У Кіеве палічылі інсінуацыямі заявы Лукашэнкі аб амерыканскіх базах ва Украіне

Аляксандр Лукашэнка ператварае сваю краіну ў ваенную базу РФ, паўтараючы наратывы Масквы аб ваенных базах ЗША і лагерах баевікоў на Украіне, заявіў афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных спраў Украіны Алег Нікаленка.

20200823_zaa_p133_059_pic905_895x505_93970.jpg

«У які раз сталі сведкамі беспадстаўных інсінуацый у адрас Украіны з боку Аляксандра Лукашэнкі. Відавочна, што Аляксандр Лукашэнка ўжо цалкам засвоіў шаблоны расійскай прапагандысцкай рыторыкі адносна пагрозаў з боку краін Захаду, і Украіны ў прыватнасці. Ён мэкае аб прывідных амерыканскіх базах і лагерах баевікоў у Украіне, паралельна ператвараючы суседнюю нам Беларусь у суцэльную ваенную базу Расіі», — сказаў Ніколенка агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» у панядзелак.
Ён адзначыў, што менавіта з боку Расійскай Федэрацыі сёння ідзе асноўная пагроза для Украіны, Беларусі і дружалюбнага Украіне беларускага народа.
«Захаваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, а не ператварыцца ў прыдатак Расіі — вось над чым варта на самай справе задумацца ў Мінску. Украіна ніколі не ўмешвалася і не будзе ўмешвацца ў справы суседняй Беларусі. Украіна таксама ніколі не будзе ствараць ніякіх пагроз для бяспекі беларускага народа. У той жа час мы ўсімі сіламі і сродкамі далей будзем абараняць сваю свабоду, незалежнасць і свабодны дэмакратычны выбар украінскага народа на карысць еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі», — заявіў Ніколенка.
Паводле яго слоў Украіна робіць гэта, таму што падзяляе еўрапейскія каштоўнасці. «Мы робім гэта не супраць кагосьці, а выключна таму, што бачым будучыню Украіны ў аб'яднанай сям'і свабодных еўрапейскіх народаў, дзе каштоўнасць жыцця, чалавечая годнасць і дэмакратычны выбар з'яўляюцца непарушнымі. І такая ж будучыня адпавядае інтарэсам Беларусі», — сказаў прадстаўнік МЗС Украіны.
Як паведамлялася, Лукашэнка на нарадзе з сілавым блокам у панядзелак у Мінску заявіў аб заклапочанасці Беларусі і РФ сітуацыяй на мяжы з Украінай. «Вы бачыце, яны туды, ва Украіну, цягнуць натаўскія войскі. Пад выглядам навучальных цэнтраў яны ствараюць фактычна базы. Базы Злучаныя Штаты ствараюць ва Украіне. Ясна, што нам трэба на гэта рэагаваць» , — цытуе Лукашэнку прэс-служба.
interfax.by