Узлёт і калапс адной інтэграцыі

Роўна 60 гадоў таму скончылася крахам спроба інтэграцыі Егіпта і Сірыі ў рамках адной саюзнай дзяржавы — Аб’яднанай Арабскай Рэспублікі (ААР).

1964 год. Першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў і прэзідэнт ОАР Гамаль Абдэль Насэр (с) Васіль Ягораў / ТАСС

1964 год. Першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў і прэзідэнт ОАР Гамаль Абдэль Насэр (с) Васіль Ягораў / ТАСС

Арабская айкумена — гэта, безумоўна, феномен. З-за розных калізій гісторыі арабы, нягледзячы на агульную мову і рэлігію, жывуць у розных дзяржавах з рознымі палітычным ладам. Не дзіўна, што аднойчы з’явіліся людзі, якія лічылі такую фрагментацыю памылкай, якую трэба выправіць. Так паўстаў палітычны напрамак «панарабізм» — ідэя інтэграцыі арабаў у межах адной дзяржавы.
Вытокі панарабізму часта прыпісваюць некаторым інтэлектуалам пачатку ХХ стагоддзя. Яны пісалі, што арабамоўныя рэгіёны ад Магрыба да Персідскай затокі складаюць адзіны народ з агульнай нацыянальнай свядомасцю і мовай. У якасці палітычнага праекта панарабізм упершыню быў агучаны арабскімі правадырамі, якія дамагаліся незалежнасці ад Асманскай імперыі.
Але рэальны шанец для запуску арабскай інтэграцыі нечакана паўстаў у 1950-я гады, калі да ўлады ў Егіпце прыйшоў Абдэль Насэр — палымяны прыхільнік адзінства арабаў. Зрэшты, непасрэдна ініцыятыва стварэння арабскай дзяржавы належыць не яму. Аўтарамі праекту была частка сірыйскай эліты, якая жудасна баялася прыходу да ўлады мясцовых камуністаў. Баялася настолькі, што была гатовая ахвяраваць суверэнітэтам. Ім падавалася, што саюз дзяржаў на чале з папулярным сярод сірыйцаў Насэрам можа дапамагчы захаваць уладу. Каір быў не супраць, хоць першапачаткова там спадзяваліся ў лепшым выпадку хіба што на федэрацыю.
Працэс інтэграцыі пайшоў, прычым такімі хуткімі тэмпамі, якія нават не сніліся аўтарам ідэі Саюзнай дзяржавы. Першыя пагадненні аб стварэнні панарабскай дзяржавы былі падпісаныя 1 лютага 1958 года. А ўжо 21 лютага ў Егіпце і Сірыі прайшлі рэферэндумы аб аб’яднанні краін у адзіную дзяржаву пад кіраўніцтвам Насэра. Нарэшце, 22 лютага 1958 года быў падпісаны Акт аб аб’яднанні. У ім асобна было прапісана, што ААР адкрытая для далучэння іншых арабскіх дзяржаў.
Наколькі хутка было аформлена стварэнне ААР, настолькі хутка праект пачаў губляць папулярнасць. Прыхільнікі саюза ў Сірыі лічылі, што Насэр будзе выкарыстоўваць іх для кіравання краінай. Аднак той не імкнуўся да кампрамісаў, і хуценька аформіў Канстытуцыю новай дзяржавы, якая замацоўвала дамінацыю Каіра ў новым саюзе. Так, саюзны парламент складаўся з 400 егіпцянаў і 200 сірыйцаў.
Адначасова егіпецкія чыноўнікі акупавалі сірыйскі дзяржапарат. У сірыйскім міністэрстве прамысловасці сем з трынаццаці вядучых пасад дасталіся егіпцянам. Такі ж працэс назіраўся і ў афіцэрскім корпусе.
