«З жахам глядзім, як нашых калег прымушаюць маўчаць або знікаць з краіны». Шведскія калегі падтрымалі СБП

З’явілася афіцыйная заява «Шведскага саюза пісьменнікаў» у абарону «Саюза беларускіх пісьменнікаў». Яна была апублікаваная 18 жніўня, паведамляе «Радыё Рацыя».

sbp_i_szvedy.jpg

«Беларускія ўлады працягваюць сістэматычныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці краіны, — гаворыцца ў заяве «Шведскага саюза пісьменнікаў». — На дадзеным этапе пастаянна ліквідуюцца недзяржаўныя арганізацыі. Праваабарончыя НДА, "Беларуская асацыяцыя журналістаў", "Беларускі ПЭН-цэнтр" ужо зазналі рэпрэсіі з боку ўлад. Цяпер прыйшла чарга "Саюза беларускіх пісьменнікаў". Незалежная пісьменніцкая арганізацыя 17 жніўня атрымала ліст ад Вярхоўнага суда. У ім сказана, што 24 жніўня суд пачне справу па пытанні ліквідацыі "Саюза беларускіх пісьменнікаў" як юрыдычнай асобы. Запыт на ліквідацыю паступіў з Міністэрства юстыцыі. 

"Шведскі саюз пісьменнікаў" разам са сваімі сябрамі з партнёрскай пісьменніцкай арганізацыі змагаецца за свабоду слова і правы чалавека».

 «Мы з жахам глядзім на тое, як усё большую і большую колькасць нашых калег прымушаюць маўчаць альбо знікаць з краіны. Мы патрабуем неадкладна спыніць усе формы пераследу СБП, усіх пісьменнікаў, усіх беларусаў, якія абараняюць дэмакратыю ў краіне», — кажа Грэта Ротбёль, старшыня «Шведскага саюза пісьменнікаў».