У Расіі падалі ў суд пазоў супраць Пуціна з-за засакрэчвання гібелі вайскоўцаў на Данбасе

Вярхоўны суд Расеі разгледзіць калектыўны пазоў адваката, старшыні фонду "Свабода інфармацыі" Івана Паўлава, расійскіх журналістаў і актывістаў да Уладзіміра Пуціна.



index37.jpg

Грамадзяне патрабуюць прызнаць незаконным ўказ прэзідэнта, якім ён засакрэціў страты асабовага складу расійскіх ваенных "у мірны час у перыяд правядзення спецыяльных аперацый", паведамляюць "Крым.Реалии".

На думку пазоўнікаў, з аднаго боку, указ накіраваны супраць расследаванняў гібелі расійскіх вайскоўцаў на Данбасе, з другога — закліканы адбіць у родных і блізкіх загінулых жаданне мець зносіны з журналістамі ці патрабаваць матэрыяльных кампенсацый у Міністэрстве абароны.

Пазоў у Вярхоўны суд быў пададзены ў пачатку чэрвеня, указ Пуціна, які ўносіць папраўкі ў закон 1995 года «Аб дзяржаўнай таямніцы", быў падпісаны 28 траўня. Адбылося гэта пасля таго, як адзін з пазоўнікаў — грамадскі актывіст Руслан Левіеў — адправіўся са сваім сябрам Вадзімам Каровіным у паездку па Расіі, каб знайсці магілы загінулых ва ўкраінскай "камандзіроўцы" расійскіх салдат. Левіеву і Каровіну ўдалося не толькі знайсці пахаванні, але і пагутарыць са сваякамі і мясцовымі жыхарамі, якія пацвердзілі, што пахаваныя людзі былі кадравымі вайскоўцамі і загінулі "ў баі". Магілы былі свежымі, па дадзеных актывістаў, пахаваныя ў іх ваенныя загінулі 4 і 5 траўня.

У якасці пазоўнікаў у справе акрамя Паўлава і Левіева выступаюць ваенны журналіст Аркадзь Бабчанка, аўтар рэпартажаў з Данбаса для тэлеканала "Дождж" Цімур Олеўскі, рэпарцёр "Новай газеты" Павел Каныгін, журналіст і былы палітвязень Рыгор Пасько, а таксама пскоўскі дэпутат Леў Шлосберг, ён быў адным з першых у Расіі, хто паведаміў пра пахаванне ў Расіі дэсантнікаў, якія загінулі ва Украіне, ды іншыя.