па сутнасці справы па абвінавачванні Антоненка, Дугар і Кузьменка ў датычнасці да забойства журналіста Паўла Шарамета будзе праводзіць суд прысяжных.
Зараз Кузьменка знаходзіцца пад начным хатнім арыштам, на Дугар ускладзеныя асабістыя абавязацельствы, а Антоненка больш за год утрымліваўся пад вартай, пасля чаго яму змянілі меру стрымання на хатні арышт.