Войскі Расіі ля межаў Украіны — добра, калі гэта толькі шантаж...

Ці ёсць шанец, што перакідка расійскіх вайскоўцаў да мяжы з Украінай — гэта шантаж? Такі шанец ёсць, але невялікі, лічыць Іван Праабражэнскі на www.dw.com. Рызыка аднаўлення ваенных дзеянняў вышэйшая.

Усход Украіны, Луганская вобласць

Усход Украіны, Луганская вобласць

Расія працягвае канцэнтраваць войскі на мяжы з Украінай, а таксама ў Крыме. Кіраўнік расійскага ваеннага ведамства Сяргей Шайгу афіцыйна патлумачыў гэтыя манеўры «кантрольнымі праверкамі». Але пераканаўча яго заява не выглядае. Рызыка прамога і адкрытага канфлікту Расіі з Украінай відавочна захоўваецца.

Мабілізацыя або праверкі боегатоўнасці войск РФ?

Апошнія паўтара месяца расійскія ўлады запэўнівалі, што маштабнага перакідання войск няма, у той жа час, на ўсе пытанні замежных палітыкаў і дыпламатаў Крэмль адказваў, што мае права перадыслакаваць войскі на сваёй тэрыторыі. Заходнім лідарам прапаноўвалася не турбавацца наконт «мірнай» Расіі, а лепш націснуць на Украіну, якая нібыта і «падпальвае» Данбас.

Цяпер міністр абароны РФ Сяргей Шайгу прызнаў перадыслакацыю, патлумачыўшы яе вучэннямі і праверкамі. Сапраўды, праверкі боегатоўнасці ідуць зусім не толькі па мяжы з Украінай, але і ў глыбіні расійскай тэрыторыі. Напрыклад, у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння.

Толькі выглядае гэта хутчэй як сігнал НАТА і іншым сілам, якія маглі б умяшацца ў верагодны канфлікт. Маўляў, Расія гатовая абараняць свае інтарэсы, у тым ліку ва Украіне, любымі сродкамі — не лезьце!

Пры гэтым версія Шайгу не тлумачыць, чаму перакідванне войск ідзе да межаў Украіны, напрыклад, з Пскоўскай і Кемераўскай абласцей (!). Відавочна, што гэта не вучэнні войск Паўднёвай федэральнай акругі. Выглядае так, быццам Крэмль бярэ Украіну ў абцугі з поўдня і ўсходу.

Мяркуючы па рэакцыі фінансавых рынкаў, так ацэньваюць гэта і інвестары. Курс рубля пайшоў уніз. Тое, што адбываецца, — яшчэ не абвал. Але адчувальнае зніжэнне відавочна выклікана палітыкай, а не эканомікай, дзе няма прыкметных змен. Рэакцыя фінансістаў зразумелая. Вайна для Расіі значыць новыя выдаткі і санкцыі. Але Крэмль дае зразумець, што не надта іх баіцца.

Калі не вучэнні — значыць, вайна?

Ці азначае гэта, што вайна непазбежная? Пакуль адказ хутчэй: «Не». Упэўнена можна казаць толькі пра шантаж.

Перакідванне войск пакуль выглядае хаатычна і ў адзіную стратэгію не складваецца. Расійскія падраздзяленні не падыходзяць ўшчыльную да межаў Украіны. Надвор'е таксама не падыходзіць для вялікага наступу. Калі Расія і рыхтуецца адкрыта ўвесці войскі на ўкраінскую тэрыторыю, напрыклад, пад выглядам міратворчай аперацыі, то не раней за травень 2021 года.

Не варта забываць пра штогадовае пасланне Пуціна, прызначанае на 21 красавіка. Бюракратычная традыцыя мае на ўвазе, што прэзідэнт у Пасланні задае кірункі на будучыню. Гэта значыць, Пуцін можа пазначыць мэты Крамля ва Украіне. Але фармат паслання ніяк не падыходзіць для тлумачэння таго, чаму раптам расійскія войскі аказаліся ў Данбасе, ці, напрыклад, у Адэсе або Харкаве.

Нарэшце, у заявах Крамля па Украіне ёсць тры ключавыя тэмы. Першая — рызыка аднаўлення «грамадзянскай вайны». Другая — «падбухторванне» Кіева з боку ЗША. Трэцяя — зрыў перамоў па мінскіх пагадненнях. Апошні пункт дае надзею на тое, што аднаўленне гэтых перамоў у Мінску (ад якіх сапраўды ухіляецца цяпер украінскі бок, які заявіў, што ў яго няма даверу да Беларусі, якая знаходзіцца цяпер пад уплывам РФ) можа прадухіліць развязванне новай вайны. І тады шантаж — гэта менавіта тая мэта, якую мог бы пераследаваць Крэмль.

 

Стратэгічны праект Пуціна?

Не варта, зрэшты, і супакойваць сябе. Канцэнтрацыя расійскіх войск на мяжы з Украінай дасягнула маштабаў 2015 года. Такія маштабныя «вучэнні» і «праверкі» — гэта, банальна, вельмі дорага. На такія выдаткі проста так не ідуць.

Акрамя таго, у ЗША змяніўся прэзідэнт, і Крэмль відавочна хоча праверыць Джо Байдэна на трываласць. Украіна, на думку расійскага кіраўніцтва, у сваіх дзеяннях не з'яўляецца самастойнай. Ёй адведзеная роля поля бітвы з амерыканцамі. У той жа час Сяргей Лаўроў кажа пра разбурэнне даверу з Еўрасаюзам, бо гэта ён дапамог заключыць мінскія пагадненні.

Пазначаныя і апетыты Крамля. Кіраўніцтва марыянеткавай «ДНР» пагражае, у выпадку вайны, не спыняцца на цяперашніх раздзяляльных лініях, а некаторыя расійскія вайсковыя аналітыкі прагназуюць, што калі вайна ўсё ж пачнецца, то гаворка можа пайсці пра Прыморскую частку Украіны, уключаючы Адэсу, ці нават пра левабярэжную Украіну.

Да вайны могуць падштурхнуць і ўнутраныя фактары. У Расіі растуць цэны на прадукты харчавання, падае ўзровень даходаў насельніцтва. Паралельна Крэмль не можа выблытацца з сітуацыі з Аляксеем Навальным, а рэйтынгі прэзідэнта і яго кішэннай партыі «Адзіная Расіі» паступова падаюць. Маленькая пераможная вайна ўсё спіша.

Нарэшце, гэта можа быць не тактычны, а стратэгічны праект асабіста Пуціна. Ён якраз завяршыў спецаперацыю па абнуленні сваіх прэзідэнцкіх тэрмінаў. У тэорыі, можа кіраваць краінай да 2036 года. А раптам усё гэта было трэба, каб нарэшце атрымаць свабоду, мабілізаваць краіну і ўвайсці ў гісторыю як «уз'яднальнік» Расіі і Украіны?

www.dw.com. Пераклад НЧ