Усё гэта адбывалася на фоне беспрэцэдэнтнай хвалі нацыяналізацыі. Дарэчы, Насэр запусціў яе зусім без кансультацый з сірыйскімі эканамічнымі чыноўнікамі. Пад кантроль дзяржавы перайшлі ўсе банкі, экспартныя кампаніі і вялікія прадпрыемствы. Шматлікім сірыйцам такія мерапрыемствы, — да таго ж, прадыктаваныя з-за мяжы — не падабаліся. Не былі яны ў захапленні і ад забароны ўсіх сірыйскіх палітычных партый. Замест гэтых структур, згодна інструкцыям з Каіра, паўстала адзіная ў Сірыі партыя, выбары кіраўніцтва якой тут жа былі сфальсіфікаваныя.
Ужо да пачатку 1960-х у краіне ўзнік масавы рух за вяртанне незалежнасці. Пры гэтым засілле егіпцян у дзяржаўных установах выклікала такую забаўную для сучаснікаў з’яву, як дынамічнае фармаванне сірыйскай нацыянальнай свядомасці. «Як толькі сірыйцы страцілі сваю незалежнасць, яны раптам усвядомілі, што сапраўды валодалі іншай нацыянальнай ідэнтычнасцю, чым егіпцяне», — піша адзін з сучасных гісторыкаў.
Нацыянальны дыскамфорт ствараў глебу для палітычных змоў. Перыядычна падпольныя партыі праводзілі вулічныя дэманстрацыі супраць узмацнення егіпецкага кантролю. У казармах набыла папулярнасць ідэя перавароту.
Як не смешна, рэалізацыі гэтага плана дапамог сам Насэр. Увосень 1961-га ён вырашыў канчаткова падпарадкаваць сабе мясцовую адміністрацыю. Аднак яго кандыдатура на пасаду кіраўніка не спадабалася частцы мясцовых сілавікоў. Пачалося супрацьстаянне, падчас якога антаганісты нават выдавалі загады аб арышце апанентаў. Хаосам у вертыкалі вырашылі скарыстацца афіцэры-змоўшчыкі.
28 верасня 1961 года ў 4 гадзіны раніцы бранетанкавая калона паўстанцаў увайшла ў Дамаск і злучылася з войскамі мясцовага гарнізона. Быў захоплены штаб арміі, радыёстанцыя і аэрапорт. Камандуючыя сірыйскай арміяй былі арыштаваныя, а кіраўнік адміністрацыі — змешчаны пад хатні арышт.
Тым не менш, путчысты пагадзіліся на перамовы, што пакідала надзею на захаванне ААР у нейкім новым фармаце. Аднак тут умяшаўся Насэр са сваімі салдацкімі забабонамі. Ён адмовіўся весці перамовы і заклікаў узброеныя сілы Егіпта выканаць свой абавязак — разграміць паўстанцаў.
Паколькі ў Егіпта і Сірыі не было сухапутнай мяжы, паветрана-дэсантным і некаторым марскім войскам было загадана адправіцца на ваенныя базы каля Латакіі. Пагроза дэсанта яшчэ больш натхніла сірыйцаў. Незадоўга да таго, як егіпецкія войскі дасягнулі тых баз, яны былі захопленыя. 200 егіпецкіх дэсантнікаў, што высадзіліся ў Латакіі, былі аточаныя і вымушаныя вярнуцца.
Аднак канчатковыя мэты бунту ўсё роўна заставаліся незразумелымі. Таму ўвечары 28 верасня шматлікія сірыйцы чакалі заканчэння перадач афіцыйнага «Радыё Дамаск», якія традыцыйна сканчваліся трансляцыяй гімна. Апоўначы на 29 верасня ў эфіры замест гімну ААР прагучаў стары гімн Сірыі. Стала зразумела, што паўстанцы абралі незалежнасць. Праз пару дзён Насэр адмяніў вайсковую аперацыю. Нарэшце, 2 лістапада ўсе егіпецкія афіцэры і салдаты пакінулі Сірыю.
Зрэшты, ААР афіцыйна існавала як унітарная егіпецкая дзяржава да канца жыцця Насэра. Толькі 2 верасня 1971 года — праз год пасля яго смерці — краіна была перайменаваная ў Арабскую Рэспубліку Егіпет.