Украінскі дэпутат: Літва рэзка павялічыла спажыванне электрычнасці з БелАЭС, супраць якой змагаецца

Літва рэзка павялічыла спажыванне электрычнасці з БелАЭС. Пра гэта паведаміў дэпутат Вярхоўнай рады ад кіруючай партыі «Слуга народа» Андрэй Герус. Адпаведны запіс ён размясціў на сваёй старонцы ў Facebook, паведамляе газета «Белорусы и рынок».

belaes_0.jpg

У сакавіку прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікаў украінскія ўлады не купляць электраэнэргію з БелАЭС. У траўні імпарт электрычнасці з Беларусі быў забаронены і гэта абмежаванне дзейнічае дагэтуль.

"Аднак сама Літва не стала забараняць пастаўкі беларускай электраэнергіі. Хоць па дакументах іх афармляюць як імпарт праз Латвію, фізічна ў Літву заходзіць электраэнергія з Беларусі, а міністр энергетыкі Літвы нават прызнаваў публічна, што краіна спажывае электрычнасць з беларускай АЭС", — напісаў Герус.

Дэпутат адзначыў, што пасля завяршэння рамонту ў пачатку кастрычніка ў сетку быў паўторна ўключаны першы блок БелАЭС, 12 кастрычніка ён выйшаў на магутнасць — 1170 МВт. З 4 кастрычніка пачаўся рэзкі рост адтоку электраэнергіі ў Літву.

"Калі ў верасні пастаўкі былі на ўзроўні 100-300 МВт на гадзіну, то ў другой палове кастрычніка выйшлі на ўзровень больш за 500 МВт на гадзіну. А 19 кастрычніка быў максімальны паказчык за апошнія паўгода — 814 МВт на гадзіну беларускай электраэнергіі заходзіла ў Літву. Відавочна, што і цяпер значныя аб'ёмы электраэнергіі ў Літву паступаюць з БелАЭС, супраць якой змагаецца Літва", — адзначыў дэпутат.

"Пасля забароны імпарту беларускай электраэнергіі на Украіну, балтыйскі рынак стаў адзіным рынкам для Беларусі. Гэта, мабыць, узмацніла перамоўную пазіцыю пакупнікоў і па цане для краін Балтыі. Добры павучальны кейс пра вельмі прагматычную палітыку дзеля сваіх нацыянальных эканамічных інтарэсаў", — сказаў на заканчэнне дэпутат.